КІНАПРАЕКТ «ХРУСТАЛЬ» БЕЛАРУСКІ ДАР'І ЖУК АТРЫМАЎ ГАЛОЎНУЮ ЎЗНАГАРОДУ Ў СЕКЦЫІ WORKS IN PROGRESS У ТАЛІНЕ

Фільм «Хрусталь» беларускага рэжысёра Дар'і Жук быў прызнаны лепшым у секцыі Works in Progress Талінскага міжнароднага кінафестывалю «Цёмныя ночы». Талінскі МКФ з'яўляецца фестывалем класа «А», нароўні з Канскім, Берлінскім і Венецыянскім. У рамках секцыі Works in Progress праходзяць прэзентацыі карцін, праца над якімі яшчэ не скончана. Галоўную ўзнагароду атрымлівае праект, які, на думку журы, паспяхова спалучае творчы і камерцыйны патэнцыял.

24173206_1839691509428965_2202980113788680612_o.jpgФота: Industry@Tallinn & Baltic Event

«Хрусталь» – гісторыя, навеяная юнацтвам самой Дар'і. Дзеянне фільма адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. Свабодалюбная дзяўчына-дыджэй марыць з'ехаць у Амерыку, але робіць памылку ў заяве на візу. Цяпер яна вымушана правесці тыдзень у невялікім завадскім гарадку, каб не пазбавіцца шанцу здзейсніць сваю «амерыканскую мару».

Журы секцыі Works in Progress, у якое ўвайшлі прадстаўнікі кінакампаніі Warner Brothers, кінафестывалю ў Сіэтле, буйных дыстрыбутарскіх кампаній «Wild Bunch» і «MK2» (Францыя), узнагародзіла фільм Дар'і Жук з фармулёўкай: «Хрусталь» – гэта інтрыгуючая гісторыя з лёгкай іроніяй, гумарам і шматлікімі культурнымі адсылкамі, якая ўяўляе сабой яркі і свежы погляд на старую добрую амерыканскую мару». У якасці ўзнагароды фільму будуць дадзены паслугі па пост-прадакшну на кінастудыі ў Фінляндыі на суму 10 000 еўра.

Сярод праектаў, якія прымалі ўдзел у секцыі Works in Progress у Таліне, – новы фільм Аляксандра Кота («Брэсцкая крэпасць», «Выпрабаванне»), апошняя рэжысёрская работа Веры Глаголевай, прадзюсерскі праект Русудан Глурджыдзэ, якая ў гэтым годзе ўдзельнічала ў працы журы «Лістапада» і фільм якой атрымаў узнагароду Baltic View Award, а таксама праекты з ЗША, Вялікабрытаніі, Калумбіі, Нарвегіі, Аргенціны і іншых краін.

«Гэтая ўзнагарода вельмі важная для нас, бо яна даказвае, што і фільм з параўнальна невялікім бюджэтам можа канкурыраваць з замежнымі карцінамі. У Беларусі магчыма рабіць кіно, якое цікава і нам, і за мяжой», – кажа рэжысёр фільма Дар'я Жук.

Здыманне фільму праходзіла ў Беларусі. У яго стварэнні прымалі ўдзел кінакампанія «Дэмарш-фільм», кінастудыя «Беларусьфільм» (Беларусь), кампаніі Unfound Content, Fusion Features, Vice Films (ЗША), а таксама нямецкія прадзюсеры.

Фільмам ужо зацікавіліся адборшчыкі буйных міжнародных кінафестываляў і міжнародныя дыстрыб'ютары. Прэм'ера карціны адбудзецца ў 2018 годзе.

Дар'я Жук нарадзілася ў Мінску ў сям'і журналістаў. У 16 гадоў паехала ў ЗША, скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на канале HBO. Рэжысёр і прадзюсер многіх кароткаметражных карцін, сярод якіх – фільм «Сапраўдная амерыканка», які прымаў удзел у фестывалях па ўсім свеце і атрымаў дыплом Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2015».