ПЕРШЫ “ЛІСТАПАД”: НАЗАД У БУДУЧЫНЮ

У 1994 годзе прайшоў першы беларускі кінафестываль “Лістапад”. Як і іншыя паспяховыя праекты таго часу, ён быў шчаслівай выпадковасцю, ідэяй, заснаванай на энтузіязме рэжысёра і прадзюсера Сяргея Арцімовіча, якую потым падхапілі наступныя дырэктары “Лістапада”. Нягледзячы на салідны 20-гадовы юбілей, фестываль і сёння шмат у чым існуе, дзякуючы ідэйным энтузіястам, якія з кожным годам набліжаюць яго да ліку кінафорумаў класа “А”.

 

Падрабязнасці ўзнікнення і развіцця кінафестывалю 90's.by даведаўся ад стваральніка “Лістапада” Сяргея Арцімовіча, дзеючага дырэктара праграм ігравога кіно Ігара Сукманава, сведкаў станаўлення фестывалю і кінакрытыкаў.

Пасля набыцця незалежнасці Беларусь апынулася ў баку не толькі ад сусветнага, але і ад постсавецкага кінапрацэсу. Кінапракат сталіцы ў тыя часы рабіў стаўку на відовішчныя баевікі і галівудскія драмы, каб нейкім чынам вярнуць гледачоў у залі. Менавіта таму рэжысёр студыі “Тэле-АРС” Сяргей Арцімовіч вырашыў прывезці ў Мінск кіно, якое было знята на тэрыторыі былога СССР, але засталося па-за пракатам. Да таго ж, гэта павінна было быць сапраўднае фестывальнае кіно, паказанае ўжо ў конкурсах маладых і больш радыкальных форумаў “Кінашок” і “Кінатаўр”, але, адначасова, створанае ў традыцыях нацыянальных кінашкол, зразумелых беларусам.

Сяргей Арцімовіч, першы дырэктакр фестывалю постсавецкага кіно “Лістапад-94”, меў на мэце не толькі аб’яднаць кінематаграфістаў Беларусі і постсавецкай прасторы ў межах форуму, але і наладзіць агульны кінапрацэс. Мэта высакародная, але амбіцыёзная, і круглыя сталы і канферэнцыі з таленавітымі рэжысёрамі сучаснасці выклікалі вялікую зацікаўленасць. Арцімовіч правёў сутсрэчы гасцей са студэнтамі, а на адкрыцці ўсіх жадаючых запрашаў да мікрафону – выказвацца. Тады ён пачуў не толькі пахвальныя словы. Але гэта ўсё ж быў поспех, тая аснова, якая і праз 20 год дазваляе запрашаць у Мінск “зорак” сусветнага аўтарскага кіно.

У першы дзень фестывалю ў касе кінатэатра “Кастрычнік” скончыліся квіткі і ўтварыліся чэргі, а Сяргей Арцімовіч проста запрашаў усіх жадаючых у залю. Праграму фільмаў першага кінафестывалю “Лістапад” можна знайсці ў архіве.

“Пасля першага фестывалю дзяржава ўключыла нас у сваі праграмы, - распавядае Арцімовіч. – Адбыўся з’езд Саюза кінематаграфістаў, падчас якога “Лістапад” прагучаў як дасягненне міністэрства культуры. Другі фестываль праходзіў ужо цалкам на дзяржаўныя сродкі. Ужо не было спонсараў, а знайшлася абсалютная падтрымка міністэрства культуры”.

Ужо першыя кінапрагляды сталі незвычайнымі: рэйтынгавая сістэма галасавання, глядацкія анкеты, адзнакі ў якіх потым старанна падлічваліся арганізатарамі, свой старшыня фестывалю – Расціслаў Янкоўскі. Ён і сёння займае гэтую пасаду, няхай і з прыстаўкай “ганаровы”.

Спачатку канцэпцыя “Лістападу” была вось якой - “фестываль фестываляў”, дзе паказваецца постсавецкае кіно. Але ні тады, ні зараз “Лістапад” не імкнуўся канкурыраваць з сусветнымі грандамі, накшталт Кан, Берліна, Венецыі, Лакарна альбо імітаваць расійскіх “старэйшых братоў” – “Кінашок” і “Кінатаўр”. У “Лістапада” была ўласная ідэя, якая часам змянялася, але ніколі кардынальна.

