ІНДУСТРЫЯЛЬНАЯ ПЛАТФОРМА 23-ГА ММКФ «ЛІСТАПАД» ЗАСЯРОДЗІЦЦА НА ПРАБЛЕМАХ БЕЛАРУСКАЙ КІНАІНДУСТРЫІ

Індустрыяльная платформа будзе працаваць у межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» з 5 па 10 лістапада ў Галерэі TUT.BY. У мінулым годзе акцэнт быў зроблены на адукацыйны складнік. Сёлета каардынатары праекта прапануюць прафесіяналам сустрэцца для абмеркавання актуальных задач фарміравання нацыянальнай кінаіндустрыі.

2015-11-11_03.49_.22_1_.jpgІндустрыяльная платформа Know How у рамках 22-га ММКФ "Лістапад"


Галоўнай ідэяй стане кансалідацыя намаганняў усіх удзельнікаў беларускага кінапрацэсу. «Мы пазіцыянуем сябе як пляцоўку для абмеркавання складаных пытанняў і абмену досведам у іх вырашэнні, - кажа каардынатар праекта Лізавета Бобрыкава. - Мы таксама лічым, што надышоў час сфарміраваць агульную базу дадзеных усіх нацыянальных кінавытворцаў, скласці поўны каталог беларускіх фільмаў за апошнія пяць гадоў, прыцягнуць маладых аўтараў-пачаткоўцаў»

Упершыню ў межах Індустрыі пройдзе Адукацыйны пітчынг. У яго працы змогуць прыняць удзел не больш за дзесяць праектаў, якія пройдуць папярэдні адбор. Зацікаўленыя могуць падаць заяўку да 15 кастрычніка на сайце Фестывалю па спасылцы. Асноўная задача гэтага мерапрыемства – падрыхтаваць праект да ўдзелу ў пітчынгах на міжнародных фестывалях. Апроч інтэнсіўнага практычнага трэнінгу, міжнародныя эксперты дадуць удзельнікам індывідуальныя кансультацыі.

Каардынатары Індустрыяльнай платформы разлічваюць прыцягнуць увагу ўдзельнікаў да правядзення «сцэнарнага сватання». У межах новага фармату беларускія сцэнарысты прадставяць свае працы перад аўдыторыяй рэжысёраў.

Сярод актыўнасцяў Індустрыі – сустрэчы з замежнымі экспертамі. Прадзюсар і сцэнарыст Крысцін Камдэсюпа гаворыць пра сістэму кінавытворчасці ў Францыі. Адборшчык фестывалю ў Карлавых Варах Ленка Цірпакова падзеліцца досведам працы індустрыяльнай пляцоўкі знакамітага еўрапейскага кінаагляду. Яна раскажа, ці можа Індустрыя Карлавых Вар стаць акном у вялікі свет для беларускіх кінематаграфістаў. Таксама сустрэчу правядзе вядомы польскі дакументаліст Барташ Канопка

У межах майстар-класа Павал Лазінскі, удзельнік і пераможца Фестывалю («Бацька і сын», Гран-пры «За лепшы дакументальны фільм», 2013 г.), абмяркуе з аўтарамі-пачаткоўцамі іх працы. Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна даслаць карціны на электронную скрыню industry.listapad@gmail.com да 20 кастрычніка.

Сачыць за навінамі праграмы Індустрыяльнай платформы можна таксама ў суполцы Праекта. Рэгістрацыя ўдзельнікаў на Індустрыяльную платформу неўзабаве распачнецца на сайце Фестывалю.