Маладосць, шчасце і каханне – у Новы год з праектам «Лістапад. Калекцыя»

Першы месяц 2018 года «Лістапад. Калекцыя» правядзе пад знакам Міхаэля Ханэке! У студзені праект пакажа адразу тры яго стужкі – «Піяністку» 2001 года, «Каханне» 2012 года і новы «Хэпі-энд». У праграме месяца таксама французская камедыя «Святочны перапалох» ад рэжысёраў «1+1»; лепшы рэжысёрскі дэбют года Канскага кінафэсту «Маладая кабета»; трохразовы намінант на надыходны «Залаты глобус» «Кліч мяне сваім імем»; трыумфатар Берлінале гэтага года «Пра цела і душу» і фільм пра жыццё аднаго з выбітных мастакоў ХХ стагоддзя  Альберта Джакамеці  «Апошні партрэт».

У самы першы дзень 2018 года ў мінскі пракат выходзіць карціна «Святочны перапалох». Свята ў замку пад Парыжам. Выдатны распарадчык, прафесійныя музыканты, дасведчаныя афіцыянты, прадуманая праграма. Што магло пайсці не так? Усё! Паставілі карціну французскія рэжысёры Аліўе Накаш і Эрык Таледана, вядомыя стваральнікі фільма «1+1» пра сяброўства арыстакрата Піліпа і адвязнага хлопца Дрыса. У кінатэатры «Піянер» «Святочны перапалох» пакажуць з 1 па 14 студзеня, а ў Falcon Club Буцік Кіна з 4 па 17 студзеня.

Таксама з 4 па 17 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно пакажуць «Маладую жанчыну» Леаноры Серай. Гэта гісторыя пра маладую дзяўчыну Паулу, якая вяртаецца ў Парыж і, не маючы ні гроша ў кішэні, з разбітым сэрцам і любай коткай спрабуе пачаць жыццё спачатку. Карціна была намінавана ў секцыі «Асаблівы погляд» Канскага фэстывалю гэтага года, а рэжысёр – Леанора Серай – атрымала ўзнагароду «Залатая камера» за лепшы рэжысёрскі дэбют.

2.jpgКадр з фільма «Маладая кабета»

Адзін з самых сенсацыйных фільмаў года – «Кліч мяне сваім імем» італьянскага рэжысёра Лука Гуаданьіна пакажуць у Мінску з 25 па 28 студзеня ў «Цэнтральным», «Беларусі» і «Піянеру» і з 25 па 30 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно. Гэта гісторыя пра сямнаццацігадовага юнака Эліа, які праводзіць лета на віле ў бацькоў, амерыканскага прафесара і перакладчыцы-італьянкі. Аднаго дня, зрэшты, ціхамірнасць летняга адпачынку парушае прыезд Олівера – маладога амерыканскага навукоўца, асістэнта бацькі Эліа. Карціне прадказваюць паспяховае фэставае жыццё – да 7 намінацый на «Оскар», яна таксама атрымала 3 намінацыі на «Залаты глобус», цырымонія ўзнагароджання якога, дарэчы, пройдзе 7 студзеня.

3.jpgКадр з фільма «Кліч мяне сваім імем»

У студзені «Лістапад. Калекцыя» яшчэ раз пакажа рамантычную меладраму венгерскага рэжысёра Ільдыка Энеді «Пра цела і душу», якая атрымала 4 узнагароды Берлінскага кінафэстывалю гэтага года, уключаючы «Залатога Мядзведзя» і Прыз ФІПРЭСІ. Гэта фільм пра калег – сціплай Марыі і свойлівым, але самотным Эндры. Абодва вядуць замкнёны лад жыцця і ухіляюцца камунікаваць адзін з адным. Нечакана яны пазнаюць, што кожную ноч ім сняцца аднолькавыя сны. Адкрыўшыся адзін аднаму, Эндры і Марыя апынуцца ў віры камічных і нават шакавальных падзей… Паказы пройдуць з 11 па 24 студзеня ў «Піянеру».


