З новым слоганам стартуе 1 лістапада юбілейны ХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад»

«In kino veritas» «Ісціна ў кіно» — сцвярджае слоган фестываля гэтага года. Ён абыгрывае вядомы лацінскі выраз і абяцае не толькі выдатны, святочны настрой. Кіно – гэта ўнікальны вопыт пошуку ісціны, адказаў на складаныя пытанні і часта невырашальныя жыццёвыя супярэчнасці.

Конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы «Лістапада» традыцыйна старанна падабраныя і зацікавяць нават самых патрабавальных кінагледачоў. Найепшыя фестывальныя фільмы апошніх двух гадоў, дакументальныя стужкі, якія атрымалі міжнароднае прызнанне, рэжысерскія дэбюты, самыя добрыя дзіцячыя фільмы і класіка сусветнага кіно — гэта «Лістапад-2013».

Фестывальныя паказы пройдуць на 5 пляцоўках Мінска: кінатэатры «Цэнтральны», «Перамога», «Дом кіно», «Піянер», «Мір».

На кінафоруме будуць прадстаўлены фільмы ў трох секцыях: гульнявое кіно (асноўны конкурс і конкурс першых фільмаў «Маладосць на маршы»), дакументальнае кіно (асноўны конкурс і конкурс нацыянальных кінашкол), конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лiстападзiк».

У 2012 годзе ў праграмах «Лiстапада» бралі ўдзел фільмы з 35 краін блізкага і далёкага замежжа — ад Канады да Аўстраліі.

Журы Фестываля — вядомыя ў краінах СНД і Еўропе дзеячы кіно. У розныя гады журы асноўнага конкурса «Лістапада» ўзначальвалі рэжысеры Андрэй Звягінцаў, Актан Арын Кубат, Шарунас Бартас, Павел Чухрай, Дзмітрый Месхіеў, Святлана Дружыніна ды іншыя.

Падрабязная праграма юбілейнага ХХ Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад», а таксама інфармацыя пра журы і ганаровых гасцей Форума ў хуткім часе з’явяцца на сайце www.listapad.com. Сачыце за навінамі кінафестываля!

 

Заснавальнікі Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лiстапад» — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», «Беларускага саюза кінематаграфістаў».