РАМАНТЫК КАЎРЫСМЯКІ, АГАТА КРЫСЦІ І ЗОРНАЯ ВЕЧАРЫНКА – СНЕЖАНЬ У «ЛІСТАПАД. КАЛЕКЦЫІ»

У завяршэнне 2017 года праект «Лістапад. Калекцыя» падрыхтаваў для мінчан насычаную праграму кінанавін: чуллівы арт шэдэўр «Па той бок надзеі» уладальніка «Срэбнага мядзведзя» Берлінскага кінафестывалю гэтага года Акі Каўрысмякі, дэтэктыў паводле рамана Агаты Крысці «Скурчаны дамок», меладрама пра гангстэра і арыстакратку «Страсць і вернасць» і чыста англійскі фарс «Вечарынка».

the-other-side-of-hope-03.jpegКадр з фільму «Па той бок надзеі»

Першым фільмам снежаньскага пракату стане фільм-удзельнік пазаконкурснай праграмы «Лістапада» гэтага года – «Па той бок надзеі» Акі Каўрысмякі. За гэты фільм фінскі рэжысёр атрымаў прыз як лепшы рэжысёр на Берлінале гэтага года і заявіў, што гэта апошняя карціна ў яго рэжысёрскай кар'еры. Дзесьці на ўскраіне «асфальтавых джунгляў» Хельсінкі лёс зводзіць сумленнага малага Каледа, які страціў радзіму і блізкіх, і былога коміваяжора Вікстрома, які ўклаў увесь свой капітал у куплю стратнай забягалаўкі. Меланхалічны Вікстром і каманда яго эксцэнтрычных работнікаў бяруцца апекаваць новага знаёмага. Пакуль Калед заняты пошукамі зніклай сястры, яго новыя сябры шукаюць спосабы ператварыць свой рэстаранчык і зрабіць з яго папулярнае месца. Убачыць фільм можна з 7 па 20 снежня ў кінатэатрах «Піянер», Silver Screen і Falcon Club Буцік Кіно.

Таксама з 7 па 20 снежня ў «Піянеры», а з 21 снежня па 3 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно «Лістапад. Калекцыя» пакажа карціну па адным з лепшых раманаў каралевы дэтэктыву Агаты Крысці – «Скурчаны дамок». Гэта гісторыя пра ўнучку алігарха Арыстыда Леанідзіса Сафіі, якая запрашае прыватнага дэтэктыва Чарльза Хейуорда расследаваць забойства яе дзядулі. Яна ўпэўненая: хтосьці з дамачадцаў атруціў яго. Узяўшыся за расследаванне, Чарльз высвятляе, што матыў мог быць у кожнага. Нават у Сафіі ... Адну з галоўных роляў у фільме іграе зорка ўсім вядомага серыялу «Сакрэтныя матэрыялы» Джыліян Андэрсан.

Кадр з фільму «Страсць і вернасць»

У сярэдзіне снежня ў мінскі пракат выходзіць фільм «Страсць і вернасць» бельгійскага рэжысёра Міхаэля Р. Роскама, намінанта на «Оскар-2012» за свой фільм «Бычара». «Страсць і вернасць» распавядае пра жыццё бязлітаснага гангстара, у якім з'яўляецца маладая прыгожая гоншчыца з арыстакратычнага грамадства, лепшая ў сваёй справе. Страсць выцясняе прафесійныя інтарэсы, але крымінальнае мінулае не дае ім спакою. Падзеі развіваюцца імкліва, ставячы пад пагрозу жыццё герояў. Галоўныя ролі выканалі бельгійскі акцёр Маціяс Шонартс («Бычара», «Дзяўчына з Даніі», «Вялікі ўсплёск») і францужанка Адэль Экзаркопулас, вядомая па адной з галоўных роляў у фільме «Жыццё Адэль», якая, дарэчы, атрымала за гэтую ролю прэмію «Сезар» і ўзнагароду Канскага кінафестывалю. «Страсць і вернасць» у Мінску пакажуць з 14 па 20 снежня ў «Піянеры» і па 27 снежня ў Falcon Club Буцік Кіно.

Апошнім фільмам снежня ў «Лістапад. Калекцыі» і выдатным зарадам перад галоўным святам года стане карціна з гаворачай назвай «Вечарынка» лаўрэаткі Венецыянскага і Берлінскага кінафестываляў Салі Потэр. Дома ў Біла і Джэнет збіраюцца старыя сябры – пасядзець, выпіць віна, падзяліцца навінамі, тым больш, што ў жыцці ўсіх удзельнікаў сустрэчы адбываецца нешта цікавае. Вечар атрымаўся б на славу, але тут Біл зрабіў такую заяву, што настрой ва ўсіх рэзка сапсаваўся. Цяпер старыя сябры ўжо гатовыя ўчапіцца адзін аднаму ў горла, як у пераносным, так і ў самым прамым сэнсе. Салі Портер сабрала бліскучы зорны акцёрскі састаў для фільму, у які ўвайшлі Патрысія Кларксан («Догвіль», «Выспа праклятых»), Бруна Ганц («Неба над Берлінам», «Чытальнік»), Кіліан Мёрфі («Бэтмэн: Пачатак», «Пачатак») і Хрысцін Скот Томас («Англійскі пацыент», «Я так даўно цябе кахаю»). Даведацца, пра што ж заявіў адзін з гасцей «Вечарынкі» можна з 21 па 27 снежня ў «Піянеры» і па 3 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно.

Праводзім 2017 год з лепшымі фільмамі ў «Лістапад. Калекцыі»!