20-ы Фестываль распачнецца фільмам пра Сяргея Параджанава

Сусветная прэм’ера фільма адбылася летам 2013 года ў афіцыйнай праграме 48-га кінафестывалю ў Карлавых Варах (Чэхія). На Адэскім міжнародным кінафестывалі карціна была ўганараваная прызам “Залаты ДЗЮК” за Найлепшы ўкраінскі поўнаметражны фільм (2013).

Стужка з’яўляецца вынікам сумеснай працы кінематаграфістаў Украіны, Грузіі, Арменіі, Францыі. З гэтымі краінамі быў шчыльна звязаны лёс Сяргея Параджанава. «Лістападу» асабліва прыемна прадстаўляць у якасці фільма адкрыцця фестывалю і ўдзельніка асноўнай конкурснай праграмы кінагісторыю пра выбітнага рэжысёра постсавецкай прасторы, чые фільмы прызнаныя сусветнымі шэдэўрамі. Гэта цалкам адпавядае канцэпцыі ММКФ “Лістапад” – знаёміць беларускага гледача з найлепшым кіно, створаным у краінах былога сацыялістычнага блоку.

 Фільм распавядае пра няпросты жыццёвы і творчы шлях Майстра: вялікае кіно, канфлікт з савецкай таталітарнай сістэмай, турма, міжнароднае прызнанне…

Галоўныя ролі ў біяграфічным фільме выконваюць сябра Параджанава, французскі акцёр армянскага паходжання, уладальнік “Залатой пальмавай галінкі” за найлепшы кароткаметражны фільм (анімацыйны фільм “Сабачыя гісторыі”, 2010) Серж Аведзікян і расійская актрыса Юлія Перасільд, якая здымалася ў Аляксея Учыцеля, Кірыла Сярэбранікава, Сяргея Лазніцы.

Сяргей Параджанаў знакаміты сваёй адметнай вобразнай сістэмай у кіно, поўнай сімвалаў і метафар. Ён аўтар вядомых фільмаў, якія сталі класікай сусветнага кінематографа: “Цені забытых продкаў” (1964), “Колер граната” (1969), “Легенда пра Сурамскую крэпасць” (1984), “Ашык-Керыб” (1988) ды інш.

Фільм "Параджанаў" будзе дэманстравацца пасля цырымоніі адкрыцця 20-га ММКФ "Лістапад" адначасова на дзвюх пляцоўках: малая зала Палаца Рэспублікі і кінатэатр "Цэнтральны". Час паказаў удакладняецца.

Арганізатар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”— Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”.  

Заснавальнікі Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лiстапад» — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», «Беларускага саюза кінематаграфістаў».