Тэатр у кіно: цяпер у Мінску можна ўбачыць трансляцыі лепшых спектаклей з усяго света

Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Крапарэйшн» сумесна з УП «Кинавідэапракат» запускае ў Мінску праект TheatreHD – трансляцыі лепшых пастановак са сцэн Метраполітан Опера (Нью-Йорк), Каралеўскага Нацыянальнага тэатра (Лондан), Шэкспіраўскага тэатра «Глобус» (Лондан), Каралеўскай Шэкспіраўскай кампаніі (Стратфард-на-Эйване) і Вялікага тэатра (Масква). Адкрыццё адбудзецца 3 кастрычніка. У кінатэатры “Цэнтральны” пакажуць трансляцыю оперы “Трубадур” Джузэпэ Вердзі ў пастаноўцы Метраполітан Опера.

 

Трансляцыі спектаклей на кінаэкране - гэта новы фармат ў Беларусі, але распаўсюджаная практыка ў Еўропе і свеце. TheatreHD – праект, які аб'ядноўвае 35 гарадоў Расіі, Украіны, Казахстана, а цяпер і Беларусі, У рамках гэтага праекту на экранах кінатэатраў дэманструюцца драматычныя, оперныя і балетныя пастаноўкі з вядомых тэатраў свету. Гэта магчымасць убачыць культавых выканаўцаў сучаснасці і наведаць спектаклі, пра якія гавораць ва ўсім свеце. Галоўныя ролі выконваюць зоркі сусветнага ўзроўня: Бенедыкт Камбербэтч, Рэйф Файнс, Хелен Мірэн, Сцівэн Фрай, Марк Стронг, Крыстафер Пламер, Том Хидлстан, Йонас Кауфман, Джыліян Андэрсан, Ганна Нятрэбка, Ільдар Абдразакаў, Святлана Захарава, Уладзіслаў Лантратаў і іншыя. 

Мінскі тэатральны кінасезон пачнецца 3 кастрычніка у кінатэатры "Цэнтральны" паказам оперы Джузэппэ Вердзі «Трубадур». Нароўні з «Травіятай» і «Рыгалета», «Трубадур» лічыцца адной з найбольш важных опер Вердзі, створаных ў 1850-я гады. Хітраспляценні сюжэта, інтрыгі і крывавая развязка: «Трубадур» - гэта пастаноўка ў лепшых традыцыях італьянскай оперы. Музыка, поўная пачуццяў, была напісаная Вердзі меньш чым за месяц. 

Партыю Леаноры выканае Ганна Нятрэбка, адна з выбітных оперных спявачак сучаснасці. Для яе гэта дэбют у гэтай ролі на сцэне Метраполітан Опера. Дарэчы, яна не раз прызнавалася, што лічыць партыю Леаноры адной з найбольш складаных для выканання сапрана. У ролі графа ды Луны выступіць яе неаднаразовы партнёр па сцэне Дзмітрый Хварастоўскі. Партыю загалоўнага персанажа оперы Манрыко выканае Йонхан Лі, у ролі цыганкі Азучэны гледачы ўбачаць Далору Заджык, якую шмат хто называе лепшым мецца-сапрана сучаснай сусветнай опернай сцэны.

У кастрычніку гледачоў чакае яшчэ 3 паказы: спектаклі Метраполітан Опера - «Тангейзер» і «Атэла» і падарунак для аматараў серыяла BBC «Шэрлак» і фільма «Гульня ў імітацыю» - «Гамлет» тэатра «Барбікан» у выкананні Бенедыкта Камбербэтча.


Падрабязней пра праект можна даведацца на сайце artcorporation.by.