Праграма асноўнага конкурсу дакументальнага кіно 25-га ММКФ «Лістапад»

АСНОУНЫ КОНКУРС ДАКУМЕНТАЛЬНАГА КІНО

Віктар АСЛЮК
БЕЛАРУСКАЯ АТЛАНТЫДА
Беларусь

Фільм аб наступствах глабалізацыі. У грамадстве ў адказ на гэту планетарную тэндэнцыю адбываюцца розныя працэсы, у асноўным супрацьлеглага глабалізацыі кірунку – да ўласнай гісторыі, мясцовых традыцый, сваёй нацыянальнай глыбіні, умацавання нацыянальнай самасвядомасці. У цэнтры настальгічнага, але адначасова і грунтоўнага фільма просты чалавек, Сяргей Бандарэнка, які будуе на сваёй сядзібе копію Крэўскага замка ў маштабе 1:10. Яго канчатковы план – стварыць турыстычную атмасферу, якая б рэальна і дэталёва сведчыла аб гістарычных падзеях на гэтай зямлі. 

Гжэгаж БЖАЗОЎСКІ
ЧУЖЫ НА МАЁЙ КАНАПЕ
Польшча

Погляд на сучасны горад вачыма каўчсёрфера. Варшава ператвараецца ў месца сустрэч людзей рознага паходжання, ўзросту і жыццёвага досведу. Але іх аб’ядноўвае адчуванне страчанасці і вострая неабходнасць уцячы ад самоты. Каўчсёрфінг дае магчымасць камунікацыі прадстаўнікам абсалютна розных культур. А што яшчэ можа вымусіць польскага інжынера, якому ўжо больш за пяцьдзясят, і нямецкага студэнта збіраць разам кітайскую мадэль верталёта? 

Ханс БЛОК,  Морыц РЫЗЕВІК
ЧЫСЦІЛЬШЧЫКІ
Германія, Бразілія

Пазнаёмцеся з ценявой прамысловасцю лічбавай ачысткі і даведайцеся, як Інтэрнэт пазбаўляецца ад непажаданых файлаў. Мы бачым пяць «лічбавых смецяроў», адказных за выдаленне непрыдатнага кантэнту, і людзей з розных краін, на чыё жыццё сур'ёзна ўплывае анлайн-цэнзура. Сярод тысяч карцінак і відэа, якія тыповы «чысцільшчык» мусіць праглядаць і ацэнваць кожны дзень, шмат такіх, што шакіруюць, іх прагляд уздзейнічае на псіхіку. Такая праца вымушае задумацца, як адрозніць мастацтва ад прапаганды і ў чым сутнасць журналістыкі. Як дасягнуць балансу, каб сацыяльныя медыя не ператвараліся ні ў бескантрольную прастору, ні ў форум з жорсткай цэнзурай.

Томаш БОЯР
ТЭРМІНОВАЯ НАВІНА
Чэхія

Сёння вечарам чэшскі прэзідэнт паведаміць групе сваіх прыхільнікаў, якія сабраліся ў Пражскім Градзе, ці збіраецца зноў удзельнічаць у выбарах. Журналістаў не пускаюць на гэта мерапрыемства, але яны хочуць здабыць інфармацыю зараз жа. Аддзелы навін Чэшскага тэлебачання і штодзённай газеты «Hospodářské noviny» з самай раніцы сочаць за той самай падзеяй, каб выпусціць свае «тэрміновыя навіны». Аднак робяць гэта па-рознаму. Глядач атрымоўвае магчымасць заглыбіцца ў асяроддзе традыцыйных СМІ і знутры пабачыць тое, як журналісты працуюць у эпоху залішняй інфармацыі.

Сулеў КЕЭДУС
ВАЙНА
Эстонія

У хрысціянскай культуры самагубства – табу. Самагубства салдата – тым большае табу. Рыва, які двойчы браў удзел у міратворчай місіі ў Афганістане, перажывае «афганскі сіндром» і ў рэшце рэшт здзяйсняе самагубства. У перадсмяротнай запісцы ён просіць даравання. У рамане Дзіна Буцаці «Татарская пустыня» салдаты ў невядомай краіне чакаюць невядомага ворага. Салдаты эстонскага кантынгента ў Афганістане лепш ведалі, хто іх вораг. Аднак некаторыя вяртаюцца з вайны з глыбокімі псіхічнымі траўмамі. Фільм вымушае задумацца, ці варта ахвяраваць сабой і браць удзел у акцыях, якія абясцэньваюць усё тое, чаму цябе вучылі ў дзяцінстве.

Аліса КАВАЛЕНКА
ХАТНІЯ ГУЛЬНІ
Украіна, Францыя, Польшча

Захапленне футболам можа выратаваць дваццацігадовую Аліну з беднай кіеўскай сям’і ад галечы. Яна расла ў прыгарадзе і калі пачала гуляць у футбол з хлопцамі, яе бацькі сядзелі ў турме за нязначныя злачынствы. Трэнер жаночай каманды заўважае яе талент, і дзяўчына падпісвае кантракт з «Атэксам», адзіным жаночым футбольным клубам у Кіеве. Мы бачым Аліну ў пераломны момант лёсу. Яна павінна далучыцца да нацыянальнай каманды, калі жыццё кідае ёй яшчэ адзін выклік: памірае маці, пакідаючы яе і яшчэ дваіх дзяцей сіротамі. І Аліна мусіць зрабіць выбар: футбол альбо сям’я.

