«МОСКВА» СЛЯЗАМ НЕ ВЕРЫЦЬ: ЯК ПАЧЫНАЎСЯ 24 МІНСКІ МІЖНАРОДНЫ КІНАФЕСТЫВАЛЬ «ЛІСТАПАД»

3 лістапада ў кінатэатры «Масква» адбылося ўрачыстае адкрыццё 24-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", дэвіз якога ў гэтым годзе – "Ісціна, каханне і прыгажосць». Знакамітыя госці і члены журы, чырвоная дарожка і прэм'ерны паказ фільма Барыса Хлебнікава «Арытмія» – гэта і многае іншае радавала ўчора першых гасцей фестывалю.

церемония открытия - 1.jpgФота Кацярыны Аляксеевай.

Вечарам 3 лістапада кінатэатр «Масква» асвятліўся чырвонымі агнямі блізкага свята. Да пачатку цырымоніі публіка і ўдзельнікі фестывалю не сумавалі: на парадных усходах – фотазона з юнакамі ў фраках і кацялках, на другім паверсе – жывая музыка.

Паступова пад апладысменты гледачоў на чырвоную дарожку сталі выходзіць госці фестывалю: першымі з'явіліся народны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яфрэмаў і актрыса тэатра і кіно Вера Палякова. Пасля гледачам прадставілі старшыню Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктара Васільева, за ім па чырвонай дарожцы прайшлі народныя і заслужаныя артысты і артысткі Рэспублікі Беларусь, рэжысёры, ўдзельнікі і члены журы конкурсных праграм фестывалю. Ажыятаж сярод журналістаў выклікала з'яўленне ганаровага госця фестывалю – рэжысёра, акцёра сцэнарыста і тэлевядучага Уладзіміра Мяньшова.

Пасля прывітання усе перамясціліся ў кіназалу. Пачаў цырымонію музычны нумар у стылі 20-х гадоў, затым да гасцей і гледачоў звярнуліся вядучыя – вядомы шоў-тандэм Кацярыны Раецкай і Дзяніса Дудзінскага.  

Запрошаны на сцэну намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жарко перадаў гасцям і ўдзельнікам фестывалю пасланне ад кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка: «Дэвіз сёлетняга фестывалю – «Ісціна, каханне і прыгажосць» – вельмі добра адлюстроўвае яго місію: служыць высокім маральным і эстэтычным ідэалам, захоўваць і памнажаць лепшыя дасягненні нацыянальнага і сусветнага кінематографа. Упэўнены, што «Лістапад» стане значнай падзеяй гэтага года і паспрыяе ўзмацненню дружбы паміж народамі».

На сцэну запрасілі Уладзіміра Мяньшова. Кінатэатр «Масква» слязам не верыць, ён верыць бурным апладысментам: яны доўга не змаўкалі, калі Уладзіміру Мяньшову ўручылі спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве». «Падчас вайны Беларусі дасталася як ні адной іншай рэспубліцы. І яна пышна адбудавалася, адрадзілася. Мне вельмі падабаецца, што ў вас адбываецца цяпер. Я вельмі ганаруся гэтай узнагародай, якую мне ўручае Прэзідэнт рэспублікі і кінематаграфічная грамадскасць краіны», – выказаў падзяку рэжысёр. У якасці падарунка фестывалю ў выкананні Веры Паляковай прагучала песня з кінафільма «Масква слязам ня верыць», у гэты час на экране мільгалі сцэны з фільму, выклікаючы ў гледачоў настальгічныя ўхмылкі.

03.11.2017_КТ Москва_Открытие_от Наташи Кирилко_17.JPGФота Наталлі Кірылка.

Пасля гэтага разам з маладымі кінематаграфістамі, удзельнікамі нацыянальнага конкурсу фестывалю, Уладай Сяньковай, Нэлай Васілеўскай, Андрэем Кашперскім, Кірылам Ярохіным і іншымі Уладзімір Валянцінавіч Мяньшоў разбіў талерку аб штатыў відэакамеры. Фестываль абвясцілі адкрытым.

Надышла чарга прадставіць і членаў журы. Многія з іх прысутнічалі ў зале: старшыня журы асноўнага конкурсу ігравога кіно Бенс Флігаўф і член журы Русудан Глурджыдзэ, старшыня журы асноўнага конкурсу неігравога кіно Андрэй Загданскі, члены міжнароднага журы кінапрэсы ФІПРЭССІ Дзімітр Кабаіванаў і Наталля Агафонава.

Дзімітр Кабаіванаў падзяліўся спадзяваннямі ад фестывалю: «Вельмі цікавіць беларускае дакументальнае кіно, дэбютныя карціны, новыя асобы». Наталля Агафонава дадала: «У нас, у конкурсе Фіпрэссі, самая доўгая праграма: у яе ўваходзяць дакументальныя, дзіцячыя фільмы, а таксама некалькі фільмаў з праграмы «Маладосць на маршы». Сутнасць у тым, што гэта ўсё – дэбютныя карціны. Мне заўсёды вельмі цікава глядзець тое, што могуць прыдумаць маладыя рэжысёры».

Пасля прадстаўлення каманды журы публіка пазнаёмілася з конкурснымі карцінамі 24-га фестывалю: на вялікім кінаэкране паказалі нарэзку кадраў з фільмаў, якія ўдзельнічаюць у «Лістападзе» гэтага года. Такім чынам, цырымонія адкрыцця фестывалю падышла да заканчэння, плаўна ўступіўшы месца пранізліваму хіту гэтага года – новаму фільму Барыса Хлебнікава «Арытмія». Гэтая стужка таксама ўдзельнічае ў асноўным конкурсе ігравога кіно. Нагадваем, што конкурсная праграма стартуе сёння. Не забывайце галасаваць за ўпадабаныя фільмы, бо, магчыма, менавіта ваш голас вызначыць вынік галасавання гледачоў.

Тэкст: Аліна Бурая