Ад Беларусі ў асноўным конкурсе ігравога кіно "Лістапада" – фільм "Роля"

«Роля» з'яўляецца фільмам сумеснай вытворчасці кінакампаній 4 краін: «Пралайн Фільм» пры ўдзеле Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кінастудый «Ленфільм» і «Беларусьфільм», а таксама студыі  BUFO (Фінляндыя), SIGMA (Германія) і фонду Eurimages.   

У галоўнай ролі – вядомы расійскі акцёр Максім Суханаў. Таксама ў фільме задзейнічаныя прафесійныя і непрафесійныя расійскія і беларускія акцёры: Леанід Мазгавы, Анастасія Шэвелева, Марыя Ярвенхельмі, Эллі Нар'я, Ігар Галавін, Дзмітрый Сутырын, Юрый Іцкоў, Барыс Каморзін, Наталля Парашкіна, Тамара Міронава, Зінаіда Зубкова, Пётр Юрчанкаў-малодшы, Вячаслаў Паўлюць ды іншыя.

Прадзюсарам і кампазітарам фільма «Роля» з'яўляецца Андрэй Сігле, які працаваў з Аляксандрам Сакуравым на карцінах «Фаўст», «Сонца», «Аляксандра».

Дзеянне фільма адбываецца падчас і пасля Грамадзянскай вайны ў Расіі. Акцёр Мікалай Яўлахаў спрабуе збегчы ад пажарышчаў грамадзянскай вайны ў складзе белагвардзейскага эшалону. На станцыі Рытва цягнік і ўсе яго пасажыры трапляюць у рукі чырвонаармейцаў пад камандаваннем чырвонага камандзіра Ігната Плотнікава. Ён асабіста вызначае, каго з затрыманых расстраляць, а каго памілаваць. Аднак падышоўшы да Яўлахава, каманадзір адчувае замяшальніцтва: мужчыны падобныя адзін да аднаго як дзве кроплі вады… 

Паказ фільма «Роля» адбудзецца 3 лістапада а 17-ай гадзіне ў кінатэатры «Дом кіно».  




Канстанцін Лапушанскі – расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст, прадстаўнік «ленінградскай» школы аўтарскага кінематографа. Скончыў Казанскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1970), аспірантуру Ленінградскай кансерваторыі (1973), рэжысёрскае аддзяленне Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў (1978, майстэрня Эміля Лацяну). Быў асістэнтам на здымках фільма Андрэя Таркоўскага «Сталкер». Рэжысёр фільмаў: «Брыдкія лебедзі» (2006), «Канец стагоддзя. Хронікі смутнага часу» (2001), «Руская сімфонія» (1994), «Наведнік музея» (1989).