Аня КОФМЕЛЬ
ШВЕЙЦАРАЦ КРЫС
Швейцарыя, Харватыя, Германія, Фінляндыя

Пачатак 90-х гадоў. Маладыя людзі з усёй Еўропы бяруць удзел у Югаслаўскіх войнах. 7-га студзеня 1992 года ў Харватыі знойдзены мёртвым швейцарскі журналіст ва ўніформе міжнароднай групы салдат-наёмнікаў. Праз дваццаць гадоў рэжысёр Аня Кофмель, яго стрыечная сястра, даследуе прычыны здарэння, каб зразумець, чаму гэтыя людзі былі захопленыя вайной.

Арцём МАСКАЛЁЎ
ПУСТЭЛЬНІК
Расія

Апошнія дваццаць два гады Віктар Сцяпанаў жыве ў глухім лесе за пяць кіламетраў ад бліжэйшай вёскі. Яго дом – гэта павець з грубай тканіны ў некалькі слаёў, жалезная печ і земляная падлога. Думкі аб прыродзе і месцы чалавека ў біясферы суправаджаюць Віктара ўсё жыццё. Ён кажа, што пасля дзевяці месяцаў жыцця ў лесе застаешся нібы голым – сам-насам з сабой. Іншы раз няма куды падзецца ад нуды, але пустэльнік чэрпае сілы ў сваёй непарыўнай сувязі з прыродай.

Марта ПРУС
ЗА МЕЖАМІ
Фінляндыя, Германія, Польшча

Маргарыта Мамун уваходзіць у эліту расійскай мастацкай гімнастыкі, змагаецца за алімпійскі тытул. На вяршыні кар’еры ў яе застаецца апошні шанец ажыццявіць запаветную мару і выйграць алімпійскае золата. У фільме створаны псіхалагічна глыбокі партрэт дзяўчыны, якая адчайна спрабуе рэалізаваць свае амбіцыі і апраўдаць надзеі афіцыйнай расійскай сістэмы падрыхтоўкі атлетаў. Глядач атрымоўвае эксклюзіўны доступ да закуліснага свету элітнай гімнастыкі і спасцігае сутнасць жорсткага і разам з тым паспяховага супрацоўніцтва спартсменкі і яе трэнераў. «За межамі» – асабістая драма аб бязлітасных стасунках, якія, тым не менш, прыводзяць да поспеху.

Балінт РЭВЕС
ПРАЕКТ «БАБУЛЯ»
Венгрыя, Германія, Вялікабрытанія

Тры ўнукі скіроўваюцца са сваімі бабулямі ў анархічнае падарожжа ў мінулае. Гэта складанае роўд-муві пра дыялог пакаленняў, гісторыя сталення трох хлопцаў і вяртання ў маладосць іх бабуль – англійскай шпіёнкі, танцоўшчыцы з нацысцкай Германіі і венгерскай камуністкі, якая перажыла Халакост. Фільм нібы намацвае мову, з дапамогай якой пакаленне ХХІ стагоддзя можа захаваць каштоўнасці ХХ стагоддзя. «Праект «Бабуля»» закранае тэму класічных каштоўнасцей разам з некаторымі табуяванымі гістарычнымі і дэманструе «дух часу», які кіруе маладымі людзьмі.

Юратэ САМУЛЁНІТЭ, Вілма САМУЛЁНІТЭ
ВІТАЮ, БАБУЛЯ!
Літва, Германія

Дзве сястры, кінарэжысёр і фатограф, здымаюць фільм і паглыбляюцца ў мінулае сваёй бабулі. Жанчына належала да нямецкай нацыянальнай меншасці ў Літве і падчас Другой сусветнай вайны ў межах праграмы «Дадому ў Рэйх» была перамешчана ў Германію, дзе пражыла тры гады. Пазней ніхто не мог патлумачыць, чаму яна па ўласным жаданні вярнулася ў Савецкі Саюз. Аўтары фільма даследуюць прычыны яе вяртання і адкрываюць шмат новага. Даведваюцца аб яе каханні, аб дыскамфорце, які адчувала немка сярод савецкіх людзей, аб чарадзе самагубстваў у сям’і. І поўная сюрпрызаў рэчаіснасць падаецца больш драматычнай, чым любы сцэнарый.

Бернадэт ТУЗА-РЫТЭР
ПАЛОННАЯ
Венгрыя

Пяцідзесяцідвухгадовая венгерка Марыш на працягу дзесяці гадоў працуе на сям’ю сваёй гаспадыні па дваццаць гадзін у суткі. У яе адабралі дакументы, яе праца не аплачваецца, яна нават не можа пакінуць дом без дазволу. Да Марыш ставяцца, як да жывёлы: яна атрымоўвае аб’едкі, ёй няма дзе спаць. Яе не пакідае пачуццё страху, але жанчына марыць вярнуцца да нармальнага жыцця. Прысутнасць камеры дапамагае ёй усвядоміць, што яна не самотная. Яна пачынае адчуваць давер і пасля двух гадоў здымак набіраецца мужнасці, каб раскрыць свой план: «Я ўцяку». У фільме паказаны гераічны шлях Марыш да свабоды.

Міла ТУРАЙЛІЧ
ДРУГІ БОК УСЯГО
Сербія, Францыя, Катар

Замкнёныя дзверы ў бялградскай кватэры больш за семдзесят год аддзяляюць сям’ю ад яе мінулага. Тут нібы прайшла лінія палітычнага разлому, дом і краіну пераследуюць прывіды гісторыі. Рэжысёр вядзе шчырую размову са сваёй маці, і хроніка адной сербскай сям’і ператвараецца ў глыбокі псіхалагічны партрэт актывіста эпохі вялікіх хваляванняў. У фільме падымаецца пытанне аб адказнасці кожнага пакалення за сваю будучыню.

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.