Прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная анансаванню конкурснай праграмы 23-га ММКФ «Лістапад»

20 кастрычніка ў кінатэатры «Мір» прайшла прэс-канферэнцыя, дзе анансавалі фільмы конкурснай праграмы МКФ «Лістапад» і распавялі пра дэталі арганізацыі фестываля, а таксама пра кошт квіткоў.

IMG_6500.jpg

Ірына Белякова, кіраўнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі, распавяла, што «Лістапад» стане яскравай культурнай падзеяй сыходзячага Года культуры. Фестываль з’яўляецца адным з буйнейшых кінафорумаў краіны, дзе адбываюцца паказы фільмаў і творчыя сустрэчы.

Дырэктар праграм ігравога кіно МКФ «Лістапад» Ігар Сукманаў нагадаў, што 4 лістапада ў кінатэатры «Масква» гледачы пабачаць фільм, што адкывае фестываль – «Пецярбург. Толькі па любві» (Расія). У стварэнні фільма пра паўночную сталіцу прымалі удзел сем жанчын-рэжысёраў. Аксана Бычкова ─ адна з аўтарак альманаха ─ прыедзе прэзентаваць карціну ў Мінск. Закрываць фестываль будзе апошні фільм выдатнага польскага рэжысёра Анджэя Вайды «Рэшткі вобразаў», які вылучаны Польшчай на атрыманне прэміі «Оскар». Паказ адбудзецца ў «Маскве» 11 лістапада. Фільм закрыцця стане данінай памяці аднаму з найвялікшых мэтраў сусветнага кінематографа.

IMG_6512.jpg

Анжаліка Крашэўская, дырэктар ММКФ «Лістапад», працягнула прэс-канферэнцыю словам памяці Расціслава Янкоўскага: «На вялікі жаль, у гэты год не будзе на адкрыцці кінафестывалю Расціслава Янкоўскага, які вельмі доўга выконваў важную місію ─ галоўнага старшыні кінафестывалю». Спікер распавяла, што ў гэтым годзе фестываль будзе праходзіць больш сціпла, таму што «і год быў не просты, і жыццё не простае, але мы зрабілі ўсё магчымае, каб парадаваць тых гледачоў і прафесіяналаў, якія будуць хадзіць на кінапаказы». Дырэктар фестывалю падзякавала партнёраў і спонсараў, якія падтрымалі «Лістапад», асабліва адзначыўшы кампаніі «Гомельтранснафта Дружба», ТАА «Еўрагандаль», ЗАТ «Штадлер Мінск», ТАА «АСБ Лізінг», ЗАСТ «Белнафтастрах», ЗАТ МТІС, якія аказалі фестывалю фінансавую дапамогу ў гэты няпросты год. «Усім кампаніям выказваем наша прызнанне і павагу», ─ падкрэсліла Анжаліка Крашэўская.

Прыемнай навінай падзялілася Ірына Дзям'янава, дырэктар праграм неігравога кіно ММКФ «Лістапад». У гэтым годзе 24 фільмы будуць змагацца за перамогу ў нацыянальным конкурсе ў намінацыях ігравое кіно, дакументальнае кіно і анімацыя. Упершыню, пераможцы ў ігравой і дакументальнай секцыі атрымаюць не толькі памятныя статуэткі, але і магчымасць супрацоўнічаць з прадзюсерамі Віктарам Лабковічам і Сяргеем Якубоўскім, якія дадуць ім здымачную апаратуру і тэхнічнае забеспячэнне фінальнага этапу вытворчасці (post-production) на наступны фільм. Такая падтрымка важная для маладых рэжысёраў, якіх нямала ў спісе ўдзельнікаў фестывалю. 

У асноўным конкурсе дакументальнага кіно будзе прадстаўлена 12 фільмаў. «Мы хацелі паказаць вельмі рознае кіно: маладых і масцітых рэжысёраў; пра маладых людзей і пра тых, якія на схіле жыцця задумваюцца аб яго сэнсе; фільмы, якія датычацца малавядомых старонак гісторыі, знятыя ў экзатычных месцах », ─ пракаментавала праграму Ірына Дзям'янава.

IMG_6476.jpg

Ігар Сукманаў распавёў,  што ў гэтым годзе восем фільмаў будуць прадстаўлены ў конкурсе «Лiстападзiк». Фільмы гэтай праграмы адрозніваюцца новым фарматам: «Сучасны дзіцячы фільм ─ гэта не пра прыгоды і школьныя гісторыі, цяпер на першы план выходзяць фільмы, дзе дзяцінства прадстаўлена вельмі дакладна, дзе зафіксаваны ўсе найбольш складаныя моманты пары сталення. Мы будзем рабіць стаўку на карціны, у якіх уздымаюцца праблемы існавання дзяцей у гэтым вялікім свеце. Трэба сказаць, што ў гэтым годзе у конкурсе будуць работы двух найбуйнейшых рэжысёраў сусветнага кінематографа: Мішэль Гондры, якога вы ўсё добра ведаеце па фільму «Вечнае ззянне чыстага розуму», і карціна аднаго з лепшых рэжысёраў незалежнага амерыканскага кіно Айры Сакса».

Дэбютныя карціны з усяго свету пакажуць у рамках конкурсу «Маладосць на маршы». Дванаццаць работ ад маладых рэжысёраў, чые імёны яшчэ не прымільгаліся ў кінематографе, але ўжо гучна заявілі пра сябе на кінафестывалях ў Сан-Себасцьяне, Канах, Сан-Францыска.

Акрамя кінапаказаў фестываль правядзе Індустрыяльную платформу. Лізавета Бобрыкава, каардынатар Індустрыяльнай платформы МКФ «Лістапад», распавяла пра навінкі гэтага года: адукацыйны пітчынг ад гасцей са Швецыі, праект «Сцэнарнае сватаўство» для сцэнарыстаў, якія хочуць паказаць свае працы беларускім рэжысёрам і прадзюсерам. Асноўнырасклад платформы стане даступны 24 кастрычніка. Ужо цяпер вядома, што ўсе мерапрыемствы будуць праводзіцца ў Галерэі TUT. BY на бясплатнай аснове, але неабходная папярэдняя рэгістрацыя.

Прэс-канферэнцыя завяршылася інфармацыяй, што цікавіць кожнага гледача: колькі каштуюць квіткі ў гэтым годзе?

З 27-га кастрычніка касы кінатэатраў пачнуць папярэдні продаж на ўсе сеансы фестывалю. У кінатэатры «Масква» білет на адкрыццё і закрыццё ─ 10 рублёў. У кінатэатры «Мір» вячэрнія, святочныя, выхадныя дні ─ 2,5 рубля, у дзённыя і будзённыя ─ 2 рублі. Кінатэатр «Перамога» цана білетаў на ўсе сеансы ─ 2,5 рубля. У кінатэатры «Цэнтральны» будуць праходзіць начныя сеансы з 22.00 білет ─ 6 рублёў, у вячэрнія, святочныя і выходныя дні з 17.00 да 22.00 ─ 5 рублёў, у дзённы час 17.00 і буднія дні ─ 3,5 рубля, у ранішні час да 12.00 ─ 2 рублі. У кінатэатры «Піянер» кошт на ўсе фільмы «Лiстападзiк» ─ 1,15, у вячэрні час, у святочныя і выхадныя дні ─ 4 рубля, у дзённы час, буднія дні ─ 2 рублі.