Феерычнае анімэ ў традыцыях Міядзакі пакажуць у кіно з 9 жніўня

У рамках праекта «Лістапад. Калекцыя» адбудзецца беларуская прэм'ера анімэ «Па той бок акіяна» кітайскіх аніматараў Лян Сюань і Чжан Чунь. Працяты нацыянальнай міфалогіяй і мудрасцю, мультфільм дакажа важную праўду: сталае жыццё – гэта ўсведамленне пачуцця абавязку і гатовасць да самаахвяравання. Убачыць, што адбываецца «Па той бок акіяна», можна з 9 па 22 жніўня ў кінатэатрах «Піянер» і Falcon Club Буцік Кіно.

t4464378_0020_cr.jpgКадр з фільма «Па той бок акіяна»

У сэрца акіяна ўтоены чароўны свет. Гэта прыстанак духаў, што кіруюць плынямі і зменай пор года. Паводле звычаю, тыя, каму мінула 16 гадоў, павінны прайсці рытуал прысвячэння: на сем дзён адправіцца на Зямлю ў абліччы чырвонага дэльфіна. Яны могуць назіраць за людзьмі, але не павінны ўмешвацца ў іх жыццё.

Юна падчас свайго вандравання сустракае маладога рыбака, да якога яе цягне як магнітам. Па трагічнай выпадковасці дзяўчына робіцца прычынай яго смерці. Зараз ёй трэба выратаваць душу любага і вярнуць яго ў свет жывых.

Для маладых аніматараў Лян Сюань і Чжан Чунь гэты праект – дэбютны. Рэжысёры працавалі над яго стварэннем цягам 12-ці гадоў: працэс вытворчасці пачаўся ў 2004 годзе, потым быў прыпынены з-за спынення фінансавання, у 2013 годзе дзеля яго працягу запусцілі краўдфандынгавую кампанію, і толькі ў 2016 годзе адбылася чаканая прэм'ера. Пасля гэтага анімэ ўзяло ўдзел у прэстыжных кіна- і анімацыйных фэстах: Міжнародным кінафэсце дзіцячых фільмаў у Нью-Ёрку, Міжнародным фэсце анімацыйных фільмаў у Ансі, а таксама Міжнародным кінафэсце ў Лондане.

«Cкладаная казка, у якой цікава разбірацца» (Кінаафіша). «Эпічнае і захапляльнае гледзішча» (LA Times). «Стваранае больш за дзесяць гадоў, якое стала суперхітом у родным Кітаі, гэта пышна анімаванае фэнтэзі каштавала таго, каб чакаць» (IndieWire).