Праграма конкурсу маладога дакументальнага кіно – конкурсу нацыянальных кінашкол 25-га ММКФ «Лістапад»

КОНКУРС МАЛАДОГА ДАКУМЕНТАЛЬНАГА КІНО – КОНКУРС НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КІНАШКОЛ

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Алена БУЯКОВА
АДЗІН ДЗЕНЬ З ЖЫЦЦЯ АЛЕСЯ І АЛЕСІ
Беларусь

Гэта пара жыве на хутары. Здавалася б, ён адарваны ад навакольнага свету, але жыццё тут віруе, матэрыяльнае сутыкаецца з духоўным. Што аб’ядноўвае гэтых людзей, якія належаць да розных пакаленняў?

Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў

Іна ЦГОЕВА
Я, ВІКТАР
Расія

Віктар тут адзін. Ён азіраецца на сваё жыццё, каб зразумець, што прывяло яго сюды. Праз цішыню прарываецца голас самотнага чалавека, які вымаўляе ўласнае імя.

Школа дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава

Ксенія ШКРЭБА
ЗАЛОМ
Расія

Скончыўшы інстытут, дваццацідвухгадовы Мікіта пайшоў працаваць на лепшы завод Кастрамы. Яму неабходна навучыцца правільна падтрасаць лісты шпона і роўна саджаць іх у сушылку. Але ў той час як яго калег пераважна цікавіць пытанне: «Як аддзяліць драўляныя адходы ад смецця?», Мікіта ўсё яшчэ спрабуе разгадаць, у чым сэнс жыцця.

Мабільная кінашкола «DOCNOMADS»

Імэн ЧЖАН
НА ЎСХОД
Бельгія

У традыцыйнай кітайскай культуры няма страху смерці, але людзі клапоцяцца аб замагільным свеце. Кітайцы вераць, што іншасвет існуе па тых самых законах, што і свет сапраўдны. Тут таксама трэба зарабляць сабе на жыццё, і грошы – базавая неабходнасць. Такім чынам, кожны год кітайцы спальваюць рытуальныя грошы. Вецер данясе іх да свету памерлых, што аблегчыць ім пакуты. Складана пераадолець сцежку паміж рэальным і іншасветам, не кажучы ўжо пра спальванне грошай ў Еўропе. Ды і як яны даляцяць да Кітая? Што іх чакае на шляху?

Фань У
ПАД АДНЫМ ДАХАМ
Партугалія, Тайвань, Венгрыя

У закінутай вёсцы, у атмасферы блізкай смерці і самоты, старыя суседзі Інасію і Франсішка спрабуюць пераадолець меланхолію ў кампаніі адзін аднаго. Яны жывуць пад адным дахам з той пары, як страцілі сваіх спадарожнікаў. Жыццё кідае ім новы выклік – зазнаць глыбокае пачуццё. Гэты фільм – паэма аб тым, як у занядбаным месцы на схіле дзён ўзнікае каханне.

Мірна ЭВЕРХАРД
СКОКІ БРУНА
Партугалія

У падарожжы Бруна бярэ ўспаміны аб неспакойным мінулым, тры чамаданы і сабаку Казузу. Ён выкарыстоўвае любую магчымасць скокнуць з парашутам, спадзеючыся, што гэта выратуе яму жыццё. Глядач паглыбляецца ў свет бэйс-джампа і даведваецца, чаму выратаванне Бруна – адначасова і галоўная пагроза яго жыццю.

Арагон ЯО
АТЭЛЬ ФРЭМОН
Кітай, Венгрыя, Партугалія, Бельгія

Што адчувае чалавек, закінуты ў нікуды, адарваны ад уласных каранёў? Чатыры ўкраінцы працуюць на самым вялікім заводзе Цэнтральнай Еўропы ў маленькім венгерскім горадзе. Тут яны не адчуваюць сябе сваімі, але вымушаны цяжка працаваць, каб дапамагчы сем’ям. У мужчын агульная спальня ў адназоркавым атэлі, кожны дзень яны разам ідуць на працу, разам адтуль вяртаюцца. Адзінае, што ім цікава ў канцы доўгага працоўнага дня, – выпіўка і тэлевізар. У атэль з’яжджаюцца працаўнікі з розных куткоў Цэнтральнай Еўропы, і ён становіцца іх маленькім прытулкам. Калі ж яны скончаць свой праект? І куды ляжыць іх далейшы шлях?

