«ГЭТАЯ КАРЦІНА БЫЛА СТВОРАНА ДЛЯ ТАГО, КАБ ПАЛЕПШЫЦЬ ГЭТЫ СВЕТ»: У МІНСКУ ПАКАЗАЛІ «ГРАНАТАВЫ САД» ІЛЬГАРА НАДЖАФА

«Гранатавы сад» з праграмы асноўнага конкурсу ігравога кіно пасля паказу ў Мінску заняў адну з першых пазіцый у глядацкім рэйтынгу. Але пасля прэм'еры гледачы не толькі актыўна галасавалі, але і ўдзельнічалі ў абмеркаванні карціны з прадзюсерам Алі Іса Джаббаровым, які прадстаўляў стужку, задавалі пытанні і жартавалі. Як высветлілася, падабенства з «Вішнёвым садам» А. П. Чэхава не адзіная іскрынка фільму.

ГС-сл-1.jpgКадр з фільму «Гранатавы сад».

Аб карціне Ільгара Наджафа па апісанню можна зразумець няшмат: сюжэтам і назвай яна пераклікаецца з вядомым творам рускай класікі, але гэта – толькі канва, на якую нанізаны яркія візуальныя сімвалы і ўнікальныя для Азербайджана сэнсы.

«Спачатку Ільгар Наджаф напісаў 5-старонкавы сінопсіс. Толькі калі ён пачаў працаваць над сцэнаром, Чэхаў стаў выяўляцца  усё больш і больш. Гэта не экранізацыя “Вішнёвага саду”, гэта натхнёная “Вішнёвым садам” праца», – дзеліцца дэталямі творчага працэсу Алі Іса Джаббар.

Сакавітая дэталёвая карцінка, цёплыя колеры і шырокі з некалькімі фокусамі кадр – вось што адразу чапляе вока ўважлівага гледача. Розум і пачуцці адгукаюцца на глыбокую прыватную і грамадскую драму, якая разгортваецца ў гэтых дэкарацыях.

Шаміль – стары гаспадар саду, той самы чэхаўскі памешчык, які жыве і квітнее разам з парасткамі сваіх дрэў. Дрэвы - гэта сям'я, карані. Вось толькі адзін яго сын загінуў, а другі знік 12 гадоў таму, пакінуўшы з бацькам сваю жонку Сару з немаўляткам Джалалам на руках. Суседзі зайздросцяць Шамілю і мараць выкупіць сад, каб знішчыць яго і пабудаваць на гэтым месцы заводы. Сара гадуе сына адна і раптам пазнае, што той не адрознівае чырвоны колер: плады граната, гонару сям'і і нацыі, ён бачыць чорнымі як смоль. Час ідзе, 12-гадовы Джалал становіцца разумным не па гадах. Жыццё ідзе сваім парадкам, але ў адну ноч усё ў гэтай маленькай сям'і змяняецца, бо ўваскрасае той, каго даўно перасталі аплакваць: бацька Джамала Габіль вяртаецца з заробкаў.

Усе збянтэжаны, але ў той жа час Габіль стараецца паводзіць сябе нязмушана. «Хіба ўжо няма дарогі да сада?» – «Шмат чаго змянілася», – суха адказвае яму бацька. «Усё, што ў мяне засталося – гэтыя дрэвы», – кажа ў гутарцы з сынам Шаміль. Гэта ў чарговы раз кранае Габіля, бо пасля смерці брата адной з прычын таго, як моцна ён змяніўся, стала менавіта дрэннае стаўленне бацькі да яго. «Для мяне ў гэтым доме ніколі не было месца», – кідае Габіль. «Мы ўсе адна сям'я», – кажа Шаміль. Ён злуецца на Габіля, але гатовы яму дараваць. Толькі Габіль выяўляецца не тым, за каго сябе выдае.

