ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА КІНО Ў «ПІЯНЕРЫ»

17 снежня, у Дзень беларускага кіно, кінатэатр «Піянер» пакажа 6 кароткаметражных фільмаў беларускіх рэжысёраў-удзельнікаў кінафестывалю "Лістапад" гэтага года. У праграму ўвайшлі стужкі Влады Сяньковай, Дзмітрыя Дзядка, Нэлы Васілеўскай, Сашы Сцельчанка, Лізаветы Рыдван і фільм Юліі Рудзіцкай «І поўня стала», які стаў лепшай анімацыйнай карцінай Нацыянальнага конкурсу «Лістапада». Фільмы прадставяць здымачныя групы. Пачатак паказу а 16.00.

1 (1).jpgКадр з фильму «From a Great Height»

Фільм «From a Great Height» (першапачатковая назва «Paranoid Android») Влады Сяньковай распавядае пра тое, як зьбег абставінаў зводзіць сірыйца і беларуса ў цягніку на Варшаву. Гэта не першая кароткаметражная праца Влады, у 2015 годзе «Лістапад» паказаў яе фільм «Беларусь якая». А яе поўнаметражны дэбют «Граф у апельсінах», зняты два гады таму, атрымаў Discovery Award на кінафестывалі ў Котбусе (Германія), дыплом «За смелы і свежы погляд» на «Лістападзе-2016», а таксама прыняў удзел у Маскоўскім міжнародным кінафестывалі.

«Сумленны погляд» Дзмітрыя Дзядка распавядае пра жыццё маладога рэжысёра, які здымае фільм, галоўны герой якога – нешта сярэдняе паміж Данілам Барвовы з фільму «Брат» і героем «Сталкера» Таркоўскага. Аўтар гэтага іранічнага «кіно пра кіно», які выклікаў яркія эмоцыі ў гледачоў «Лістапада», Дзмітрый Дзядок - адзін з самабытных маладых аўтараў, які паспяхова працуе і ў ігравым («Невядомы мужчына»), і ў дакументальным («Паміж небам і зямлёй») кінематографе.

Кадр 3.jpgКадр з фільму «Сябры па перапісцы»

Наступны фільм праграмы Дня беларускага кіно – «Сябры па перапісцы» Нэлы Васілеўскай. Антон і Ліза знаёмыя ўжо год, яны закаханы адзін у аднаго, але маюць зносіны выключна праз сацыяльныя сеткі, бо жывуць у розных гарадах. Антон вырашаецца прыехаць да Лізы з Масквы ў Мінск, каб сустрэцца ў рэальнасці. Нэла Васілеўская – малады беларускі рэжысёр, якая зрабіла ўжо каля дзесяці кароткаметражных фільмаў, што неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі і прызёрамі кінафестываляў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстану, Германіі.

Яшчэ адзін фільм праграмы – «Імітацыя» Сашы Сцельчанка, студэнта Пражскай акадэміі выяўленчых мастацтваў. Алёна, якая працуе ў Чэхіі хатняй прыслужніцай, упэўнена: калі яна будзе з Томашам, яе чакае выдатная будучыня. Сваё сацыяльнае становішча яна ўспрымае як перашкоду. Няўпэўненасць у сабе і пачуццё неабароненасці прымушаюць яе хаваць праўду і весці падвойнае жыццё.

Фільм «Трамвай» Лізаветы Рыдван распавядае гісторыю маладога чалавека, які закахаўся ў дзяўчыну свайго брата. Гэта карціна пра неразуменне ў сям'і, няўважлівасці да блізкіх і адзіноце. «Трамвай» – дэбютная праца Лізаветы, цяпер яна вучыцца ва УДIК імя С. А. Герасімава (майстэрня Сяргея Салаўёва).

У праграму ўвайшоў таксама адзін анімацыйны фільм – работа Юліі Рудзіцкай «І поўня стала», у якім паспяхова спалучаюцца фальклор, містыка і вельмі высокі ўзровень анімацыі. Карціна Юліі заваявала ўзнагароду Нацыянальнага конкурсу «Лістапада» як лепшы анімацыйны фільм, а таксама шматлікія прызы фестываляў па ўсім свеце.