ХТО АТРЫМАЎ ЗАЛАТОГА КАНЯ? І ІНШЫЯ ПЕРАДНАВАГОДНІЯ ВЫНІКІ

Аб’яўлены шорт-ліст прэтэндэнтаў на прэмію “Оскар-2014” у намінацыі “Лепшы фільм на замежнай мове”. У дзявятцы лепшых – “Разамкнёны круг” (Бельгія, рэж. Фелікс ван Грунінген), “Паляванне” (Данія, рэж. Томас Вінтэрберг), “Вялікая прыгажосць” (Італія, рэж. Паола Сарэнціна) і “Зніклы вобраз” (Камбоджа, рэж. Рыці Панх) – гэтыя фільмы можна было пабачыць у праграмах ХХ Мінскага МКФ “Лістапад”. Іншыя намінанты ў гэтай “оскараўскай” катэгорыі: “Эпізод з жыцця зборшчыка жалеззя” (Боснія і Герцагавіна, рэж. Даніс Танавіч), “Тоўсты сшытак” (Венгрыя, рэж. Янаш Сас), “Два жыцця” (Германія, рэж. Георг Маас і Юдыт Кауфман), “Вялікі майстр” (Ганконг, рэж. Вонг Кар-Вай), “Амар” (Палясціна, рэж. Хані Абу-Ассад). Паперажываць за сваіх фаварытаў можна будзе ўжо 2 сакавіка, калі адбудзецца штогадовая цырымонія ўручэння ўзнагорад. А пакуль што, напрыканцы года, прапануем падвесці вынікі і прасачыць за іншымі фестывальнымі перамогамі фільмаў, якія былі паказаны ў Мінску ў лістападзе на 20-м ММКФ “Лістапад”.

Трыумфатар “Лістапада-2013” – польская карціна “Іда” (рэж. Павел Паўлікоўскі) – у снежні атрымала галоўную ўзнагароду самага знакамітага фестывалю, прысвечанага аператарскаму мастацтву, - Plus Camerimage. Асаблівасць гэтага форуму ў тым, што ён размяркоўвае ўнагароды ў адпаведнасці з візуальнай, эстэтычнай і тэхнічнай каштоўнасцю фільмаў; менавіта аператары на Plus Camerimage становяцца “зоркамі”, разам з выбітнымі мастакамі-пастаноўшчыкамі, прадзюсерамі, гукарэжысёрамі і прадстаўнікамі іншых прафесій кінаіндустрыі, якія часта незаўважны шырокай аўдыторыі. Прыз лепшым аператарам незвычайны – “Залатая жабка” (ідэя статуэткі – з сярэднявечнай легенды пра тое, як нейкі Скрыпач з дапамогай чароўнай музыкі выратаваў горад Торунь ад полчышча земнаводных). Сумесная праца аператараў Рышарда Лянчэўскага і Лукаша Жаля, які прадстаўляў “Іду” на Мінскім кінафестывалі, у фінале Plus Camerimage абыйшла іншага ўдзельніка “Лістапада-2013” – фільм “Элі” (рэж. Амат Эскалантэ, аператар Ларэнца Хагерман). А “Бронзавай жабкай” узнагароджана карціна “Унутры Льюіна Дэвіса” (рэж. Ітан і Джоэл Коэны, аператар Бруно Дэльбанэль).

Пасля “Лістапада” “Іду” чакала гучная перамога і на міжнародным кінафестывалі ў іспанскім Хіхоне – 5 узнагарод! У тым ліку, дзве галоўныя: прыз за лепшы фільм міжнароднага журы кінематаграфістаў і прыз так званага маладога журы, у якое ўваходзяць 50 маладых людзей ва ўзросце ад 17 да 26 гадоў. Пасля прызнання фільма “Іда” пераможцам яшчэ і ў намінацыях “Лепшая праца мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшы сцэнар” і “Лепшая жаночая роля” старшыня прафесійнаша журы, класік французскага кіно Патрыс Леконт адзначыў: “Мы паглядзелі “Іду” першым з конкурсных фільмаў і засталіся зачараванымі ёю да канца фестывалю, таму натуральна, што гэтая карціна атрымала столькі ўзнагарод!”.

Галоўнай еўрапейскай кінападзеяй апошняга месяца 2013-га стала прызнанне лепшым фільмам “старога свету” італьянскай драмы “Вялікая прыгажосць” (рэж. Паола Сарэнціна). Еўрапейская кінаакадэмія галасавала аднагалосна. Рэжысёрам года стаў Паола Сарэнціна, а прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Тоні Сервіла, які вызначыўся ў “Вялікай прыгажосці”. Абсалютная перамога, і, забраўшы яшчэ і ўзнагароду Еўрапейскай кінаакадэміі “За лепшы мантаж”, “Вялікая прыгажосць” цяпер заваёўвае амерыканскіх кінаакадэмікаў і кінакрытыкаў: намінацыі на “Залаты глобус” і “Оскар” за лепшы фільм на замежнай мове цалкам верагодна могуць ператварыцца ў залатыя статуэткі. Меркаванні Еўрапейскай і Амерыканскай кінаакадэмій супадалі чатыры разы: у 1998 годзе перамагло “Жыццё як цуд” Раберта Беніньі, у 1999-м – “Усё пра маю маці” Пэдра Альмадоўра, у 2006-м – “Жыццё іншых” Фларыяна Хенкеля фон Доннэрсмарка (праз год фільм атрымаў Гран-пры і прыз за лепшую рэжысуру на “Лістападзе-2007”) і, вядома ж, “Каханне” Міхаэля Ханэке ў 2012-м (карціна закрыцця ММКФ “Лістапад-2012”).