ЕСАM / Школа кіно і аўдыявізуальных мастацтваў у Мадрыдзе

Хайме Басэльга АГУСЦІ
УНУТРАНЫ ДОМ
Іспанія

Дыега, які страціў бацьку, вырашае зняцца ў фільме свайго сына. У размовах з ім ён вандруе ў мінулае, каб вырашыць праблему пакаленняў. Што такое ўнутраны дом?

Клаўдзія НЭГРА ГАРСІЯ
КАНЦЭРТ ФА МАЖОР
Іспанія

Фернанда Пас пакідае выкладаць блок-флейту ў кансерваторыі і едзе ў далёкую вёску на поўначы Партугаліі, дзе пачынае вырабляць флейты. Аўтар фільма піша: «Фернанда не выкладае мне ўжо шэсць гадоў, а два гады таму я сама пакінула музыку. І тут я вырашаю наведаць яго…»

FAMU / Факультэт кіно і тэлебачання Акадэміі музычнага мастацтва ў Празе

Йіндржых АНДРШ
АПОШНЯЯ ЗМЕНА ТОМАША ГІСЕМА
Чэхія

«Спадзяюся, усё добра і вы пра штосьці даведаецеся», – кажа шахцёр Томаш Гісем на пачатку сваёй змены на остраўскай шахце Паскаў, якую вырашыў задакументаваць. Мы не бачым яго твару (ён употай пранёс камеру ў шахту і замацаваў яе на сваёй касцы), але выразна чуем, як ён на мясцовым дыялекце апісвае тое, што бачыць. Шахцёр уважліва аглядае цёмныя і пыльныя тунэлі і клаўстрафобныя падземныя прасторы, і мы таксама там нібы праходзім альбо прапаўзаем. Шчыра і непасрэдна ён здымае гэта месца за дзень да таго, як шахту Паскаў зачыняюць і тысяча трыста чалавек страчвае працу.

Дар’я КАШЧЭЕВА
ПРАГА ВАЧЫМА ІНШАЗЭМЦАЎ
Чэхія

Як пачуваюцца замежнікі ў Празе і Чэхіі? Часам яны адчуваюць адчай, часам – надзею на лепшае… Анімацыйнае дакументальнае відэа «Прага вачыма іншаземцаў» – шчыры расказ прадстаўнікоў розных краін, якія спрабуюць знайсці сябе ў Чэшскай Рэспубліцы.

Адэла КОМРЗІ
АДСУТНАСЦЬ УЗАЕМНАСЦІ Ў СЛАБАСЦІ, СТРАТАХ І РЫЗЫКАХ
Чэхія

Дакументальнае даследаванне вока. Падборка выяў з розных крыніц дапамагае раскрыць яго новыя функцыі. Гэта інструмент запалохвання, салдат выкарыстоўвае яго, каб знайсці сваю цэль, а калі паглядзець ў вочы кату, ён можа засумнявацца. Што адбываецца, калі вока перастае глядзець?

Мары-Магдалена КОХАВА
ЦІ БУДЗЕ СВЕТ ПАМЯТАЦЬ ТВАЁ ІМЯ?
Чэхія

Гэты фільм – роздум аб нарцысізме ў нашым грамадстве. Аб нашым сябелюбстве, жаданні запісваць кожны свой крок, самасцвярдждэнні і імкненні пакінуць неўміручую спадчыну. Але ці будзе свет памятаць тваё імя?

