Нестандартны баёпік «Не хвалюйся, ён далёка не пойдзе» выходзіць у «Лістапад. Калекцыі» з 23 жніўня!

У мінскі пракат выходзіць фільм уладальніка Залатой пальмавай галіны Гаса Ван Сэнта. Драматычная камедыя раскажа пра дзіўнае жыццё карыкатурыста Джона Калахана. Ацаніць баёпік з трохразовым намінантам на «Оскар» Хаакінам Феніксам з 23 па 25 жніўня ў «Цэнтральным» і з 23 жніўня па 5 верасня ў Falcon Club Буцік Кіно.

17268.jpegКадр з фільма «Не хвалюйся, ён далёка не пойдзе»

Джон не ўмеў у час спыняцца, калі справа дакраналася хуткай язды, прыгожых кабет і небяспечных жартаў. Прыхапіўшы выпадковага прыяцеля на вечарыне, ён сядае ў машыну і дзівам застаецца ў жывых. З гэтага моманту пачынаецца горкая і натхняльная, праўдзівая і чуллівая гісторыя чалавека, які страціў тое нешматлікае, што ў яго было, і змушаны рухацца далей, каб знайсці сябе як аднаго з самых таленавітых мастакоў-карыкатурыстаў Амерыкі.

Новы фільм Гаса Ван Сэнта заснаваны на рэальных падзеях і зняты па матывах аднайменнай кнігі мемуараў мастака-карыкатурыста Джона Калахана, вядомага сваімі з'едлівымі і дасціпнымі працамі. У паслужны спіс амерыканскага рэжысёра з галандскімі каранямі ўваходзяць карціны, шматкроць намінаваныя на «Оскар» і «Сезар», – «Разумніца Уіл Хантынг», «Харві Мілк», «Слон».

Сусветная прэм'ера стужкі адбылася на Міжнародным кінафэсце «Сандэнс», а еўрапейская – на Берлінале-2018, дзе стужка Ван Сэнта была намінавана на «Залатога Мядзведзя» і «Прыз Teddy за лепшы мастацкі фільм».

Галоўную ролю ў біяграфічнай драме выканаў уладальнік «Залатога Глобуса» («Пераступіць рысу») і трохразовы намінант на «Оскар» Хаакін Фенікс. Сусветную слыннасць яму прынеслі фільмы «Гладыятар», «Таямнічы лес» і «Яна». «Я заўсёды меркаваў, што ў Гаса – хай гэта і прагучыць як клішэ – ёсць асаблівы пагляд, і гэта сапраўды так», – кажа актор пра здымкі ў фільме Гаса Ван Сэнта. «І бо ён быў знаёмы з Джонам [Калаханам], я ведаў, што гэта будзе не чарговы тыповы баёпік… То, як ён хацеў задзейнічаць анімацыю ў фільме здалося мне па-сапраўднаму цікавым. Але апроч усяго іншага, Гас здаваўся па-сапраўднаму захопленым гэтай ідэяй, і гэта было для мяне самым важным».

Разам з Феніксам у фільме згулялі Руні Мара – зорка экранізацыі «Дзяўчыны з татуяванкай цмока» – і актор Джона Хіл, вядомы па ролях у фільмах «Воўк з Уол-стрыт» і «Чалавек, які змяніў усё».

«Ван Сэнт вытрываў усё і зноў адрадзіўся з попелу: яго новая карціна займальная, чуллівая, пераканаўчая», – піша пра фільм кінакрытык Антон Долін. «Рэжысёр прапануе гледачу выбар. На паверхні – хрэстаматыйная драма пра паданне і ўскрысенне, пра вылячэнне ў каханні і супакаенні ў сяброўстве. Ледзь глыбей – негалівудская гісторыя пра тое, што нянавісць таксама можа быць экалагічна чыстым палівам для працягу жыцця» (Esquire). «Шэдэўральна... Адна з лепшых роляў Хаакіна Фенікса» (Film).