Адкрыццё юбілейнага «Лістапада»: класіка і высокая мода

Вечар распачнецца шэсцем гасцей і ўдзельнікаў Фестывалю па Чырвоным дыванку хола Палаца Рэспублікі. Па ім пройдуць таксама і беларускія актрысы ва ўнікальных сукенках ручной працы катэгорыі «ад куцюр», якія спецыяльна для «Лістапада» прывязе мадэльер Дэні Дзюран з самага «кінематаграфічнага» горада Францыі – Кан.

Юбілейную атмасферу ў Палацы будуць ствараць прымеркаваныя да гэтай падзеі выставы Музея гісторыі беларускага кіно: «40 год. Гісторыя беларускіх анімацыйных мультфільмаў»; «Гісторыя ў кадрах», прысвечаная 85-годдзю з дня заснавання кінастудыі «Беларусьфільм»; «70 год з дня нараджэння беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука».

Кульмінацыяй вечара стане выступленне вучня Пласіда Дамінга і Мансэрат Кабалье ўкраінскага тэнара Юрыя Лук'яненкі, вядомага пад псеўданімам Godo.

Адным з вядучых цырымоніі адкрыцця стане беларускі тэлерэжысёр, сцэнарыст Сяргей Кацьер. А рэжысёрам цырымоніі адкрыцця ўпершыню будзе Дзмітрый Сергейчук, выкладчык кафедры рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

 

Пачатак Чырвонага дыванка – 17.00, пачатак Цырымоніі адкрыцця Фестывалю – 18.30.

Пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця на дзвюх пляцоўках (Малая зала Палаца Рэспублікі і кінатэатр «Цэнтральны») пачнецца паказ фільма адкрыцця 20-га ММКФ «Лістапад» – «Параджанаў» (рэж. Алена Фяцісава, Серж Аведзікян).

Квіткі на цырымонію адкрыцця можна набыць у касах Палаца Рэспублікі, а таксама на сайтах www.kvitki.by, www.ticketpro.by.