Праграма конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аудыторыі «Лістападзік»

КОНКУРС ФІЛЬМАў ДЛЯ ДЗІЦЯЧАЙ І ЮНАЦКАЙ АУДЫТОРЫІ «ЛІСТАПАДЗІК»

ФІЛЬМ АДКРЫЦЦЯ (па-за конкурсам)

Ігар ЧАТВЕРЫКОЎ
ПРАВІЛЫ ГЕЙМЕРА
Беларусь

Звычайным летнім днём траім сябрам – Дзімку, Юрку і Генке, якія звыкліся праводзіць час за кампутарам і марылі перамагчы на турніры па кіберспорце, прыйшлося адкласці на час сваю любімую справу. Усё змянілася, калі ў падзямеллі старога храма выпадкова былі знойдзеныя прадметы, якія падштурхнулі хлопцаў на пошукі разгадкі даўняга сакрэту.

Неўзабаве на дапамогу юным шукальнікам прыгод прыходзіць іх аднакласніца Даша. Дзецям давядзецца згуртавацца, прайсці нялёгкія выпрабаванні, праверыць на трываласць дружбу і вернасць. Ім прыйдзецца супрацьстаяць злачынцам, праявіць кемлівасць, знаходлівасць і знайсці ключ да разгадкі таямніцы княскага палаца.

Алдзіяр БАЙРАКІМАЎ
НА МЯЖЫ
Казахстан

Жыццё – гэта вечнае сутыкненне лёсаў. Адсутнасць сяброўскай падтрымкі, недахоп сямейнага цяпла, канфлікты з грамадствам падштурхоўваюць непаўналетніх герояў гэтай гісторыі да небяспечнай мяжы.

Лікарыон ВАЙНАЙНА
СУПА МОДО
Кенія, Германія

Прэтэндэнт ад Кеніі на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Лепшы замежны фільм».

Дзевяцігадовая Джо смяротна хворая. Дзяўчынка вяртаецца ў родную кенійскай вёсцы дажываць апошнія дні. Але малая не губляе цікавасці да жыцця. Ёй падабаецца гуляць у супергерояў і хочацца ператварыцца ў чалавека, які валодае выдатнымі якасцямі. Гэтую мару Джо вырашаюць ўвасобіць у рэальнасць жыхары пасёлка Мавени, уключаючы яе старэйшую сястру Мвикс і маму Катрын. 

Сандра ВАНУКІ
УЦЁКІ Ў РЫМ
Італія, Швейцарыя

«Уцёкі ў Рым» – гісторыя 11-гадовай Сільвіі з Тасканы. Яе мама пакутуе ад дэпрэсіі, і ўсё жыццё сям'і сканцэнтравана на ёй. Сільвія марыць убачыць Рым, але калі бацька ў чарговы раз адмяняе паездку, яна вырашае ажыццявіць сваю мару самастойна. Смелая і таварыская Сільвія знаёміцца з 13-гадовай цыганкай Эмінай і адпраўляецца за ёй у табар. Гэта пачатак няпростых, але шчырых адносін – дружбы, якая дапаможа абедзвюм дзяўчынкам. Зняты ў цыганскім табары з удзелам непрафесійных акцёраў, фільм «Уцёкі» – кранальнае, вострасюжэтнае і хвалюючае эмацыйнае падарожжа, у аснову якога ляглі падзеі з жыцця рэжысёра.

Рашка МІЛЬКАВІЧ
ПАЛЯЎНІЧЫЯ НА ВЕДЗЬМАЎ
Сербія, Македонія

10-гадовы Ёван хворы на цэрэбральны параліч. З-за сваёй хваробы ён прывык лічыць, што яго ніхто не заўважае – асабліва бацькі і аднакласнікі. Але ў свеце сваіх фантазій ён здольны стаць кім заўгодна, там у яго з'яўляюцца звышздольнасці, пра якія можна толькі марыць. У яго (над)звычайнае жыццё ўносіць разладновая аднакласніцаМіліца. Паціху, цаглінка за цаглінкай, адважная мэтанакіраваная дзяўчынка бурыць сцяну, якой Ёван адгароджваўся ад усіх, і прапануе яму удзел у сапраўдных прыгодах – яе тату трэба тэрмiнова ратаваць ад новай жонкі, якую Міліца лічыць ведзьмай.

Мооніка СІЙМЕТС
ТАВАРЫШ ДЗІЦЯ
Эстонія

Леэла шэсць гадоў, яе маці працуе настаўніцай у школе. Аднойчы за мамай прыходзяць салдаты і маленькая дзяўчынка вымушана самастойна шукаць адказы на многія пытанні – чаму забаронены сіне-чорна-белы сцяг, хто такі здраднік, што шукае ў іх кватэры страшны следчы НКУС і добра гэта ці дрэнна – быць савецкім піянерам. Каб мама вярнулася, трэба быць добрай дзяўчынкай, і Леэла стараецца з усіх сіл, часта трапляючы з-за гэтага ў трагікамічныя сітуацыі ў двудушным свеце сталінскага рэжыму.

