Прэм'ера «Крышталю» ў Расіі адбудзецца на кінафэсце «Акно ў Еўропу» ў Выбаргу

26-ы Фэст расійскага кіно «Акно ў Еўропу» абвясціў праграму: у яе ўвайшоў і беларускі фільм-сенсацыя «Крышталь» рэжысёра Дар'і Жук. Стужка будзе пададзена ў конкурсах «Капрадукцыя. Акно ў свет» і «Выбаргскі рахунак».

900.jpgКадр з фільма «Крышталь»

«Акно ў Еўропу» – ужо чацвёрты кінафорум за апошні месяц, які пакажа карціну. Сусветная прэм'ера «Крышталю» адбылася ў Карлавых Варах (Чэхія), потым фільм браў удзел у міжнародных фэстах у Палічы (Сербія) і Адэсе (Украіна). На Адэскім МКФ стужка атрымала Гран-пры «Залаты Дзюк».

«Крышталь» – фэставы хіт гэтага года: на дадзены момант стваральнікі стужкі атрымалі яшчэ 20 запрашэнняў на кінафорумы ў Германіі, Грэцыі, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Славеніі, Егіпце, Казахстане, Іспаніі, Аўстрыі, Латвіі, Ірландыі, ЗША. Эксперты завуць фільм прарывам для беларускага кінематографа: станоўчыя водгукі пра фільм напісалі ўплывовыя выданні Hollywood Reporter, Screen International, «Коммерсантъ» і многія іншыя. Таксама фільм стаў фаварытам беларускага оскараўскага камітэта ў якасці кандыдата на прэмію Амерыканскай кінаакадэміі (намінацыя «Лепшы фільм на замежнай мове»).

Дзеянне драматычнай камедыі «Крышталь» адбываецца ў Беларусі ў 90-я гады. Па сюжэце дзяўчына-дыджэй марыць з'ехаць у Амерыку, але робіць абмылу ў заяве на візу і зараз змушана правесці тыдзень у невялікім завадскім гарадку Крыштальны.

Фэст расійскага кіно «Акно ў Еўропу» быў заснаваны ў 1993 годзе класікамі кінематографа Марленам Хуцыевым, Савам Кулішам і Мікаэлам Тарывердыевым. Сярод лаўрэатаў фэсту мінулых гадоў – «Захапленні» Кіры Муратавай, «Цялец» Аляксандра Сакурава, «Зязюля» Аляксандра Рагожкіна, «Мне не балюча» Аляксея Балабанава, «Неадэкватныя людзі» Рамана Карымава і іншыя вядомыя карціны. У фэсце могуць узяць удзел расійскія фільмы і стужкі, створаныя супольна з Расіяй. Напомнім, што фільм «Крышталь» зняты кінакампаніямі Беларусі, ЗША, Германіі і Расіі. 26-ы кінафэст у Выбаргу пройдзе з 10 па 16 жніўня.

Беларуская прэм'ера карціны «Крышталь» адбудзецца 29 жніўня ў Мінску, пасля чаго фільм выйдзе ў пракат ува ўсіх абласцях краіны.