Стартаваў фестываль «Сандэнс» – выбралі 5 цікавых прэм'ер

Кінафестываль Sundance у Парк-Сіці, штат Юта лічыцца найбуйным у ЗША аглядам незалежнага кіно. У праграме гэтага года шмат кінапартрэтаў і вострасацыяльных стужак. Мы раскажам пра самыя свежыя і чаканыя прэм'еры.

У катэгорыі «Лепшы сусветны дакументальны фільм» заяўлены 12 фільмаў, у тым ліку працы двух расійскіх рэжысёраў: Максіма Поздароўкіна «Наш новы прэзідэнт» («Our New President») і Максіма Арбугаева ў суаўтарстве са швейцарцам Крысціянам Фраем «Генезіс 2.0» («Genesis 2.0»). Першая стужка расійска-амерыканскай вытворчасці расказвае пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША праз прызму расійскіх медыя. У фокусе другой карціны – гісторыя пошукаў біўняў мамантаў на паўночных астравах і даследаванне магчымасці ускрысення вымерлых жывёл з дапамогай дасягненняў генетыкі.

b4d1d8d946fa9919b62606dbf5375725.jpg© Maxim Pozdorovkin

У секцыі «Лепшы сусветны драматычны фільм» (World Cinema Dramatic Competition) пададзены 12 фільмаў. Традыцыйна па 16 карцін увайшлі ў секцыі «Лепшы амерыканскі драматычны фільм» (U.S. Dramatic Competition) і «Лепшы амерыканскі дакументальны фільм» (U.S. Documentary Competition). У рубрыцы «Прэм'еры» (Premieres) пакажуць 17 новых фільмаў. Пераможцы будуць абвешчаны ў дзень заканчэння фэсту – 28 студзеня.

«Не хвалюйся, далёка ён пешшу не пойдзе» («Donʼt Worry, He Wonʼt Get Far on Foot»), рэжысёр Гас Ван Сэнт.

18067-1-1100.jpg© Sundance Institute

У аснове сюжэта – мемуары мастака-карыкатурыста Джона Калахана. Прагны да жыцця галоўны герой, якога гуляе Хаакін Фенікс, у 21 год трапляе ў аўтамабільную аварыю і застаецца паралізаваным на ўсё жыццё. У іншых ролях – Руні Мара, Джона Хіл і Джэк Блэк. Адразу пасля прэм'еры, якая павінна адбыцца 19 студзеня, баёпік возьме ўдзел у конкурсе Берлінскага кінафестывалю.

«Дзяўчына» («Damsel»), рэжысёры Дэвід Зэлнер, Натан Зэлнер.

458d4ec3d9c2a43ca15b426b8ae99023.jpg© Zellner Brothers

Бізнесовец Сэмюэль (Роберт Патынсан) вандруе па заходнеамерыканскім прэрыям у суправаджэнні прыяцеля-алкаголіка Парсана Генры і мініяцюрнага каня па імі Батэрскот насустрач сваёй нявесце – Пенелопе (Міа Васікоўска), сутыкаючыся па дарозе са мноствам перашкодаў. Браты Зэлнер не толькі самі напісалі, знялі і спрадзюсавалі свой эксцэнтрычны і вясёлы вестэрн, але і згулялі ў ім. Пасля паказу 23 студзеня новая стужка таксама паедзе на Берлінале.

«Я думаю, зараз мы адны» («I Think Weʼre Alone Now»), рэжысёр Рыд Морана.

18245-1-1100.jpg© Automatik Entertainment

Постапакаліптычны свет, чалавечая раса знішчана. Хлопец-ізгой (Пітар Дінклэйдж), у якога ў жыцці і раней не было нікога, застаецца, нарэшце, літаральна «адзін у гэтым свеце», і цалкам задаволены такім становішчам, пакуль яно не парушаецца з'яўленнем Грэйс (Эль Фанінг). Апроч крыхі гумару і сацыяльнай сатыры абяцаюць шмат прыгожых момантаў, бо рэжысёр Рыд Морана стала вядомая дзякуючы сваёй аператарскай рабоце.

 «Дзікае жыццё» («Wildlife»), рэжысёр Пол Дана

18241-2-1100.jpg© Sundance Institute

Рэжысёрскі дэбют Пола Дана – сямейная драма з Джэйкам Джыленхалам і Кэры Маліган у галоўных ролях па аднайменнай кнізе Рычарда Форда. Дзея адбываецца ў Мантане, у 60-х гадах. Падлетак Джо назірае за тым, як шлюб яго бацькоў развальваецца, пасля таго як мама заводзіць стасункі з новым мужчынам. Усё гэта адбываецца на фоне некантралюемага ляснога пажару паблізу ад канадскай мяжы, да змагання з якім, страціўшы працу, далучаецца бацька хлопчыка.

 «Лізі», («Lizzie»), рэжысёр Крэйг Макнэйл

18065-1-1100.jpg© Destro Films

Псіхалагічны трылер c Крыстэн Сцюарт і Хлояй Сэвін'і, заснаваны на сумна вядомых падзеях – згубе сям'і Бардэн у 1892 годзе. Гісторыя выклікае рознае погаласкі дагэтуль, бо Лізі Бардэн, звінавачаная ў жорсткім забойстве бацькі і мачахі, была апраўдана. Новая інтэрпрэтацыя пакажа складанейшую, больш жывую і сапраўды страшную жанчыну, яе таемнае камунікаванне і інтымную сувязь з маладой ірландскай пакаёўкаю Брыджыт Саліван.

Тэкст: Таццяна Зайдаль