У рамках «Лістапада» ўпершыню пакажуць дакументальны фільм у фармаце 3D

Карціна «Неверагодныя сёрферы 3D» уганараваная Прэміяй аўстралійскай Акадэміі кінематаграфічных і тэлевізійных мастацтваў—2013 у катэгорыі «Найлепшы дакументальны фільм», а таксама Прызам глядацкіх сімпатый на МКФ у Таронта (Канада) у 2012 годзе, іншымі прэстыжнымі ўзнагародамі.

Гэты ўнікальны праект рэжысёраў Джасціна МакМілана, Крыстафера Нэліуса і аператара Дэйва Макгуаера дэманструе вяршыні майстэрства найлепшых сёрфераў планеты — двухразовага чэмпіёна свету Тома Кэрала і яго сябра і суперніка Роса Кларка-Джоўнса. Аднойчы метэаролаг Бэн Мэтсан распавядае ім пра хвалю, вышынёй з хмарачос, і сёрферы вырашаюць скарыць яе.

Для здымак гэтага фільма выкарыстоўваліся найноўшыя 3D-тэхналогіі і абсталяванне. Мініяцюрныя 3D-камеры, пры дапамозе якіх рабіліся некаторыя здымкі, дазваляюць гледачам адчуць сябе літаральна ўнутры хвалі.

Як і летась, кінатэатр «Мір» стане асноўнай пляцоўкай паказаў конкурсных і пазаконкурсных праграм дакументальнага кіно ММКФ «Лістапад».