Аднак “оскараўскім” фаварытам у “неангламоўнай” намінацыі-2013 усё ж лічыцца не “Вялікая прыгажосць”, а “Разамкнёны круг” (рэж. Фелікс ван Грунінген). У снежаньскай фестывальнай гонцы бельгійская гісторыя кахання не саступала “італьянцу”: пяць намінацый на Прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі, але толькі адна ўзнагарода – Вірле Баетэнс за лепшую жаночую ролю; намінацыя на “Залаты глобус” як лепшы фільм на замежнай мове (тут інтрыга вырашыцца 12 студзеня) і некалькі важных узнагарод. Напрыклад, Прэмія LUX – “Лепшы фільм года”, у якім адлюстравана ўніверсальнасць еўрапейскіх каштоўнасцяў і разнастайнасць еўрапейскіх культур. Уладальніка прэміі вызначаюць галасаваннем 754 дэпутата Еўрапарламента, у якасці прыза – статуэтка Вавілонскай вежы, а грашовы складнік прэміі выкарыстоўваецца для фінансавання вытворчасці субтытраў на 23-х афіцыйных мовах Еўрапейскага Саюзу, а таксама друку 25-мм копій альбо тыражоў DVD фільма-пераможцы для ўсіх краін-членаў ЕС. Цяпер “Разамкнёнае кола” чакае захапляючая і, напэўна, паспяховая вандроўка па еўрапейскім кінаэкранам. А беларускі глядач мог убачыць гэтую моцную, замілавальную меладраму на вялікім экране падчас 20-га ММКФ “Лістапад”.

Адным з незабыўных успамінаў “Лістапада-2013” шмат для каго застаецца паказ “Палявання” (рэж. Томас Вінтэрберг) – гледачы доўга апладзіравалі фільму, стоячы выяўлялі сваё захапленне. Шмат якія аўтарытэтныя выданні, напрыклад, The New Yorker, назвалі “Паляванне” лепшым фільмам года. 8 розных намінацый за снежань і больш чым проста прыемная Прэмія саюзу жанчын-кінажурналістаў у Нью-Йорку. Але галоўнае – “Паляванне” таксама ўступіла ў барацьбу за дзве найбуйнейшыя амерыканскія кінаўзнагародны – “Залаты глобус” і “Оскар”. Папулярнасць у Штатах Мадса Мікельсана, які выконваў галоўную ролю ў амерыканскім тэлевізійным трылеры тэлеканала NBC “Ганібал” (вось-вось стартуе другі сезон), можа нечакана дапамагчы “Паляванню” здабыць “Оскар” за лепшы фільм на замежнай мове, робяць здагадку некаторыя крытыкі.



А спабонічаць за “Залаты глобус” “Паляванню” прыйдзецца з яшчэ адным моцным супернікам – трыумфатарам Канскага кінафестывалю фільмам “Жыццё Адэль” (рэж. Абдэлаціф Кешыш). На “Оскар” апошні не трапіў, бо загадзя выйшаў у амерыканскі і еўрапейскі пракат, расійскі пракат фільма стартаваў 7 лістапада, але, варта адзначыць, што паказ карціны на Мінскім кінафестывалі “Лістапад” быў першым на постсавецкай прасторы. Важнай снежаньскай узнагародай “Жыцця Адэль” стаў Прыз Луі Дэлюка за лепшы французскі фільм 2013 года. Гэтай прэстыжнай узнагароды, якая ўручаецца з 1937 года, Абдэлаціф Кешыш уганараваны двойчы.

Напаследак перанясемся ў Азію. Японская драма “Сын у бацьку” (рэж. Хіракадзу Корэ-Эда) была названа лепшым фільмам, а таксама атрымала прыз за лепшую рэжысуру буйнога Азіяцка-ціхаакіянскага кінафестывалю. У гэтым годзе 56-ы кінафестываль прайшоў пад нетрывіяльным дэвізам “Кінематаграфічнае нахабства!”, выказаўшы гэткім чынам імкненне Азіяцка-ціхаакіянскага кінафоруму натхнять людзей на тое, каб разнявольваць ўяўленне і вызваліцца з руціннага, нуднага ўспрымання кінамастацтва.

 

Паспяховы дэбют сінгапурскага рэжысёра Энтані Чэна “Ілаіла” (удзельнік конкурсу “Маладосць на маршы” “Лістапада-2013”) выйграў у снежні 50-ю, найстарэйшую з існуючых сёння у кітайскім рэгіёне ўзнагароду “Залаты конь”, альбо Тайбэйскі кінафестываль, у чатырох намінацыях: “Лепшы фільм”, “Лепшы рэжысёрскі дэбют”, “Лепшы арыгінальны сцэнар” і “Лепшая жаночая роля другога плану”. Старшыня журы, двухразовы ўладальнік прэміі “Оскар” рэжысёр Энг Лі прызнаўся, што журы правяло цэлых дзве гадзіны ў спрэчках і галасавала чатыры разы, пакуль не вызначыўся пераможца. Затое ў выніку рэжысёр-дэбютант у асноўным конкурсе абыйшоў такіх славутых аўтараў, як Цзя Чжанкэ (з вядомым гледачам “Лістападу-2013” фільмам “Дакрананне граху”), Вонг Кар-Вая, Цая Мінляна і Джонні То. “Залаты конь” прыносіць поспех. На гэтым сімвалічна завяршыць пераднавагодні фестывальны агляд.