«У рым за два еўра». Фільм Карын Проя запрашае на прагулку па сталіцы Італіі

Зірнуць па-новаму на «рымскую тэму», пачатую класікамі кінематографа Федэрыка Феліні і Паола Сарэнтына, прапануе стужка «Прагулка па Рыме». Фільм пакажа сталіцу Італіі праз адкрытыя і смелыя сэрцы юных шукальнікаў прыгод. Адправіцца ў вандроўку па вечнаму гораду можна з 18 па 31 кастрычніка ў Falcon club Буцік Кіно, з 18 кастрычніка па 2 лістапада ў «Піянеры» і з 20 па 24 кастрычніка ў «Цэнтральным».

24952.jpg
Франчэска споўнілася 9 гадоў, і сям’я падарыла яму квіткі ў Рым, каб пабачыць знакамітую Сіксцінскую капэлу. Настаў доўгачаканы дзень паездкі, але непрадбачаныя праблемы прымушаюць бацькоў вярнуцца з Рыма раней. Франчэска не задавальняе такі ход рэчаў, і ён вырашае збегчы ад маці і самастойна дабрацца да Вацікана... Яго малодшая сястра Марыя ідзе за ім, і перад дзецьмі адкрываецца дзіўны, поўны чараўніцтва і таямніц свет Вечнага горада. 

Сусветная прэм’ера фільма «Прагулка па Рыме» адбылася вясною 2017 года на радзіме аўтара карціны. Для Карыны Проя, кіна- і тэатральнай актрысы, гэта першы фільм у якасці рэжысёра. Дзякуючы патранажу Дэпартамента па Культуры Рыма, у рэжысёра атрымалася зняць стужку ў дзіўных месцах, куды не кожны турыст можа трапіць.

Па выніках Female Eye Film Festival у Таронта «Прагулка» ўдастоілася прыза за «Лепшы замежны фільм» і намінацый у катэгорыях «Лепшы фільм года» і «Лепшы дэбют». Фільм таксама быў намінаваны на прэмію Ciak d’Oro(«Лепшы дэбют») і атрымаў Прыз сімпатый гледачоў на IV Расійска-Італьянскім конкурсе RIFF. 

«Я жадала паказаць вечную прыгажосць Рыма на кантрасце з «маленькім Рымам» дэталяў, якія мы звычайна не заўважаем. Дзеці могуць ацаніць мастацтва без прымхаў, падымацца вышэй меркаванняў «падабаецца-не падабаецца» і глядзець ушыр», – расказвае рэжысёр.

Дзеля здымак у фільме былі адабраны як пачынаючыя акцёры Лібера Натолі і Тэа Буранэлі, так і ўжо вядомыя гледачам Клаўдзі Кардынале, Філіп Леруа і Філ Палмер. А Нікола П’ёвані, уладальнік Оскара за музыку да фільма «Жыццё цудоўна», стварыў музычнае суправаджэнне. «Я ганаруся тым, што зняўся ў гэтым фільме-вандроўцы за прыгажосцю. Думаю, яго трэба паказваць ва ўніверсітэтах», – расказвае аб сваёй ролі Філіп Леруа.

«Фільм вельмі прыгожы, смелы і паэтычны. Толькі жанчына магла зняць фільм, падобны на верш», – піша пра стужку Radiocolonna.it.