УЛАДАЛЬНІК УЗНАГАРОД МКФ У БЕРЛІНЕ І ЛАКАРНА ДЭНІ КАТЭ УЗНАЧАЛІЦЬ ЖУРЫ КОНКУРСУ «МАЛАДОСЦЬ НА МАРШЫ» 23-ГА ММКФ «ЛІСТАПАД»

Старшынёй журы конкурсу дэбютных ігравых прац 23-га ММКФ «Лістапад» стане канадскі рэжысёр, удзельнік і лаўрэат міжнародных кінафестываляў Дэні Катэ. У Мінску рэжысёр прадставіць два сваіх фільмы: «Вік + Фло сустрэлі мядзведзя» і «Барыс без Беатрыс».

Дэні Катэ, фота: berlinale.de

Дэні Катэ пачынаў кінематаграфічную кар'еру як крытык. Першую поўнаметражную працу «Зменлівыя станы» Катэ зняў у 2005 годзе практычна без бюджэту. Фільм атрымаў «Залатога леапарда» у відэаконкурсе МКФ у Лакарна і зрабіў імя рэжысёра шырока вядомым. Швейцарскі кінафестываль стаў знакавым для рэжысёра: акрамя «Паўночных штатаў», ён прадставіў у Лакарна карціны «Нашыя прыватныя жыцці», «Яна хоча хаосу» (Спецыяльная згадка моладзевага журы, «Срэбны леапард»), «Кёрлінг» (Прыз за лепшую рэжысуру). Знятыя на мяжы ігравога і дакументальнага кіно «Драбы» Катэ былі адабраныя ў праграму «Двухтыднёвік рэжысёраў» Канскага кінафестывалю. Апошнія дзве карціны рэжысёра – «Вік + Фло сустрэлі мядзведзя» і «Барыс без Беатрыс» – дэманстраваліся на Берлінале, дзе былі цёпла прынятыя крытыкамі, а «Вік + Фло ...» атрымала Прыз Альфрэда Баўэра як фільм, «які адкрывае новыя шляхі ў кінамастацтве».

Дэні Катэ з аднолькавым поспехам здымае стужкі з буйным і маленькім бюджэтам. Ён працуе на полі эксперыменту, не толькі змяшчаючы герояў у нестандартныя жыццёвыя абставіны, але і гуляючы з формай. Першыя яго працы выкарыстоўвалі прыёмы дакументальнага кіно, а асобныя стужкі на момант пачатку здымак не мелі сцэнару.

Героі Катэ – людзі, якія не ўпісваюцца ў традыцыйнае грамадства: былыя зняволеныя і бандыты, імігранты, пустэльнікі. У шмат якіх праектах рэжысёра задзейнічаныя непрафесійныя акторы.

На Мінскім МКФ «Лістапад» рэжысёр сам прадставіць гледачам карціны «Вік + Фло сустрэлі мядзведзя» і «Барыс без Беатрыс»:

 

ВІК + ФЛО СУСТРЭЛІ МЯДЗВЕДЗЯ (Канада, 2013, 95 хв.)

з удзелам П'ерэт Рабітай, Раман Барынжэ, Марка-Андрэ Грандэна, Мары Брасар

2013. Берлінскі МКФ (Германія) – прэмія Альфрэда Баўэра «За адкрыццё новых шляхоў у кінамастацтве» («Срэбны мядзведзь»)

2013. МКФ у Філадэльфіі (ЗША) спецыяльны прыз журы «за лепшую рэжысуру»

Прэмія канадскай акадэміі кіно і тэлебачання «Жутра» (Канада) - прыз за лепшую жаночую ролю (П'ерэт Рабітай)

Вікторыя і Флоранс спрабуюць пачаць новае жыццё ў глухмені Квебека. Яны прагнуць міру і спакою, але ў іх існаванне бесцырымонна ўрываецца мясцовы паліцэйскі, які наглядае за Вік. Мала таго, неўзабаве высвятляецца, што дзіўная жанчына, якая жыве па суседстве, звязаная з мінулым Фло. Множацца прыкметы няўхільнай бяды і нават лес, здаецца, тоіць у сабе нямала пагрозлівых пастак.

 

БАРЫС БЕЗ БЕАТРЫС (Канада, 2016, 93 хв.)

з удзелам Джэймса Хайндмэна, Сымон Эліз-Жэрар, Дэні Лаван, Ізольды Дзюшаук, Дуні Сычовай, Бруса Ла Бруса

2016. Берлінскі МКФ (Германія) фільм-удзельнік асноўнай конкурснай праграмы

Бізнэсмэн Барыс Маліноўскі дасягнуў усіх мажлівых жыццёвых выгод. Ён –  «звышчалавек індустрыяльнай эліты», незалежны і фанабэрлівы тып, поспех якога толькі распальвае эгаізм. Раптоўна таямнічая хвароба паражае яго прыгажуню-жонку Беатрыс. Дэпрэсіўны сіндром прыкоўвае яе да ложка і пазбаўляе маўлення. Каб апраўдаць сябе, Барыс круціць раман з супрацоўніцай Хельгай і адначасова ўступае ў адносіны з маладой сядзелкай жонкі Кларай. І толькі сустрэча з загадкавым незнаёмцам прымусіць яго пашкадаваць аб сваіх заганных прынцыпах...