«Лістапад» апантаны дакументальным кіно: сфарміравана адна з самых папулярных секцый

Згодна са шматгадовай традыцыяй «Лістапад», і ў прыватнасці секцыя «Кіно пра кіно», прапануе з дапамогай дакументальных фільмаў паглыбіцца ў гісторыю кінематографа. Раман Паланскі, Міхаэль Ханэке, Брыжыт Бардо, Анры-Жорж Клузо, Цзя Чжанкэ, Алег Янкоўскі, Тоні Кёрціс ужо станавіліся галоўнымі героямі мінскага вялікага экрана.

Гэтым разам кінафестываль не змог абысці ўвагай «паэму пра паэтаў» з праграмы Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах «Масты часу» літоўскага рэжысёра Аўдруса Стоніса. Карціна, у цэнтры ўвагі якой аказаліся адразу некалькі рэжысёраў і іх рэфлексіі аб прафесіі, расказвае пра кінематограф балтыйскіх краін. 

«Масты часу» задаюцца пытаннямі, якім на плёнках дакументалістаў застаецца жыццё, наколькі яно шчырае і адпавядае рэальнасці, як складваюцца стасункі паміж аўтарам і героем, на якія кампрамісы даводзіцца ісці, калі маеш справу з чыімсьці жыццём.

ec94-bridges-oftime.jpg

«У дакументальнага кіно балтыйскіх краін заўсёды быў свой твар, свая інтанацыя, яго ні з чым не зблытаць. Тут працавалі рэжысёры, якія ўвайшлі ў гісторыю сусветнага кінематографа, напрыклад, Герц Франк большую частку жыцця здымаў у Латвіі, – кажа праграмны дырэктар Ірына Дзям'янава. – «Масты часу» зноў пераконваюць нас у тым, што для кожнага фільма «настае свая чарга», бо ён узбагачаецца нашым досведам, пражытым жыццём, здагадкамі пра тое, «што здарыцца на маім вяку». Часам мы глядзім яго, калі ілюзіі і чаканні засталіся ў мінулым».

Героем фільма «Параджанаў Таркоўскі Анціпенка. Святлацені» рэжысёра Андрэя Осіпава з'яўляецца адзін з самых цікавых аператараў савецкага кіно Аляксандр Анціпенка, які працаваў з Сяргеем Параджанавым і зрабіў велізарную колькасць фатаграфій свайго прыяцеля Андрэя Таркоўскага. Некаторыя здымкі ў карціне паказваюцца ўпершыню. Герой успамінае аб працы з класікамі савецкага кіно, тут закранаюцца адносіны паміж Таркоўскім і Параджанавым, нарэшце, вытанчана знятая выяўленчая лінія захоўвае мастацкае аблічча самога Аляксандра Анціпенкі, які так і не знайшоў сабе месца ў сучасным кіно.

У цэлым жа дакументальныя праграмы гэтага года дапамогуць, аналізуючы мінулае, зразумець дзень сённяшні. На фестываль было пададзена больш за трыста заявак, дырэкцыя адгледзела выбар некалькіх дзясяткаў кінафестываляў. У выніку вялікая частка адабраных работ звяртаецца да чалавека ў кантэксце гісторыі, да яго ментальнасці, псіхафізічных межаў, самаідэнтыфікацыі.

«Дакументальныя праграмы пакажуць, што чалавек і дзяржава непарыўныя, як праз даследаванне прыватнага жыцця, што цікава само па сабе, праз узіранне ў героя і яго асяроддзе можна зразумець кантэкст еўрапейскай і нават сусветнай гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў. І справакуюць пытанні, ці літасцівая дзяржава ў адносінах да чалавека і наколькі талент, амбіцыі, дабрыня і самаахвярнасць у ім запатрабаваны», – каментуе Ірына Дзям'янава.

Заснавальнікі ММКФ – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар «Лістапада» – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная карта «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры – «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафэсту «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгом #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, УКантакце, Twitter.