Хізэр ЦУЙ
ВЕДАЕ ТОЛЬКІ МОРА
Тайвань

Дзяцінства Ма На Вэя праходзіць у прыморскай вёсачцы на востраве Ланьюй. Бацька рэдка бывае дома – прападае на заробках. Падлетка выхоўвае бабуля. Яму не ў чым хадзіць – стары абутак даўно парваўся. У надзеі на новыя красоўкі, хлопец абводзіць сваю ступню на паперы і адпраўляе малюнак бацьку.

У клас Ма На Вэя прыходзіць новы настаўнік. Ён вырашае арганізаваць у школе фальклорны ансамбль і паставіць астраўной танец рыбакоў. Хлопцы спачатку скептычна ставяцца да гэтай задумы. Яны саромеюцца традыцый, адлыньваюцьад рэпетыцый. Але патроху іх стаўленне да заняткаў мяняецца. Наперадзе нацыянальны конкурс, а Ма На Вэя ледзь не звальняюць ад удзелу...

ФІЛЬМ ЗАКРЫЦЦЯ (па-за конкурсам)
Андрэ КАТОТА, Габрыэль БІТАР, Густава СТЭЙНБЕРГ
ЦІТА І ПТУШКІ
Бразілія

Ціта – сарамлівы 10-гадовы хлопчык, які жыве з мамай. Нечакана ў горадзе пачынаецца дзіўная эпідэмія – хвароба паражае кожнага, хто схільны да прыступаў страху. Ціта разумее, што цудадзейны рэцэпт лекаў нейкім чынам звязаны з яго зніклым без вестак бацькам-арнітолагам, які вывучаў мову птушак. Разам з сябрамі Ціта збіраецца выратаваць свет ад эпідэміі. Пошукі лекаў дапамогуць яму сустрэцца не толькі са зніклым бацькам, але і з самім сабой.

(Па-за конкурсам)
Эры МІДЗУТАНІ
КАЛІ ЛАСКА, ЗАХОЎВАЙЦЕ ЦІШЫНЮ
Польшча

Эры Мідзутані запрашае нас наведаць таямнічы свет, надзейна схаваны за сценамі польскай школы-інтэрната. Юныя вучні жывуць у сваёй магічнай прасторы, амаль недасяжнай для іншых, «нармальных». Тонкае назіранне, без адзінага слова, дазваляе нам пражыць цэлы год іх жыцця. Мы знаёмімся з іх звычкамі, жэстамі, мімікай – і адкрываем таварыства, дзе пануюць прызнанне, разуменне і лёгкасць. Хвалюемся разам з дзецьмі, даведваемся, як яны бачаць свет, і, нарэшце, чуем іх галасы. У фільме Эры Мідзутані змагла выйсці за межы магчымага і зліквідаваць бар'еры паміж светамі дарослых і дзяцей, глухіх і тых, хто чуе.

(Па-за конкурсам)
Бюньямін МУСУЛУ
ПРОМІС
Германія

У цэнтры Кёльна ёсць атэль Mado, дзе знайшлі прытулак некалькі бежанцаў. Тут жыве сям’я дзесяцігадовага Проміса – ён сам, маці і трохгадовыя блізняты. Хлопчык займаецца гаспадаркай і фактычна замяняе блізнятам бацьку, хаця іншы раз яму хочацца проста пабыць дзіцем. Яму патрабуецца нейкі час, каб усвядоміць, што адбываецца ў яго дзіўным новым свеце.

(Па-за конкурсам)
Імэн ЧЖАН
ЧЖЭНЫ
Венгрыя

Чжэн Хунхай жыве ў Венгрыі ўжо больш за дваццаць сем гадоў. Ён ажаніўся з венгеркай, у сям’і трое дзяцей. «На яе немагчыма разлічваць», – перажывае мужчына, распавядаючы пра выхаванне сваіх дзяцей. «Яна проста вызваляе іх ад усіх урокаў, пакуль мяне няма дома. Лічыць, што дзецям трэба толькі гуляць. Цікава!» Хунхай – прыхільнік традыцыйнага кітайскага падыходу да выхавання, строгага, інтэнсіўнага і сур’ёзнага. Яго сыны адначасова вучацца іграць на піяніна і скрыпцы, плаваюць, спяваюць, гуляюць у шахматы, малююць, вучацца каліграфіі, займаюцца баявымі мастацтвамі. Бацька ўпэўнены: тое, што ён робіць, прынясе дзецям карысць.

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.