На адкрыццё «Лістападзіка» прыедзе дэлегацыя мульцяшак з іншых краін

Адкрыццё конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» у рамках 20-га юбілейнага кінафестывалю «Лістапад» адбудзецца
2 лістапада 2013 года
ў кінатэатры «Піянер»
а 10-ай гадзіне.
Цырымонія адкрыцця «Лістападзіка» будзе прысвечана беларускай анімацыі.
– Пачнецца ўсё з відэазвароту мультыплікатара, – распавядае рэжысёр цырымоній адкрыцця і закрыцця «Лістападзіка»Аляксей Крывёнак. – Вядучымі сёлета будуць два персанажы – Лістападзік і дзяўчынка Жэня, гераіня беларускага мультфільма «Пра дзяўчынку Жэню» рэжысёра-аніматара Таццяны Жыткоўскай. Вялікім сюрпрызам для дзяцей стане прыбыццё дэлегацыі мультыплікацыйных герояў з іншых краін.
Уступнае слова скажа старшыня журы конкурсу дзіцячых і юнацкіх фільмаў «Лістападзік» Галіна Данэлія. Адразу пасля цырымоніі адкрыцця адбудзецца паказ фільма адкрыцця, ім ў гэтым годзе стане беларуская карціна «Кіндэрвілейскі прывід»Алены Туравай.
У конкурсе «Лістападзіка-2013» возьмуць удзел 8 фільмаў: «Кіндэрвілейскі прывід» Алены Туравай (Белаурсь), «Каваль з Падлесся» Паўла Гобля (Чэхія-Славакія), «Грандыёзнае птушынае спаборніцтва» Хрысціяна Дзюэкера (Данія), «Тайна Ягора»Аляксандры Ярафеевай (Расія), «Таямнічы хлопчык» Дражэна Жаркавіча (Славакія), «Клара і мядзвежыя таямніцы» Тобіяса Інайхена (Швейцарыя-Германія), «Мама, я цябе люблю» Яніса Нордса (Латвія-Літва), «Падарожжа Ігара і жураўлёў» Яўгена Румана (Ізраіль-Германія-Польшча), «Не чакай пахвал» Яна Цзіня (Кітай-Паўднёвая Карэя). Усе фільмы разлічаныя на сямейны прагляд.
Таксама ў рамках «Лістападзіка» пройдуць пазаконкурсныя паказы. Асобная праграма прысвечаная мультфільмам беларускіх кінематаграфістаў.
Закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў «Лістападзіка» адбудзецца ў кінатэатры «Піянер» 5 лістапада а 12-й гадзіне.