ЛАЎРЭАТА ПРЭМІІ «ОСКАР-2014» ПАКАЖУЦЬ НА ХХІ ММКФ “ЛІСТАПАД”

Аскараносны дакументальны фільм Моргана Нэвіла “У дваццаці кроках ад славы” пакажуць у межах пазаконкурскай праграмы дакументальнага кіно «The Best» на XXI ММКФ «Лістапад».

Па традыцыі, на ММКФ “Лістапад” – фестывалі фестываляў – глядач мае магчымасць убачыць фільмы, адзначаныя ўзнагародамі на іншых прэстыжных фестывалях. Летась у ігравой і дакументальнай праграмах «Лістападу» бралі ўдзел стужкі, якія пасля былі намінаваныя на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі ў катэгорыі «Лепшы фільм на замежнай мове». Серыю паказаў «оскараўскіх» фільмаў 21-га Фестывалю «Лістапад» пачне фільм Моргана Нэвіла «У дваццаці кроках ад славы» («20 Feet from Stardom») – лепшы дакументальны фільм кінапрэміі «Оскар-2014».


     

«У дваццаці кроках ад славы» – фільм пра тых, чые галасы нам добра вядомыя паводле хітоў і саўндтрэкаў розных гадоў. Глядач убачыць тых, хто спяваў «той самы» прыпеў у The Rolling Stones і птушкай крычаў у «Аватары», – бэк-вакалістак, у некалькіх кроках ад якіх мільганула слава. Карціна «У двух кроках ад славы» была ўзнагароджана таксама Прызам глядацкіх сімпатый музычнаму дакументальнаму фільму на кінафестывалі ў Амстэрдаме (IDFA) і ўзнагародай «Незалежны дух»: «Лепшы дакументальны фільм». Морган Нэвіл выступіў у карціне не толькі як рэжысёр, але і як аўтар сцэнара.

Фота: Associated Press Photo, Daily Mail