Клер Дэні прадставіць сваю рэтраспектыву ў рамках «Лістапада»

Клер Дэні прадставіць сваю рэтраспектыву ў рамках «Лістапада»


У рэтраспектыву ўвойдуць 9 фільмаў, уключаючы як раннія, так і познія творы рэжысёра: «Пляваць на смерць» (1989), «Не магу заснуць» (1994), «Добрая работа» (1999), «Што ні дзень, то непрыемнасці» (2001), «Няпрошаны госць» (2004), «Да Матыльды» (2005). «35 чарак рому» (2008), «Белы матэрыял» (2009), «Слаўныя ўблюдкі» (2013).

2 лістапада два рэтраспектыўныя фільмы («Пляваць на смерць, 19.00 і «35 чарак рому», 21.00) у кінатэатры «Перамога прадставіць сама Клер Дэні. 4 лістапада рэжысёр прадставіць у гэтым жа кінатэатры карціны «Няпрошаны госць» (19.00) і «Не магу заснуць» (21.30).

3 лістапада ў кінатэатры «Цэнтральны» ў 18.30 Клер Дэні прэзентуе свой апошні фільм «Слаўныя ўблюдкі» і адкажа на пытанні гледачоў пасля прагляду. Гэты паказ стане прэм'ерным не толькі для Беларусі, але і для ўсіх краін СНД. 

Фільм 2013 года «Слаўныя ўблюдкі» ўдзельнічаў у праграме «Асаблівы погляд» 66-га Канскага кінафестывалю. Як і іншыя фільмы рэжысёра, ён закранае тэмы здрадніцтва, кахання і нянавісці, гвалту і сэксу. Кіно Клер Дэні бескампраміснае і нярэдка скандальнае.  

Клер Дэні – дачка адміністратара ў французскай калоніі, якая вырасла ў Афрыцы. Менавіта таму некаторыя яе фільмы закранаюць тэмы ўнутраных узброеных канфліктаў і сутыкненняў ў афрыканскіх краінах. У прыватнасці, адзін з новых фільмаў –  «Белы матэрыял» з Ізабэль Юпэр у галоўнай ролі, які браў удзел у конкурснай праграме аднаго з самых прэстыжных кінафестываляў свету – Венецыянскага МКФ. А ў 2005 годзе Клер Дэні была сябрам журы 62-га Венецыянскага кінафестывалю.

Клер Дэні – адна з самых яскравых прадстаўніц сучаснага аўтарскага французскага кіно. Працавала асістэнтам у такіх вядомых рэжысёраў, як Вім Вэндарс, Джым Джармуш, Жак Рывет ды іншых.