У МІНСКІ ПРАКАТ ВЫХОДЗІЦЬ НОВЫ ФІЛЬМ МАЙСТРА «ЧОРНАЙ КАМЕДЫІ» ТОДА СОЛАНДЗА «ТАКСА»

У пракат выходзіць трагікамедыя «Такса» ад аднаго з вядучых рэжысёраў незалежнага амерыканскага кіно Тода Соландза. Сусветная прэм'ера фільма адбылася на фестывалі «Сандэнс» у 2016 годзе. У Мінску карціна будзе дэманстравацца з 3 па 16 кастрычніка ў кінатэатры «Перамога».


greta-gerwig-wiener-dog.jpgКадр з фільма "Такса"


Фільм раскажа гісторыю дамашняга сабакі, якому пашанцавала змяніць на працягу свайго жыцця некалькіх гаспадароў. Чатыры чалавечыя лёсы аказваюцца звязанымі агульным гадаванцам. Таксе даводзіцца быць сваім гаспадарам не толькі сябрам, але і няняй, псіхолагам і нават памагатай у авантуры.



Сусветную вядомасць Тоду Соландзу прынеслі іранічныя, з'едлівыя гісторыі на тэму чалавечага глупства. Дзякуючы карцінам, у якіх ён выкрывае міфы грамадства спажывання, Соландз стаў адным з самых заўважных незалежных рэжысёраў ЗША, аднолькава папулярным у крытыкаў і гледачоў. Яго фільмы неаднойчы ўдзельнічалі ў найбуйнейшых фестывалях свету, у тым ліку «Сандэнс» («Сардэчна запрашаем у лялечны дом»), Канскі кінафестываль (прыз ФІПРЭСІ за фільм «Шчасце»), Венецыянскі кінафестываль (прыз за лепшы сцэнар фільма «Жыццё ў ваенны час»).

У «Таксе» Соландз аб'яднаў некалькі пакаленняў выбітных актораў. У фільме зняліся уладальнік прэмій «Залаты глобус» і «Эмі» Дэні ДэВіта, французская актрыса і рэжысёр Жулі Дэльпі («Перад світаннем», «Перад заходам», «Тры колеры: белы»), намінант прэміі «Залаты глобус» Кіран Калкін («Ігбі ідзе на дно», «Скот Пілігрым супраць усіх») і Грэта Гервіг, зорка фільмаў Ноа Баумбаха «Мілая Фрэнсіс» і «Спадарыня Амерыка».