«Заві мяне сваім імем» – адзін з галоўных прэтэндэнтаў на «Оскар» у мінскім пракаце

На экраны Мінска выходзіць рамантычная меладрама Лукі Гуадан'іна «Заві мяне сваім імем». Пасля прэм'ернага паказу фільма на Нью-Ёркскім кінафестывалі ў кастрычніку мінулага года ў зале гучалі 10-хвілінныя авацыі. Карціна трапіла ў топ-10 лепшых фільмаў года на думку Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША і аўтарытэтнага брытанскага часопіса пра кіно Sight & Sound, атрымала тры намінацыі на «Залаты глобус», лідаруе па намінацыях Independent Spirit Awards, а IndieWire прадказвае фільму прынамсі 7 намінацый на «Оскар». Убачыць адну з жамчужын сусветнага арт-пракату можна з 25 па 28 студзеня ў кінатэатрах «Цэнтральны», «Піянер» і «Беларусь» і з 25 па 30 студзеня ў Falcon Club Буцік Кіно.

1983 год, Італія. Эліа сямнаццаць, і гэта лета ён праводзіць на віле ў бацькоў, амерыканскага прафесара і перакладніцы-італьянкі. З маленства начытаны і дапытлівы, юнак Эліа разбаўляе звычайныя летнія заняткі накшталт купання ў моры і ленаватага флірту з сяброўкай Марцыяй чытаннем і транскрыбаваннем класічнай музыкі. Аднаго дня, зрэшты, ціхамірнасць летняга адпачынку парушае прыезд Олівера – маладога амерыканскага навукоўца, асістэнта бацькі Эліа.


Пасля выхаду карціны на экраны амерыканскія кінакрытыкі не скупіліся на пахвалу: New York Observer называе рэжысуру Гуадан'іна «адчувальнай, у лепшых традыцыях Берталучы»; «Гэта гісторыя пра першае каханне – немагчымае, няўлоўнае і жарснае», пісаў ReelViews, а The Atlantic назваў «Заві мяне сваім імем» «адной з самых зачаравальных карцін года».

da3bf7c6a5c85ab918bb98bfd7d1bbdf125ecb89.jpg

Пастаноўнікам карціны выступіў італьянскі рэжысёр Лука Гуадан'іна. Яго дэбютны поўнаметражны фільм «Пратаганісты» на Венецыянскім кінафестывалі 1999 года атрымаў дзве ўзнагароды, таксама як і яго апошняя работа – фільм «Вялікі ўсплеск», дзе галоўныя ролі выканалі акцёры з сусветнымі імёнамі: Тыльда Суінтан, Маціяс Шонарц, Рэйф Файнс і Дакота Джонсан. А галоўныя ролі ў яго новым фільме выконваюць не менш таленавітыя і знакамітыя: Армі Хамер («Сацыяльная сетка», «Агенты А.Н.К.Л.»), Майкл Стулбарг («Стыў Джобс», «Лінкальн», «Хічкок») і Цімаці Шаламэ («Інтэрстэлар»).