Таксама з 11 па 24 студзеня, але ў кінатэатры Falcon Club Буцік Кіно мінчукі ўбачаць фільм «Апошні партрэт» амерыканскага актора Стэнлі Тучы («Тэрмінал», «Галодныя гульні», «У цэнтры ўвагі»), уладальніка двух «Залатых глобусаў». Парыж пачатку 60-х, мастак Альберта Джакамеці аточаны прызнаннем калег, цікавасцю каханкі і рэўнасцю жонкі. Мастак, што чэзне над сваімі прыбыткамі і стомлены ад прадказальнага жыцця, знаходзіць супакой у кампаніі Джэймса Лорда – крытыка, які пазіруе яму. Галоўныя ролі выконваюць Арми Хамер («Сацыяльная сетка», «Агенты А.Н.К.Л.»), які таксама выконвае адну з галоўных роляў у «Кліч мяне сваім імем» і Джэфры Раш («Кароль кажа!», «Лепшая прапанова»).

«Лістапад. Калекцыя» у першы месяц года пакажа адразу тры карціны аднаго з самых значных рэжысёраў сучаснасці – Міхаэля Ханэке. Адзначыць праграму апошні фільм рэжысёра – «Хэпі-энд». «Усё вакол нас: і свет, і мы сляпыя», – так Міхаэль Ханэке характарызуе наш час. Люстэрка эпохі ў гэтай гісторыі – вялікая квітнеючая буржуазная сям'я. Яны забыліся, што такое чуласць, шчырыя пачуцці. Тыя нешматлікія, хто яшчэ неяк здольны выяўляць свае эмоцыі, трынаццацігадовая Ева (Фанціна Ардуін) і яе дзядуля Жорж (Жан-Луі Трэнціньян). Астатнім такую нястрыманасць не даруюць. Чужыя лёсы і сусветны крызіс для іх не больш, чым белы шум. Фільм-удзельнік пазаконкурснай праграмы «Лістапада» гэтага года і намінант на «Залатую пальмавую галіну» выходзіць у пракат з 25 студзеня ў кінатэатры «Цэнтральны» і Falcon Club Буцік Кіно і з 1 лютага ў «Піянеру».

happyend800.jpgКадр з фільма «Хэпі-энд»

З 11 па 17 студзеня ў «Піянеру» і Falcon Club Буцік Кіно ўпершыню ў Мінску пройдуць паказы аднаго з лепшых фільмаў рэжысёра - «Піяністка». Галоўная гераіня Эрыка – прафесар Венскай кансерваторыі. Яна вучыць моладзь дзівоснай музыцы Шуберта, сама ж, быўшы монстрам сучаснай цывілізацыі, страшна далёкая ад гармоніі нябесных сфер. Яна пазбаўлена ўсялякага падабенства асабістага жыцця і пад ложкам трымае набор садамазахісцкіх прылад. Калі ж у яе ўлюбляецца адзін з яе вучняў, яна шакуе і яго, і гледача зусім дзікімі рэакцыямі на юнацкае пачуццё. У галоўных ролях: Ізабель Юппер, Бенуа Мажимель і Ані Жырардо. У 2001 годзе, калі фільм выйшаў на экраны, на Канскім кінафэсце карціна атрымала рэкордныя тры ўзнагароды – «Гран-пры журы», а таксама за лепшыя мужчынскую і жаночую ролі.

Пад канец студзеня «Лістапад. Калекцыя» пакажа яшчэ адзін фільм Міхаэля Ханэке – «Каханне» 2012 года. Гэта тонкая, пачуццёвая карціна пра пажылую пару, пра выпрабаванне пачуццяў на заходзе жыцця. Карціна вырабіла агаламшальнае ўражанне не толькі на сусветных крытыкаў, але і на гледачоў па ўсім свеце. «Каханне» атрымала велізарную колькасць узнагарод на сусветных кінафэстах, уключаючы «Оскар» і «Залатую пальмавую галіну». Паказваць карціну будуць ў «Піянеру» і Falcon Club Буцік Кіно ўсяго тыдзень – з 18 па 24 студзеня.