З 1996 па 2008 гады дырэктаркай “Лістапада” была Валянціна Сцяпанава. За гэты час мінскія аматары інтэлектуальнага кіно атрымалі магчымасць убачыць такія класічныя фільмы, як “Каўказскі палонны” Сяргея Бадрова (1996), “Брат” Аляксея Балабанава (1997), “Шызафрэнія” Віктара Сяргеева (1997), “Краіна глухіх” Валерыя Тадароўскага (1998), “Малох” Аляксандра Сакурава (1999), “Варашылаўскі стралок” Станіслава Гаварухіна (1999) і яшчэ шмат цудоўных стужак, якія беларускі глядач наўрад ці мог убачыць па-за межамі форуму.

Пашыралася і геаграфія мінскага кінафестывалю: калі першы “Лістапад” можна было умоўна назваць аглядам пераважна расійскага кіно, то ў 2008 годзе у ім удзельнічала ўжо 45 краін. З’яўляліся новыя намінацыі і, суадносна, узнагароды: спецыяльныя прызы беларускіх друкаваных выданняў, прызы за лепшы дэбют, за лепшую мужчынскую і жаночую ролі, узнагароды Саюза кінематаграфістаў, Мінгарвыканкама, спецпрыз Прэзідэнта. У 1998 годзе ўпершыню прайшоў дзіцячы кінаагляд – “Лістападзік”. А ў 2007 годзе – новая вяха ў развіцці фестывалю, пра якую гэтак кажа кінакрытык Людміла Саянкова: “Падчас XIV ММКФ “Лістапад” гэта здарылася ўпершыню. Усе – госці і гаспадары, удзельнікі і гледачы – без стомы паўтаралі: як выдатна, што гэта адбылося! А адбылося вось што: упершыню быў арганізаваны конкурсны паказ дакументальных фільмаў. Стварылі гэты конкурс, па сутнасці, два чалавекі – дырэктар фестывалю Валянціна Сцяпанава і каардынатар праграмы – кінадраматург, кінавед, рэдактар Ірына Дзям’янава. Дыяпазон міжнароднай праграмы сапраўды ўражваў: Беларусь, Расія, Україна, Швецыя, Данія, Вялікабрытанія, Азербайджан, Грузія, Куба… Гледачы ўпершыню пабачылі дакументальнае кіно некаторых краін”.

Аляксандра Захарэвіч стала дырэктаркай кінафестывалю толькі на адзін год – 2009-й, але за гэткі кароткі тэрмін шмат унесла ў развіццё “Лістападу”. Гэта быў пераломны момант для беларускага кінафоруму, калі прыйшлося задумацца пра яго акупнасць, удакладняць канцэпцыю і спрабаваць атрымаць акрэдытацыю ў FIAPF (Міжнародная асацыяцыя кінапрадзюсараў, якая акрэдытуе міжнародныя кінафестывалі; з вялікага мноства кінафестываляў па ўсім свеце акрэдытавана на пастаяннай аснове крыху больш за 50, і з 2013 года “Лістапад” – адзін з іх, разам з Берлінскім, Канскім і Венецыянскім МКФ.

З 2010 года і па сённяшні дзень дырэктаркай Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” з’яўляецца Анжаліка Крашэўская, дырэктам праграм мастацкага кіно – кіназанўца Ігар Сукманаў.

Разам з новай камандай прыйшлі змены: акрэдытацыя ў FIAPF, рэбрэндынг прызоў фестывалю, штогадовае абнаўленне дэвізу, новы конкурс дэбютных карцін “Маладосць на маршы”, пазаконкурсныя праграмы, шматлікія творчыя сустрэчы са стваральнікамі карцін. Але фундамент, які быў закладзены ў 1994 годзе, застаўся некранутым.


“Мы спадзяемся на тое, что гэта – лепшыя фільмы, рэпутацыя якіх ужо склалася. Гэта – фільмы-ўдзельнікі і лаўрэаты міжнародных кінафестываляў. Таксама традыцыйна ў асноўным конкурсе 12 карцін – “візітоўкі” кінематаграфій краін былога камуністычнага блоку”, –  
тлумачыць Ігар Сукманаў.

У 2013 годзе “Лістапад” адзначыў сваё дваццацігоддзе. З тыдню расійскага кіно ён ператварыўся ў фестываль міжнароднага класу. Дэвіз юбілейнага “Лістападу” выдатна адлюстроўвае гісторыю фестывалю і яго шматграннасць: “In kino veritas!” – “Ісціна ў кіно”.

Вольга Цвяткова,

90’s.by