Прэзентацыя Дзяржфільмафонду Расіі адбудзецца падчас 21-га ММКФ «Лістапад»

8 лістапада ў рамках XXI ММКФ «Лістапад» дэлегацыя Дзяржфільмафонду Расіі і прадстаўнікі фестывалю «Лістапад» падпішуць пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.

У праграму візіту расійскай дэлегацыі ўключаны канцэрт-прэзентацыя дзейнасці Дзяржфільмафонду, у якім прымуць удзел народны артыст Расіі Аляксей Пятрэнка, заслужаныя артысты Святлана Святлічная, Цімафей Фёдараў і Ганна Фролаўцава, а таксама акцёры тэатра і кіно Наталля Грамушкіна, Сяргей Барышаў і Кацярына Карашава. Канцэрт пачнецца 8 лістапада а 17:00 у кінатэатры «Дом кіно». Квіткі ўжо ў продажы.

Дзеля падпісанная пагаднення ў Мінск ў складзе «зорнай» дэлегацыі прыбудуць намеснік генеральнага дырэктара ФДБУК «Дзяржфільмафонд» Ларыса Анатольеўна Андрэева і кіраўнік аддзела спецпраектаў Андрэй Мікалаевіч Бычкоў.

А 16:00 для прадстаўнікоў прэсы перад падпісаннем пагаднення адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай дзейнасці Дзяржфільмафонду, а таксама прэс-канферэнцыя дэлегатаў Дзяржфільмафонду і прадстаўнікоў Дырэкцыі ММКФ «Лістапад».

Адразу пасля падпісання пагаднення распачнецца канцэрт-прэзентацыя.

 

Стужкі з калекцыі Дзяржфільмафонду Расіі рэгулярна прымаюць удзел у рэтраспектыўных паказах Венецыянскага ды Берлінскага кінафестываляў, Маскоўскага МКФ ды кінафестываля ў Токіа, МКФ «Go East» у Вісбадэне ды шматлікіх іншых міжнародных кінафорумах. У пазаконкурснай праграме XXI ММКФ «Лістапад» будуць паказаны класічныя беларускія стужкі з калекцыі Дзяржфільмафонду Расіі – «Саша» Аляксандры Хахловай і «У вялікім горадзе» Марка Данскога і Міхаіла Авербаха. Супрацоўніцтва з Дзяржфільмафондам Расіі будзе садзейнічаць захаванню адзінай культурнай прасторы і зробіць праграму будучых фестывальных паказаў кінафестываля «Лістапад» больш разнастайнай.

Фото © Максим Мармур