На 22-ім ММКФ «Лістапад» пакажуць лепшыя дакументальныя фільмы з усяго свету



У рамках пазаконкурснай праграмы дакументальнага кіно «Лепшае» (The Best) у Мінску пакажуць фільмы, якія адкрываюць для нас новы, нетрадыцыйны падыход да дакументальнага кіно. Сярод іх – амерыканска-польская карціна “Узваліўшы льва на плечы”, партугальская лента «Раптам мае думкі спыніліся», а таксама датска-польскі фільм «Наступяць лепшыя часы», які сабраў узнагароды практычна на ўсіх кантынентах свету. 

Праграма «Лепшае» стала традыцыйнай для ММКФ «Лістапад». Ужо некалькі гадоў таленавітыя рэжысёры прывозяць у Мінск дакументальныя фільмы, якія заваявалі прызнанне крытыкаў, у мінскіх гледачоў яны таксама карыстаюцца нязменным поспехам.

«Надыдуць лепшыя часы» - карціна рэжысёра-намінанта на прэмію «Оскар» Ханны Полак. На працягу 14 гадоў яна здымала жыццё дзяўчынкі, якая жыве на буйнейшай у Еўропе свалцы, размешчанай за 20 кіламетраў ад Масквы. Гераіня сталее, спрабуе вучыцца і кожны дзень спадзяецца на лепшыя часы. Ці зменіцца яе жыццё?.. Фільм атрымаў Спецыяльны прыз журы на фестывалі ў Амстэрдаме – буйнейшым у Еўропе форуме дакументальнага кіно, Гран-пры на кінафестывалі «Артдокфэст» у Маскве, - усяго амаль 20 узнагарод. «Надыдуць лепшыя часы» працягвае вандраваць па фестывалях і ў лістападзе будзе ў Мінску.



Партугальскае дакументальнае кіно – нячасты госць на нашым фестывалі. А фільм «Знянацку мае мыслі спыніліся» рэжысёра Жоржы Пелікану яшчэ і знаёміць нас з вельмі адасобленым, закрытым светам псіхіятрычнай лячэбніцы. Сюды прыходзіць акцёр, каб працаваць над новай роляй. Цвярозы розум і вар’яцтва становяцца неадрознымі адзін ад аднаго, а жыццё лячэбніцы абарочваецца люстэркам сучаснага грамадства, але не бязлітасным яго бокам, а дабрыні і талерантнасці, якія ёсць у нашым жыцці. Фільм зняты ў вытанчанай выяўленчай манеры, што робіць яго выключна маляўнічым. Жоржы Пелікану прыедзе на наш фестываль і сам прадставіць карціну.

 

«Узваліўшы льва на плечы» - фільм пра людзей, якія раптоўна страцілі самае галоўнае, - магчымасць займацца любімай справай. «Тое, што я люблю больш за ўсё, прычыняе мне самы моцны боль», - гаворыць адзін з герояў фільма. Музыкант, фатограф, спартсменка – у кожнага з іх свая гісторыя выжывання, свая гісторыя прымірэння з рэальнасцю. Карціна здзіўляе арыгінальным відэашэрагам і аўдыёнапаўненнем. Гэтымі сродкамі рэжысёры Патрык і Эрыннісса Рэбіш узнаўляюць свет, у якім жывуць іх героі. Фільм удзельнічаў у канадскім фестывалі HotDocs, які ўваходзіць у лік найбольш значных фестываляў дакументальнага кіно ў свеце, атрымаў узнагароды Кракаўскага кінафестывалю, Дублінскага кінафестывалю Jameson, кінафестываляў у Салеме і Трэнтане.

22-гі кінафестываль «Лістапад» пройдзе з 6 па 13 лістапада 2015 года ў Мінску пры інфармацыйнай падтрымцы БелТА, Белтэлерадыёкампаніі, інтэрнэт-часопіса «Культпрасвет», інтэрнэт-парталаў «Кіноут», «Профісінема», Relax.by, газет «Зорька», «Аргументы і факты», «Звязда», часопісаў «На экранах», «Belavia on Air», радыё «Unistar», тэлеканала Мінск TV, інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны». Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць у прэс-цэнтры кінафестываля «Лістапад» па тэлефонах +375 29 611 17 87, +375 44 795 13 97 ці па пошце pressa@listapad.com.