«ПАН ТАДЭВУШ» (1928) ПАКАЖУЦЬ З ЖЫВЫМ МУЗЫЧНЫМ СУПРАВАДЖЭННЕМ

Польскі нямы фільм «Пан Тадэвуш» пакажуць у кінатэатры «Перамога» ў межах пазаконкурснай секцыі «Рарытэт» XXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» 8 лістапада а 19:00. Паказ пройдзе пад акампанемент кампазітара і кінамана Марчына Пукалюка.

Карціне Рышарда Ардынскага ужо 86 гадоў. Урачыстая прэм'ера фільма адбылася 9 лістапада 1928 года і стала сапраўднай падзеяй. Гэта была першая поўнамаштабная адаптацыя твора Адама Міцкевіча, якая выйшла на экраны. Апроч таго, бюджэт карціны быў ашаламляльным (каля 1,5 мільёна злотых), удзел у ёй прынялі «зоркі» польскага кіно таго часу. Гэты фільм – адмысловы помнік эпохі нямога кіно, ад якой да нас дайшло менш за 20% фільмаў. Астатняе страчана або знішчана.

«Пан Тадэвуш» таксама лічыўся страчаным назаўжды. Фільм знік падчас Другой сусветнай вайны. У 50-я гады знайшлі некалькі ўрыўкаў агульнай працягласцю ў 42 хвіліны. У 2006 годзе знайшліся іншыя фрагменты. У суме па гэтых знаходках атрымалася аднавіць 120 хвілін фільма (першапачатковы хранаметраж складаў 3 гадзіны). Прэм'ера адноўленага фільма адбылася ў 2012 годзе ў варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён». Музыку да фільма напісаў Тадэвуш Вожняк.

Карціна здымалася ў Наваградскім раёне каля возера Свіцязь. У фільме можна ўбачыць нават Мірскі замак.


 

Выбар карціны каментуе Ігар Сукманаў, дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ «Лістапад»: «Мы паказваем «Пан Тадэвуш» па шэрагу прычын. Першае, у Беларусі зноў выявілася цікавасць да творчасці Адама Міцкевіча, пра што кажуць пастаноўкі паэмы «Дзяды» на розных сцэнічных пляцоўках і адаптацыя самай эпічнай паэмы «Пан Тадэвуш» у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Другое, некалькі натурных здымак фільма праходзілі ў Нясвіжы. Такім апасродкаваным чынам фільм становіцца часткай нашай агульнай культурнай спадчыны. Трэцяе, гэта выдатная нагода пазнаёміць беларускую публіку з творчасцю польскага кампазітара і музыканта, энтузіяста кіно Марчына Пукалюка. І нарэшце, хочацца, каб белых плям у нашым спазнанні сусветнага кіно было як мага менш. Калі гісторыкі кіно знаходзяць фільмы, якія раней лічыліся згубленымі, гэта заўсёды падобна на адкрыццё Амерыкі. У нашым выпадку – гэта адкрыццё Польшчы і польскага кіно, якога мы зусім не ведаем”.

Паказ адбудзецца пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.


Фота: culture.pl