САМЫ ЧАЛАВЕЧНЫ ФІЛЬМ ГОДА – НОВАЯ КАРЦІНА АКІ КАЎРЫСМЯКІ ВЫЙШЛА У МІНСКІ ПРАКАТ

Адзін з самых ажыятажных фільмаў мінулага «Лістапада» «Па той бок надзеі» Акі Каўрысмякі выйшаў у сталічны пракат. На Берлінскім кінафестывалі гэтага года Каўрысмякі атрымаў «Срэбнага мядзведзя» за рэжысуру, а сама карціна была намінавана на галоўную ўзнагароду фестывалю. Мінчане, не паспеўшыя ўбачыць апошні (па заяве самога рэжысёра) фільм фінскага кінарамантыка на «Лістападзе», могуць зрабіць гэта з 7 па 20 снежня ў кінатэатрах «Піянер», Silver Screen і Falcon Club Буцік Кіно.

the-other-side-of-hope-02-be1ad49506.jpegКадр з фільму «Па той бок надзеі» 

Дзесьці на ўскраіне «асфальтавых джунгляў» Хельсінкі лёс зводзіць сумленнага малага Каледа, які страціў радзіму і блізкіх, і былога коміваяжора Вікстрома, які ўклаў увесь свой капітал у куплю стратнай забягалаўкі. Меланхалічны Вікстром і каманда яго эксцэнтрычных работнікаў бяруцца апекаваць новага знаёмага. Пакуль Калед заняты пошукамі зніклай сястры, яго новыя сябры шукаюць спосабы ператварыць свой рэстаранчык і зрабіць з яго папулярнае месца.

Наўрад ці будзе перабольшаньнем сказаць, што Акі Каўрысмякі – адна з найбольш знакавых фігур сучаснага фінскага кінематографа. Яго асаблівы рэжысёрскі стыль, які спалучае ў сабе тонкі гумар, непрыкметную акцёрскую ігру, мінімалістычнасьць візуальнага рашэння і прастату апавядання, натхнёны шэдэўрамі нямога кіно, працамі Чапліна і Брэсона. «Гісторыі ў Каўрысмякі максімальна лаканічныя. Бо тое, што ён нараджае на экране, завецца дыстыляваным кіно. Кіно без шкодных прымесяў і іншародных элементаў. Кіно пра маленькіх людзей такім і павінна быць - выразным і сціплым. Гумар у пахмурнай манеры Бастэра Кітана ў ім суседнічае з рамантызмам і меланхоліяй славянскага разліву. Да сказанага можна дадаць, што кінематограф Каўрысмякі дзейнічае, як моцны напой. Кожны раз, калі на гледача накатвае пачуццё безагляднай тугі, фільм разліваецца па целе прыемным цяплом, грэючы нас надзеяй і верай у лепшае», – дзеліцца сваімі думкамі пра кінематограф Каўрысмякі праграмны дырэктар ігравога кіно кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.

Фільмы выдатнага фіна з'яўляюцца заўсёднікамі лепшых сусветных кінафестываляў, і ў яго рэжысёрскай скарбонцы ўжо больш за паўсотні намінацый і столькі ж атрыманых узнагарод. «Па той бок надзеі», акрамя ўзнагароды Берлінскага кінафестывалю, атрымаў таксама ўзнагароды на кінафестывалях ў Сан-Себасцьяне, Мюнхене і Люксембургу.