У кінатэатры «Цэнтральны» пройдзе выстава «Літоўскія кінаплакаты»

10 лістапада 2014 г. а 17.00 у кінатэатры «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 13) адбудзецца адкрыццё выставы «ЛІТОЎСКІЯ КІНАПЛАКАТЫ» («LIETUVIŠKI FILMŲ PLAKATAI»)


Стасіс Эйдрыгявічус «Літоўскія фільмы»

Выстава з’яўляецца рэтраспектывай кінематаграфіі Літвы праз мастацтва плаката. Падборка копій на сучасных стэндах шырокафарматнага друку дае поўнае ўяўленне пра тэндэнцыі развіцця літоўскага кінаплаката перыяду з 1953 па 2010 гады.

На выставе экспануюцца найболшьш рэдкія асобнікі плакатаў літоўскай кінематаграфіі з калекцыі Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно ў Вільнюсе (LIETUVOS TEATRO, MUZIKOS IR KINO MUZIE). Адна з такіх афіш – «Світанак ля Нёмана» датуецца 1953 годам і адлюстроўвае больш за сціплыя ўмовы пасляваенных гадоў. У 70-я гады мінулага стагоддзя сітуацыя змяняецца – выпускнікі Вільнюскай мастацкай акадэміі (раней Вільнюскі мастацкі інстытут) з вялікай цікаўнасцю прымаюць удзел у конкурсах кінаплакатнага мастацтва. Нават здаралася, што для аднаго і таго ж фільма выпускаліся плакаты адразу некалькіх мастакоў.


 
Раймундас Сліжыс «Вечны агонь»

80-я ды 90-я гады мінулага стагоддзя можна лічыць перыядам росквіту мастацтва аўтарскага кіно, а разам з тым і мастацтва кінаплаката. Нягледзячы на жорсткасць ідэалагічнай цэнзуры, значная частка плакатаў таго часу адрозніваецца яскрава выяўленай своеасаблівасцю і выразнасцю мастацкіх прыёмаў, дзе алегорыя нібыта пашырае сэнсавую перспектыву вобразаў аўтарскага кіно. «Вечны агонь» Раймундаса Сліжыса, «Літоўскае дакументальнае кіно» і «Выхадны ў пекле» Гінтараса Гесявічуса, «Квіток да Тадж-Махала» ды «Выхадны ў пекле» Відаса Дрэгвы, «Палёт цераз Атланту» Вітаўтаса Каўшыніса, «Літоўскія фільмы» Стасіса Эйдрыгявічуса, «Ноеў каўчэг» Ёкубаса Яцоўскіса, «Шчодрасць» Валдаса Гілюса…


Відас Дрэгва «Квіток да Тадж-Махала»

Кінаплакат – гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя мастака, яго асабістая метафара да канкрэтнага фільма на фоне пэўных гістарычных падзей.

Фота: www.koperator.lt