ПЛАНЫ НА ДЗЕНЬ: 10 ЛІСТАПАДА

Усё добрае калі-небудзь сканчаецца, і 24 ММКФ «Лістапад» знаходзіцца на фінішнай прамой. Але не спяшайцеся сумаваць: наперадзе яшчэ адзін фестывальны дзень, а значыцца, вас чакае выдатнае кіно, цырымонія закрыцця і доўгачаканае абвяшчэнне фільмаў-пераможцаў асноўных конкурсных праграм. Бо, як казалі рымляне, finis coronat opus  канец вянчае справу.

Жанетт - сл-2.jpgКадр з фільму «Жаннетт, дзяцінства Жанны д’Арк».

Кінатэатр «Цэнтральны»

А 12:00 у мінскіх гледачоў ёсць яшчэ адзін шанец убачыць на вялікім экране першы ігравы фільм маладога польскага рэжысёра Яна П. Матушыньскага «Апошняя сям'я». Стужка апавядае пра сямейнае жыццё Здзіслава Бексіньскі, знакамітага польскага мастака-сюррэаліста. Гісторыя эксцэнтрычнага мастака і яго родных, поўная змрочнага гумару, ужо заваявала ўзнагароду за лепшую акцёрскую ігру ў Лакарна і працягвае падарожнічаць па фестывалях.

А 14:30 – паўтор мюзікла «Жаннетт, дзяцінства Жанны д'Арк» французскага рэжысёра Бруна Дзюмона, двухкратнага лаўрэата Канскага кінафестывалю.

Праграма «Чалавечыя камедыі» будзе прадстаўлена а 17:00 фільмам «Мастацтва любові. Гісторыя Міхаліны Віслоцкай». Рэжысёр карціны Марыя Садоўска цікавіцца фемінізмам і рэпрэзентацыяй жанчын у кіно, і «Мастацтва любові...» – ужо другая кінастужка, якая адлюстроўвае яе погляды. Фільм распавядае пра сэксуальную рэвалюцыю сярод жыхароў Польскай Рэспублікі, якую здзейсніла ўрач-гінеколаг Міхаліна Віслоцкая сваёй кнігай «Мастацтва любові».

А 19:30 «Цэнтральны» пакажа фільм закрыцця 24-га ММКФ «Лістапад» «Восеньскі самурай» – іранічную меладраму пра няўдачлівага выкладчыка ўсходніх адзінаборстваў. Рэжысёр карціны Даніла Бячковіч у Мінск прыехаць не змог, таму мінскай і замежнай публіцы «Восеньскага самурая» прадставяць прадзюсер Андрыяна Сафранік і кампазітар Марка Кон.

Апошні фестывальны дзень у «Цэнтральным» сімвалічна скончыцца праглядам кінастужкі «Хэпі-энд» аўстрыйскага рэжысёра Міхаэля Ханэке. Паказ пачнецца а 21:40.

Кінатэатр «Піянер»

А 19:00 мінская публіка ўбачыць фільм «Чарльстан» – паўтор румынскай чорнай камедыі ад Андрэя Крэцулеску. Скончацца фестывальныя паказы а 21:30 карцінай «Мадам Хайд» – драмай пра сціплую школьную настаўніцу, у характары якой адбыліся значныя перамены пасля ўдару маланкі. Галоўную ролю ў фільме сыграла Ізабэль Юпэр, а паставіў карціну Серж Базон – не дзіўна, што квіткі на фільм амаль раскуплены.

SA-сл-1.jpgКадр з фільму «Восеньскі самурай».

Кінатэатр «Мір» (першая і другая залы)

Для аматараў дакументальнага кіно працягваюць сваю працу абодзве залы кінатэатра «Мір». На экране залы №1 – стужка «Бойс» пра аднаго з славутых тэарэтыкаў постмадэрнізму (пачатак – а 19:00) і фільм «Шчаслівы», дзе рэжысёр карціны Каралін Генрайт спрабуе разабрацца ў жыцці свайго бацькі, які вырашыў ажаніцца на маладой тайцы (пачатак – 21:00). У зале №2 пакажуць карціны «Народжаны ў Сірыі» аб дзецях-бежанцах (пачатак – 19:30) і «Наталля Гарбанеўская: «Я не гераіня» пра жанчыну, якая выйшла на Чырвоную плошчу ў знак пратэсту супраць уводу войскаў у Чэхаславакію ў 1968 годзе (пачатак - 21:30).

Falcon Club Буцік Кіно, зала 4

Апошні шанец атрымаць асалоду ад стужак з пазаконкурснай праграмы «Лістапада» ва ўтульных крэслах «Falcon Club Буцік Кіно» – сённяшнія паказы фільмаў «На мяжы» і «Малады Гадар»! Абедзве карціны ўжо паспелі заваяваць сусветную вядомасць і атрымаць прэстыжныя ўзнагароды і намінацыі. Паказы пачнуцца а 19:30 і 21:30 адпаведна.

Кінатэатр «Масква»

Афіцыйная цырымонія закрыцця 24-га ММКФ «Лістапад» пачнецца а 18:00 у кінатэатры «Масква». Пасля абвяшчэння пераможцаў адбудзецца паказ фільма закрыцця Фестывалю «Восеньскі самурай» – спартыўнай драмы сербскага рэжысёра Данілы Бечкавіча.

Апошні фестывальны паказ адбудзецца 11 лістапада ў кінатэатры «Масква». Мінскія гледачы ўбачаць дэтэктыўны трылер Ёргаса Ланцімаса «Забойства свяшчэннага аленя» за два месяцы да сусветнай прэм'еры. Калі вам спадабаліся «Ікол» і «Лобстэр», паспяшайцеся: квіткоў засталося мала! Пачатак фільма – а 19:00.

Калі вы будзеце сумаваць па фестывалю гэтак жа, як і мы, прыходзьце на паказы «Лістапад. Калекцыі». Адразу пасля «Лістапада» ў пракат выйдуць хіты гэтага фестывалю: «Арытмія»«Пра цела і душу», «Квадрат» і іншыя. І да наступнага года мы будзем радаваць вас выдатным кіно ў мінскіх кінатэатрах.