25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль пройдзе пад слоганам «Пазнаючы белы свет» з прысвячэннем Кіры Муратавай

ЛІСТАПАД18_small.jpg

Новы «Лістапад» − новыя слоган і візуальны вобраз. Калі ў мінулым годзе на вялікім экране мы шукалі «Ісціну, любоў і прыгажосць» з адсылкай да культавага фільма індыйскага рэжысёра Раджа Капура, на гэты раз «спазнаем белы свет».

Слоган 25-га – юбілейнага – «Лістапада» служыць амажам аднаму з любімых аўтараў кінафестывалю Кіры Муратавай і яе аднайменнай карціне. Менавіта на такое кіно, якое гаворыць пра блізкае на мове высокага мастацтва, «Лістапад» хацеў бы раўняцца пры фарміраванні сваіх праграм. «Захапленні», «Чэхаўскія матывы», «Наладчык», «Мелодыя для шарманкі» – фільмы Кіры Муратавай ідуць побач з усёй 25-гадовай гiсторыяй Мінскага МКФ. Больш за тое, у апошнія гады рэжысёр адмаўлялася ад паездак на многія фэстывалі, але Мінск стаў шчаслівым выключэннем – тут у 2013 годзе яна прадставіла сваю карціну «Вечнае вяртанне».

«„Пазнаючы белы свет” з'яўляецца адным з тых фільмаў савецкай эпохі, якія не старэюць, а наадварот з кожным годам уздзейнічаюць усё мацней. Кіно Кіры Муратавай − гэта навацыя, актуальнасць і вечныя тэмы. Мы з вялікім трапятаннем ставімся да Кіры Георгіеўны і яе да нас увагі, − кажа праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў. − У той жа час мы хочам запрасіць «пазнаць белы свет» у прамым сэнсе, таму што кіногэта не проста займальны аповед. Акунаючыся ў зусім розныя кантэксты, культуры, сюжэты мы даведваемся пра свет, а разам з тым пазнаем і саміх сябе».

Дэвіз «Пазнаючы белы свет» разам з новай візуальнай канцэпцыяй дае падказку, як глядзець кіно на «Лістападзе». Кінаафішы пад тоўшчай напластаванняў на фестывальным постэры сімвалізуюць і сабраную за 25 гадоў калекцыю фільмаў, і паглыблены падыход да кінамастацтва: каб адшукаць асноўную ідэю і спасцігнуць праўду, трэба задзейнічаць увесь свой бэкграўнд.

25-ы Мінскі міжнародны кінафестываль пройдзе з 2 да 9 лістапада. «Лістапад» акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсераў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах былога сацыялістычнага лагеру: краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Асноўнымі пляцоўкамі форуму сёлета стануць кінатэатры «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Масква», «Беларусь», Falcon Club Буцік Кіно і Музей гісторыі беларускага кіно.

Заснавальнікі ММКФ − Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар «Лістапада» − Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Генеральным партнёрам выступае банкаўская плацёжная карта «Шчодрая» Mastercard. Афіцыйныя партнёры − «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны квітковы аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Форте».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі у сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, УКантакце, Twitter.