FAQ. Конкурс нацыянальных кінашкол
1 Што такое конкурс нацыянальных кінашкол?
Гэта конкурс дакументальных фільмаў, створаных студэнтамі падчас навучання ў кінашколах. Прымаюцца фільмы, знятыя ў кінашколе за апошнія два навучальныя гады, у тым лiку дыпломныя працы.
2 Значыць, падаць заяўку на ўдзел можа толькі кінашкола?
Не, заяўку можа падаць і сам аўтар фільма. Дастаткова запоўніць форму.
3 А калі мой фільм не ўдзельнічаў у іншых кінафестывалях і не атрымаў прызоў, я магу падаць заяўку?
Так, вядома. Але ёсць нюанс: калі вы з Беларусі, то фільм, які вы падаяце на конкурс нацыянальных кінашкол, не павінен перш удзельнічаць у іншых беларускіх кінафестывалях, паказвацца ў кінатэатрах і на ТБ. Удзел у конкурсах ММКФ "Лістапад" прадугледжвае нацыянальную прэм'еру фільма. Гэта значыць, што ў рамках ММКФ "Лістапад" фільм павінен упершыню публічна паказвацца ў Беларусі.
4 А калі мой фільм выкладзены на YouTube ці ў сацыяльных сетках?
На жаль, у такім выпадку ён не зможа ўдзельнічаць у конкурсе нацыянальных кінашкол.
5 Удакладню. То бок калі мой студэнцкі фільм ужо ўдзельнічаў у замежных кінафестывалях, але не ўдзельнічаў у беларускіх і не паказваўся па ТБ, ён не выкладзены ў інтэрнэт, то ён можа прыняць удзел у конкурсе нацыянальных кінашкол?
Менавіта так. Калі гэта дакументальны фільм апошніх двух гадоў.
6 Мой фільм дакументальны, але ў ім ёсць і пастановачныя сцэны, і анімацыя, і яшчэ я эксперыментую з відэаартам. Я магу падаць яго?
Так, вядома. Мы прымаем дакументальныя фільмы ўсіх жанраў і накірункаў, ад чыстай дакументалістыкі да анімадока і докуфікшна. Мы вітаем эксперыментальныя працы і фільмы на стыку жанраў і формаў. Калі ваш фільм задавальняе патрабаванні нашага рэгламенту (гл. ранейшыя адказы), ён можа ўдзельнічаць у конкурсе.
7 Я студэнт і здымаю фільмы, але вучуся не ў кінашколе, а ў іншай навучальнай установе, не звязанай з кіно. Я магу падаць заяўку?
На жаль, не. Калі вы з Беларусі, паспрабуйце падаць заяўку ў Нацыянальны конкурс.
8 Я даўно выйшаў з студэнцкага ўзросту, але цяпер атрымліваю новую адукацыю, перавучваюся на кінематаграфіста на факультэце перападрыхтоўкі і здымаю фільм. Я магу ўдзельнічаць?
Так, калі ваш фільм адпавядае рэгламенту.
9 А калі я вучуся ў недзяржаўнай кінашколе, мой фільм можа ўдзельнічаць?
Так, калі ён адпавядае рэгламенту.
10 На якую ўзнагароду я магу разлічваць?
У конкурсе нацыянальных кінашкол традыцыйна ўручаецца прыз "за лепшы фільм" і, як правіла, некалькі дыпломаў па рашэнні міжнароднага журы. На XXVII ММКФ "Лістапад" упершыню будзе ўручана ўзнагарода і кінашколе – за лепшую праграму фільмаў.
11 Для чаго ўвогуле ўдзельнічаць у конкурсе нацыянальных кінашкол?
Каб паглядзець добрае кіно, пазнаёміцца з калегамі, падзяліцца вопытам, даведацца, як вучаць здымаць кіно ў кінашколах іншых краін, паказаць свой фільм прафесіяналам і атрымаць ад іх кампетэнтны водгук. На тры дні конкурсу мы запрашаем усіх аўтараў фільмаў і іх педагогаў. Вы знойдзеце аднадумцаў, калег і будучых суаўтараў для працы ў вялікім кіно. Поспехаў!