Упершыню на «Лістападзе»: Мінскі планетарый пакажа праграму паўнакупальнага кіно

Да 25-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» далучаецца новая пляцоўка – Мінскі планетарый рыхтуе для гледачоў конкурс паўнакупальных фільмаў. Праграма, прысвечаная інавацыйнаму напрамку ў кінаіндустрыі, прадставіць больш за 20 работ з розных краін свету, сярод якіх навуковыя фільмы, музычныя шоу, анімацыя для дзяцей. Конкурс будзе прадстаўлены ў рамках індустрыяльнай платформы Bel:Cinema. Стаць часткай унікальнай для Беларусі кінападзеі можна будзе з 3 па 4 лістапада.

Flaer-MIFF.jpg

Minsk International Fulldome Festival прадэманструе дасягненні і тэхналогіі аднаго з самых маладых і перспектыўных напрамкаў у кінаіндустрыі − сферычнага кіно. З дапамогай сучасных лічбавых праектараў глядач зможа стаць часткай фільма, адчуць яго атмасферу і ў прамым сэнсе разгледзець з усіх бакоў.

«Гэты фармат быў прыдуманы менавіта для планетарыяў. Калі глядач садзіцца ў крэсла кіно акружае яго з усіх бакоў, некалькі лічбавых праектараў ствараюць аб'ёмную выяву. Ён аказваецца пагружаным у атмасферу фільма, у само дзеянне. Так дасягаецца эфект прысутнасці. Гэта выгадна адрознівае наш паказ ад звычайнага паходу ў кіно, дзе мы сядзім перад прамавугольным экранам, або ад 3D і VR, дзе нязручнасць дастаўляюць спецыяльныя акуляры. Такога ў Беларусі больш няма», – распавядае кіраўнік Мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч.

Конкурсная праграма складаецца з трох секцый: конкурсу навукова-папулярнага дакументальнага кіно, анімацыйных і кароткаметражных стужак. Акрамя міжнароднага журы ацэньваць фільмы будзе і сам глядача, выбіраючы будучага ўладальніка Прыза глядацкіх сімпатый. «Да ўдзелу мы запрасілі студыі і планетарыі з усяго свету. У конкурс увайшлі фільмы, якія ўжо былі прадстаўлены на фестывалях паўнакупальнага кіно і сталі іх лаўрэатамі. Можна сказаць, мы сабралі налепшае ў гэтай індустрыі», – каментуе конкурсную праграму Аляксандр Мікуліч.

За два дні мінскі Планетарый пакажа фільмы з Расіі, Чэхіі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Польшчы, Іспаніі, Германіі, Канады, Японіі, Грэцыі і Беларусі. Больш падрабязна з праграмай можна азнаёміцца на афіцыйным сайце.

У межах фестывалю на пляцоўцы мінскага Планетарыя пройдуць сустрэчы са стваральнікамі фільмаў у фармаце Q&A, прэзентацыі кінематаграфістаў, майстар-класы кінаэкспертаў, выставы астрафатаграфіі, а таксама дэманстрацыя сучасных дасягненняў сферычнага кіно.

Заснавальнікі ММКФ «Лістапад» – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры ̶ «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25 .

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, УКантакце, Twitter.