Распачаты прыём заявак на ўдзел у 22-м ММКФ «Лістапад»

Распачаты прыём заявак на ўдзел у 22-м Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад», які адбудзецца з 6 па 13 лістапада 2015 года. 

Падрабязней з парадкам, умовамі і тэрмінамі падачы заявак можна пазнаёміцца ў раздзеле «Удзельнікам» на афіцыйным сайце Фестывалю. Палажэнне аб правядзенні 22-га ММКФ знаходзіцца ў раздзеле «Рэгламент».

Конкурсная праграма ММКФ «Лістапад» складаецца з трох секцый:

  • ігравога кіно;
  • дакументальнага кіно;
  • конкурса фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік».

Да ўдзелу ў асноўным конкурсе ігравога кіно ММКФ «Лістапад» прымаюцца поўнаметражныя фільмы, створаныя ў краінах былога СССР і дзяржавах былога сацыялістычнага блока, якія былі адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў і атрымалі высокую ацэнку кінематаграфістаў і гледачоў.

На конкурс ігравога кіно «Маладосць на маршы» прымаюцца поўнаметражныя дэбютныя работы рэжысёраў з усяго свету.

Асноўны конкурс дакументальнага кіно ММКФ «Лістапад» адкрыты для поўнаметражных і сярэднеметражных фільмаў, створаных у краінах былога СССР і дзяржавах былога сацыялістычнага блока і адзначаных міжнароднымі прызамі.

У конкурсе маладога дакументальнага кіно – конкурсе нацыянальных кінашкол прымаюць удзел прадстаўнікі кінашкол з розных краін свету, кожная з якіх прадстаўляе найбольш яркія студэнцкія працы, у тым ліку і дыпломныя.

Удзельнікам Нацыянальнага конкурса ММКФ «Лістапад» можа стаць любы кінафільм, створаны альбо спрадзюсіраваны беларускімі кінематаграфістамі ў Беларусі альбо за яе межамі.

У конкурс дзіцячага і юнацкага кіно «Лістападзік» адбіраюцца поўнаметражныя ігравыя і анімацыйныя работы кінематаграфістаў свету.

У конкурсах ММКФ «Лістапад» могуць удзельнічаць фільмы, створаныя за два апошнія гады.

Заяўкі на ўдзел у 22-м ММКФ «Лістапад» прымаюцца да 6 верасня 2015 года (на ўдзел у Нацыянальным конкурсе - да 22 верасня).

Галоўныя прызы Мінскага МКФ размяркоўваюцца рашэннем міжнароднага журы кінематаграфістаў. Падчас фестывалю таксама выбіраецца фаварыт глядацкага галасавання. 

«Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй кінапрадзюсераў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У ММКФ «Лістапад» штогод удзельнічае каля 150 фільмаў больш чым з 45 краін, адбываецца 200 паказаў на 6 пляцоўках. Паказы фільмаў суправаджаюцца абмеркаваннем з аўтарамі ў фармаце Q&A. Вялікую праграму дапаўняюць майстар-класы і рэтраспектыўныя паказы. ММКФ «Лістапад» штогод наведваюць да 40 000 гледачоў і больш за 100 гасцей з усяго свету.

Заснавальнікамі ММКФ «Лістапад» з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.