ШАНХАЙСКІ МЕМАРАНДУМ «АДКРЫВАЕ ПЕРАД «ЛІСТАПАДАМ» НЕАБМЕЖАВАНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ»

«Лістапад» разам з яшчэ трыццаццю міжнароднымі кінафестывалямі ўвайшоў у альянс па садзейнічанні абмену ў сферы кіно «Адзін Пояс – Адзін шлях». Падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве азнаменавала адкрыццё XXI Шанхайскага міжнароднага кінафестывалю, а праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў, які вярнуўся з Шанхая ўжо з папярэднімі дамоўленасцямі аб будучых сумесных праектах, кажа, што дакумент адкрывае перад фестывалем неабмежаваныя магчымасці.

игорь.jpgФота: Кацярына Арціменя

Шанхайскі міжнародны кінафестываль – адзін з найбуйнейшых у Кітаі. У гэтым годзе ён стаў трыбунай для фестывальшчыкаў з усяго свету – мемарандум аб супрацоўніцтве падпісалі прадстаўнікі МКФ з Канады, Егіпта, Грэцыі, Індыі, Італіі, Новай Зеландыі, Малайзіі, Філіпін, больш блізкіх да нас Літвы, Польшчы, Расіі і іншых краін. Назва «Адзін Пояс – Адзін шлях» адсылае да Вялікага шаўковага шляху, які ў свой час забяспечваў камунікацыю паміж Захадам і закрытым рэгіёнам Усходу.

Шанхайскі мемарандум пераносіць эканамічную формулу ў сферу кіно і прапануе з дапамогай фільмаў садзейнічаць культурнаму абмену, арганізоўваць на сваіх пляцоўках адпаведныя мерапрыемствы, запрашаць калег па альянсу ў якасці гасцей.

«Мемарандум дае нам магчымасць напрамую грукаць у дзверы, пашыраць кантакты і наладжваць больш інтэнсіўнае і «наварыстае» супрацоўніцтва, – распавядае Ігар Сукманаў. – Нейкія намёткі, хоць яны і носяць працоўны характар, ужо ёсць – мы навялі масты з Новай Зеландыяй і Кітаем, ёсць перспектыва арганізаваць сумесныя спецыяльныя праграмы».

Знамянальна, што падпісаны дакумент, акрамя таго, што адкрывае новыя магчымасці «Лістападу», нясе ў сабе плюсы і для беларускай кінаіндустрыі ў цэлым, паколькі прадугледжвае таксама садзейнічанне дыстрыбуцыі нацыянальнага кіно.

«Пакуль што беларускія фільмы, як незалежныя, так і «залежныя», у большай ступені варацца ва ўласным саку. Мы маем магчымасць прапаноўваць нашым калегам працы, якія на наш погляд развіваюць беларускае кіно, – дадае Ігар Сукманаў. – Важна згадаць, што і ў рамках кінафестывалю ў Шанхаі праходзіць конкурс – ён знаходзіцца ў адрыве ад асноўнай міжнароднай праграмы, – які арыентаваны на краіны альянсу. Значыць, ужо ў наступным годзе мы можам прапаноўваць для ўдзелу і беларускія карціны».

На практыцы пашырэнне кантактаў палегчыць атрыманне кіно, якое не мае еўрапейскага дыстрыбутара, дазволіць запрашаць на «Лістапад» прадстаўнікоў Балгарыі, Кітая ці Польшчы ў якасці членаў журы, выкладчыкаў і прафесіяналаў для майстар-класаў, адкрые адборшчыкам адну з найбуйнейшых у свеце кітайскую кінаіндустрыю.

Нарэшце, міжнароднае супрацоўніцтва, якому паклаў пачатак падпісаны мемарандум, дазволіць «Лістападу» ва ўсім свеце папулярызаваць сваё імя.