Лукаш ЯНІЧЫК
УСЦІ
Чэхія

Фільм – абстрактны партрэт рэгіёна Усці-над-Лабем на поўначы Чэшскай Рэспублікі. Асаблівы акцэнт зроблены на дысгармоніі паміж індустрыяльным ландшафтам і прыродай. З дапамогай экспрэсіўных сродкаў эксперыментальнага кіно адлюстраваны абодва пейзажы, што супярэчаць адзін аднаму. Камера нібы шукае адказ на пытанне: ці ёсць магчымасць прымірыць іх і прывесці да гармоніі? У асноўным мантаж фільма ажыццяўляўся непасрэдна ў камеры, кожны з кадраў 16-мм кінаплёнкі як мінімум двойчы экспанаваны. У выніку бесперапынная плынь шматслойных выяў разбурае традыцыйнае ўяўленне аб выразных межах кадра з яго пачаткам і канцом.

Вышэйшая вольная школа Брусэля

Сіям БУЗЕРДА
КАЛІ ТЫ СПЫТАЕШЬ МЯНЕ
Бельгія

Атакі ўсё бліжэй, а іх наступствы шматлікія. Я не хачу гаварыць аб уласных пачуццях, але што ж адчуваюць тыя, хто побач? Калі я пытаюся ў бацькоў пра ту Бельгію, якую яны ведалі, мне падаецца, што яны жылі не толькі ў іншы час, але і ў іншай краіне..

Ніна ДЭГРАВЕ
РЭЙ РЫЧАРДСАН: НА НАШЫМ БАКУ ВАДЫ
Бельгія

Цяжка было прадбачыць, што Рэй Рычардсан з Вуліджа на паўднёвым усходзе Лондана стане адной з ключавых постацей брытанскага фігуратыўнага жывапісу. Ён шукае натхненне на паўднёвым беразе Тэмзы, дзе знаходзіць сюжэты для сваіх партрэтаў. У яго традыцыйнай мастацкай мове прысутнічаюць кінематаграфічныя тэхнікі, характэрныя для нуара.

Пабло ЭСОН
ФЛУРЭДЖА
Бельгія

Паспрабуйце зірнуць на свет вачыма пчалы, скіраваўшыся ў лірычнае падарожжа з горада ў вёску. «Флурэджа» («збор нектара» на правансальскім дыялекце) распавядае аб складаных адносінах паміж пчоламі і людзьмі.

IFS / Міжнародная кінашкола ў Кёльне

Максіміліян БОЛЬ
ТАМАР
Германія, Ізраіль

Трыццацітрохгадовая мастачка Тамар назірае за людзьмі на вуліцах Тэль-Авіва і кожны дзень перадае свае ўражанні ў ілюстрацыях. У іранічнай форме яна распавядае аб тым, што хаваецца за фасадам ізраільскай штодзённасці. Нялёгка прыняць жыццё ў нібыта ліберальным грамадстве «ў эпіцэнтры шторму», дзе «ў кожнага ўласнае меркаванне наконт чаго заўгодна», таму яна лічыць за лепшае дыстанцыравацца ад усіх. Тым не менш, Тамар знаходзіць сілы і натхненне нават у самы змрочны перыяд свайго жыцця. У яе коміксах распавядаецца аб бамбардзіроўках, няўдалым шлюбе і антыдэпрэсантах, але заўсёды з доляй выдатнага гумару.

Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатра, кіно і тэлебачання імя і. К. Карпенкі-Карага

Дамнікія ЛЯЎЧУК
ШЛЯХ
Україна

Ва Украіне колькасць дзяцей з аўтызмам павялічваецца на 30% кожны год, але дзяржава практычна не дапамагае сем’ям з асаблівымі дзецьмі. Больш за дваццаць тысяч пакутуе на ДЦП, але толькі некалькі бальніц могуць дапамагчы ім. Ёсць і іншыя парокі развіцця, рак, дыябет і г.д. Не кожная сям’я можа дазволіць адпаведнае лячэнне, але існуе альтэрнатыўны спосаб рэабілітацыі. Іпатэрапія заснавана на псіхасэнсарным эфекце, які адчувае коннік ў працэсе камунікацыі з канём. Дзіця ўзлазіць на яго і адчувае, як той дыхае, рухаецца, жыве. Гэта фільм пра неабходнасць змагацца, каб здабыць унутраную свабоду.

