Каханне ў 3D

Францыя, 2015г., 134 хв

Рэжысёр

Гаспар Наэ

Раніца 1 студзеня. Званiць тэлефон. Мёрфі прачынаецца побач з маладой жонкай і іх двухгадовым дзіцём. Ён чуе паведамленне галасавой пошты: маці яго былой дзяўчыны Электры не ў сабе ад турботы, яна спрабуе высветліць, ці чуў ён штонебудзь пра яе дачку. Электра даўно знікла, і маці баіцца, што з ёй штосьці здарылася. Бясконца дажджлівы дзень Мёрфі праводзіць у адзіноце ў сваёй кватэры – ён узгадвае пра найвялікшае каханне яго жыцця, пра яго адносіны з Электрай. Пра гарачы запал, поўны абяцанняў, гульняў, крайнасцяў і памылак.

Гаспар Наэ пра фiльм:
«На працягу многіх год я марыў зрабіць фільм, які б у поўнай меры паказаў запал маладой закаханай пары, ва ўсіх яе фізічных і эмацыйных крайнасцях. Зыходнай ідэяй было паказаць жарсць у яе прыродным выглядзе – жывёльную, гуллівую, радасную, поўную слёз. У адрозненне ад маіх папярэдніх фільмаў, у гэтым разе гаворка ідзе выключна пра сентыментальнае насiлле і любоўны экстаз. «Каханне ў 3d» бліжэй усяго да таго, што я ведаю пра быццё, і самы меланхалічны з усіх маіх фільмаў. Магчымасць падзяліцца гэтай галерэяй радасцяў і захапленняў, няшчасных выпадкаў і памылак – велізарнае задавальненне».

ЎЗНАГАРОДЫ
2015 Сусветная прэм’ера ў рамках секцыі «Паўночныя паказы» на Канскім МКФ (Францыя)
ПРА РЭЖЫСЁРА
Гаспар Наэ - 1

Гаспар Наэ

Франка-аргенцінскі кінарэжысёр, сын вядомага аргенцінскага мастака Луіса Феліпэ Наэ. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Буэнас-Айрэсе. Скончыў Каледж Луі Люм’ера. Пазней ён сцвярджаў, што тое, што ва ўзросце сямі гадоў ён убачыў фільм «2001: Касмічная адысея», змяніла яго жыццё, і без гэтага досведу ён бы ніколі не стаў рэжысёрам. Зараз працуе ў Францыі.