ЧАТЫРЫ ДАКУМЕНТАЛЬНЫЯ ФІЛЬМЫ ПРА МУЗЫКУ Ў ПРАГРАМЕ “МУЗЫКА DOC”

“Музыка DOC” – адна з самых яскравых праграм дакументальных фільмаў 23-га Мінскага міжнароднага кінафестываля “Лістапад”, пасвечаная “стэнаграфіі пачуццяў” – музыцы. У гэтым годзе гледачы адправяцца ў шалёнае падарожжа з патрыярхамі рок-сцэны The Rolling stones, вачамі Джыма Джармуша ўбачаць легендарнага фронтмэна The Stooges Іггі Попа, наблізяцца да загадкавага і абвеянага міфамі Алега Каравайчука і пагрузяцца ў глыбокі духоўны свет музыкі эстонскага кампазітара Арво Пярта.

18.10.jpg

“Gimme Danger” – апошні фільм вядомага амерыканскага рэжысёра Джыма Джармуша. Названая па аднайменнаму трэку з культавага альбома The Stooges “Raw power” карціна малюе неардынарны партрэт “дзядулі” панк-року і гранжу Іггі Попа і яго сатаварышаў. Чалавек, які прыдумаў стэйдждайвінг (скачок артыста са сцэны у натоўп), прадстае ў карціне ў самых шалёных станах, б’ецца з гледачамі і ўсё больш і больш становіцца рок-н-рольным міфам. Гісторыя групы – гэта гісторыя вар’яцкіх 60-х, маладосці рок-музыкі і контркультуры. У фільме выкарыстаны архіўныя матэрыялы, якія раней не дэмастраваліся публіцы.

Джым Джармуш – вялікі прыхільнік Іггі Попа і The Stooges – здымаў свайго куміра ў карцінах “Кава і цынарэты”, “Мярцвяк”. Не дзіўна, што праца над фільмам працягвалася 6 год.

18.10-2.jpg

Стварэнне кінастужкі “Алег і рэдкія віды мастацтваў” – вялікая рэжысёрская ўдача: знакаміты пецярбуржац Алег Каравайчук вёў затворніцкі лад жыцця і пазбягаў журналістаў. Рэжысёр Андрэс Дуке паказвае кампазітара то маленькім хлопчыкам, то мудрым вандроўнікам, то бурклівым старым. Вучань Рыхтэра і кумір Сяргея Курэхіна, чалавек, без чыёй музыкі немагчыма ўявіць фільмы Кіры Муратавай і Іллі Авербаха, чалавек, які працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”, Алег Каравайчук заварожвае сваім голасам і размоваю, агаляючы кволасць зямнога чалавека і моц яго боскага даравання.

18.10-3.jpg

Карціна “The Rolling Stones and Olé Olé Olé: Тур па Лацінскай Амерыцы” – гэта гарачае музычнае падарожжа з легендамі рока праз усю Лацінскую Амерыку да кульмінацыйнага гістарычнага канцэрта ў сталіцы Кубы Гаване. У чарговы раз гэтыя валацугі, вечныя вандроўнікі, пацвердзілі свой статус найбуйнейшай рок-н-рольный групы ў свеце. А рэжысёр даў магчымасць усім прыхільнікам зазірнуць у святая святых – за кулісы вялікага турнэ і найзырчэйшага канцэрта. Рэжысёр фільма – Пол Дагэйл – спецыялізуецца на стварэнні музычных кліпаў, відэа і канцэртаў. У яго скарбонцы канцэрты “The Prodigy: World’s on fire”, “Adele Live at the Royal Albert Hall”, “The Rolling Stones: Sweet Summer Sun – Hyde Park Live”.

“Нават калі я ўсё згублю” – радок з рабочых сшыткаў эстонскага кампазітара, вядомага ва ўсім свеце эксперыментатара Арво Пярта. Ён ствараў музыку для шматлікіх кінафільмаў, у тым ліку для “Выгнання” Андрэя Звягінцава і “Пакаяння” Тэнгіза Абдуладзэ, для многіх дакументальных стужак, некаторыя з іх маглі ўбачыць пастаянныя гледачы “Лістапада”. У фільме Дарыяна Ступіна, які здымае кампазітара на працягу многіх гадоў, Арво Пярт разважае пра прызначэнне чалавека і мастака. Варта ўбачыць гэта кіно, каб пачуць прыгажосць музыкі вялікага кампазітара. Фільм будзе прадстаўлены ў рамках праграмы “Новая класіка эстонскага кіно”.