П'ер Леон прадставіць на ММКФ «Лістапад» фільмы «Прывідная сіла» і «Ідыёт»

П'ер Леон прадставіць на ММКФ «Лістапад» фільмы «Прывідная сіла» і «Ідыёт»

11 і 12 лістапада ў рамках XXІ ММКФ «Лістапад» адбудуцца творчыя сустрэчы з французскім рэжысёрам П’ерам Леонам.

Першая з іх пройдзе ў аўторак 11 лістапада (22:00) у сталічным кінатэатры «Мір» (вул. Казлова, 4А), дзе будзе паказаны фільм П’ера Леона «Прывідная сіла» . Славуты французскі рэжысёр рускага паходжання, які збег з універсітэта дзеля кар’еры кінематаграфіста, прайшоў цярністы шлях ад акцёра ў Сержа Базона, Ан Бенаем, Луі Скарэкі да рэжысёра сусветнага ўзрозню. У цяперашні час П’ер Леон, акрамя здымання фільмаў, працуе выкладчыкам у парыжскай кінашколе «La Femis» ды ў Маскоўскай школе новага кіно. Знакаміты рэжысёр наведае «Лістапад» ужо ў другі раз: П’ер Леон быў старшынёю міжнароднага журы конкурсу «Маладосць на маршы» на XX ММКФ «Лістапад».

П’ер Леон вядомы сваімі перакладамі на французскую мову вершаў Аляксандра Блока і Марыны Цвятаевай, а таксама кінакарцінамі па матывах твораў рускіх класікаў: «Дзядзя Ваня» Антона Чэхава, «Ідыёт» ды «Падлетак» Фёдара Дастаеўскага. Фільм «Ідыёт» П’ер Леон прадставіць у Мінску ў сераду  12 лістапада (14:00) у французскай медыятэцы Бібліятэкі імя А.Пушкіна (вул. Гікалы, 4). Стужка будзе дэманстравацца на мове арыгінала з рускімі субтытрамі.