06.11.2017_КТ Центральный_Гранатовый сад_от Наташи Кирилко_14.JPGФота Наталлі Кірылка  

Адныя ўбачаць канфлікт фільму ў недастатковым разуменні ў сям’і, іншыя – у складанасцях працоўнай міграцыі, трэція – у вечным супрацьстаянні капіталізма супольным каштоўнасцям.

Ігар Сукманаў, дырэктар праграм ігравога кіно, адзначае: «Гэта не толькі паэтычнае, але і вельмі сацыяльнае кіно. Вобраз кармільшыка ў культуры Закаўказзя трывалы і станоўчы, за бацькам усё як за мураванай сцяной  тут жа адбываецца адваротнае».

Нягледзячы на жаданне са-прадзюсераў паказваць рэаліі ва ўпрыгожаным выглядзе, аўтары карціны пайшлі па сваім шляху: «Ільгар Наджаф  рэаліст, таму ў поўнай меры паэтычнае кіно ён рабіць і не стаў бы, гэта зразумела з яго творчага партрэта», – распавёў Алі Іса Джаббар.

Між тым імкненне прытрымлівацца традыцый у стваральнікаў фільма ўсё роўна застаецца.

Алі Іса Джаббараў падзяліўся: «Асноўная тэма большасці азербайджанскіх фільмаў – даследаванне сям'і. Спецыфіка нашага грамадства – у сямейных каштоўнасцях. У гэтым ёсць і адмоўныя бакі: кланавае, трайбовае мысленне, але калі людзі блізкія адзін аднаму, гэта дапамагае змагацца з дыктатам капіталу, фінансавай залежнасцю». У фільме прыярытэты ў членаў адной сям'і апынуліся розныя – у гэтым і ёсць драма «Гранатавага саду».

Ігар Сукманаў згадвае пра тое, што Чэхаў таксама часта звяртаўся да тэмы ўплыву капіталізму на чалавечыя душы. Гэта яшчэ адна вытанчаная чэхаўская паралель у карціне.

Гледачоў цікавяць і больш зямныя пытанні: наколькі вялікі сад паказаны ў фільме, наколькі значныя такія сады ў Азербайджане? Алі Іса Джаббар адказвае: «Гранатавая гаспадарка дыктуе стыль жыцця тых, хто там жыве і ёй займаецца. Акрамя таго, што гранат смачны і карысны, у яго ёсць і містычныя якасці, аўра: аднак у гэтым фільме гранат выступае не столькі як сімвал – хутчэй, ён цікавы візуальна».

06.11.2017_КТ Центральный_Гранатовый сад_от Наташи Кирилко_5.JPGФота Наталлі Кірылка    

У фінальнай сцэне за акном зноў квітнеюць гранатавыя дрэвы, але Джамал бачыць іх чорнымі. «Гэта значыць, надзеі няма?» – пытаюцца ў Алі Іса з залы.

«Разумееце, задача такога кіно – праз шок прывесці гледача да адчування рэальнасці. Надзеі няма, але вы бачыце, што няма ні добрых, ні дрэнных герояў», – тлумачыць Джаббар.

Ігар Сукманаў дадае: «Мне здаецца, вобраз чорных пялёсткаў - гэта не толькі погляд хлопчыка, які не распазнае чырвонае і чорнае, гэта ўжо наш погляд, мы самі пачынаем бачыць, што ў прыгажосці ёсць чарвяточына, і гэты зварот датычыцца нас: як зрабіць так, каб вярнуць свету яго натуральныя тоны і фарбы? Мне здаецца, гэтая карціна як раз і была створана для таго, каб палепшыць гэты свет».

У канцы прэзентацыі Алі Іса Джаббар падарыў Ігару Сукманаву гранат – адзін з тых, што былі вырашчаны на сонечных плантацыях азербайджанскай правінцыі. І гэта не проста падарунак, гэта сімвал: кіно, у тым ліку азербайджанскае, жыве і іграе рознымі фарбамі – трэба толькі навучыцца іх бачыць.


Тэкст: Аліна Бурая