Кыргызска-Турэцкі ўніверсітэт «Манас»

Бегім Жалдубай КЫЗЫ
АДЧУЖЭННЕ
Кыргызстан

Ыдырыс Асмонаў жыве ў гарах са сваей жонкай, пераадольваючы люты холад і іншыя цяжкасці. Гэта фільм аб жыцці ў безупыннай барацьбе.

Польская нацыянальная школа кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі

Юстына МЫТНІК
ЯК СТАЦЬ ПАПАМ РЫМСКІМ?
Польшча

Лёгкая камедыя пра дзесяцігадовага хлопчыка, які марыць стаць папам рымскім. Галоўны герой – служка, які даведаўся аб праслухоўванні на ролю папы Яна Паўла II у мюзікле. Хлопчык бачыць у гэтым сваю свяшчэнную місію, але бацькі не ўспрымаюць яго сур’ёзна. Што ж яму давядзецца зразумець?

Петэр Санд МАГНУСЕН
ТОЙ САМЫ БОЛЬ
Польшча

Вечар у Лодзі. Два сябры, Мацей і Петэр, прагульваюцца і распавядаюць пра сваё жыццё. Абодвух у дзяцінстве кінулі бацькі, што выклікае боль. Яны вырашаюць зняць пра гэта фільм. Мацей збіраецца сустрэцца са сваім бацькам і выклікаць таго на шчырую размову аб мінулым. Падчас працы над фільмам маладыя людзі разумеюць, што планы залучыць бацьку Мацея ў праект пацярпелі паразу. Петэр згадвае ўласнага бацьку, і абедзьве гісторыі пераплятаюцца. Боль раздзелены, і бацькі ўжо не маюць значэння. Застаецца толькі сяброўства паміж пакінутымі калісьці дзяцьмі.

Міхал ХІТРАСЬ
СЁСТРЫ
Польшча

За магутнымі сценамі старэйшага ў Польшчы закрытага кляштара бенедыкцінак у Станёнтках недалёка ад Кракава праходзіць жыццё дванаццаці пажылых манашак. Нягледзячы на змены ў свеце і ўласны ўзрост (а ім ужо за семдзесят), жанчыны штодня трымаюцца правіла, вызначанага больш за дзесяць стагоддзяў таму, – «ora et labora» («маліся і працуй»). Сёстры Анунцыята і Бенедыкта правялі ў кляштары сорак год і распавядаюць аб сваім жыцці. Праўдзівы аповед, пазбаўлены стэрэатыпаў, раскрывае нам, што за свет хаваецца за кляштарнай сцяной XVIII стагоддзя. Расказ манашак кранальны і займальны адначасова. Гэта фільм аб цішыні, якая займела голас.

Клаўдыюш ХРАСТОЎСКІ
НАЗЫВАЙЦЕ МЯНЕ ТОНІ
Польшча

Васемнаццацігадовы бодзібілдэр Конрад хоча стаць акцёрам і адчайна імкнецца здабыць увагу свайго бацькі. Ён жыве ў маленькім шахцёрскім пасёлку на поўдні Польшчы. У спробе быць заўважаным імітуе любімых герояў баевікоў, бавіць шмат часу ў спартзале і падаецца на конкурс бодзібілдэраў. Унутраны канфлікт паміж сапраўдным «я» Конрада і тым, кім ён спрабуе зрабіцца, каб атрымаць пахвалу іншых, хутка прыводзіць да дэпрэсіі. Жыццё юнака мяняецца пасля таго, як ён згадвае аб дзіцячай мары стаць акцёрам. Ці знойдзе ён свой шлях?

Ерэванскі дзяржаўны інстытут тэатра і кіно

МАНЭ
АДАПТАЦЫЯ
Арменія

У гэтым эксперыментальным фільме паказана жыццё Ерэвана. У фокусе ўвагі знаходзяцца горад у сваёй разнастайнасці і розныя людзі, што тут жывуць. Кожны момант жыцця адаптаваны пад асобны настрой, і мы не адчуваем плыні часу.

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.