Любоў і гульняманія: у «Лістапад. Калекцыі» выходзіць драйвавы кінадэбют «Нас не дагоняць»

Любоў пачынаецца з закладу – пра гэта новы французскі фільм, які стартуе ў пракаце з 30 жніўня. «Нас не дагоняць» шмат у чым напамінае класіку крымінальнага кіно – «На апошнім дыханні» Жан-Люка Гадара. Паглядзець кінадэбют Мары Монж можна адразу ў трох кінатэатрах сталіцы – з 30 жніўня па 12 верасня ў «Піянеру» і Falcon Club Буцік Кіно і з 30 жніўня па 5 верасня ў «Цэнтральным».

22317.jpgКадр з фільма «Нас не дагоняць»

Спантанны і прывабны Абель (Тахар Рахім) – неверагодны каханак і азартны гулец. Пасля раптоўнай сустрэчы з ім пасрэднае жыццё Элы (Стэйсі Марцін) цалкам змяняецца. Разам яны пускаюцца ў вабны падпольны свет казіно, дзе ўсім кіруюць адрэналін і высокія стаўкі. Іх залежнасць робіцца ўзаемнай, што падвойвае шанцы і павялічвае рыскі. Гісторыя кахання, распачатая з простага закладу, неўзабаве ператвараецца ў некантраляваны запал да гульні і адзін аднаму.

«Нас не дагоняць» – дэбютная поўнаметражная праца рэжысёра і сцэнарыста Мары Монж. У 2012 годзе яе кароткаметражная стужка «Марсэль у ночы» ўганаравалася прызу прэстыжнай кінапрэміі «Сезар».

«Гэтыя людзі жывуць на поўную шпулю, маняць і маніпулююць, гараць ува ўсім, што яны робяць. Яны не пашкадуюць нічога, каб працягваць гульню, але здольныя прызнацца сабе ў тым, як далёка яны гатовы пайсці. Яны незвычайныя, але зусім непрыдатныя для звычайнага жыцця. Яны разбуральныя, самаразбуральныя», – расказвае Мары Монж пра герояў фільма.

Сусветная прэм'ера крымінальнай драмы адбылася ў 2018 годзе ў рамках праграмы «Двухтыднёвік рэжысёраў» 71-га Канскага кінафэсту. Фільм быў намінаваны на Залатую камеру за рэжысёрскі дэбют.

Галоўныя ролі ў «Нас не дагоняць» згулялі Стэйсі Марцін, якая стала вядомай пасля скандальнай «Німфаманкі» Ларса фон Трыера, «Гмаху» і «Маладога Гадара», і Тахар Рахім – зорка фільма «Прарок» Жака Адзіяра. Амерыканскія крытыкі параўноўваюць акторскі дуэт Марцін і Рахіма з героямі класічных кінастужак – «Сапраўднае каханне» Тоні Скота і «Прыроджаныя забойцы» Олівера Стоўна.

«Напружаная і пераканаўчая драма пра запал да гульні», – піша пра фільм адна з найстарых брытанскіх газет The Guardian. А асноўны амерыканскі тыднёвік Variety заве «Нас не дагоняць» «лёгкім і імклівым фільмам, прасякнутым гарачай атмасферай заганы». «Стылёвы, захапляльны, нечаканы, які збівае з ног сваёй спантаннасцю» (The Hollywood Reporter).