Свет вачыма Аньес Варда

Адзіную жанчыну-рэжысёра французскай «Новай хвалі», Аньес Варда называюць адначасова «маці» і нават «бабуляй» гэтага руху. Крытыкі ставяць Аньес Варда ў адзін шэраг з такімі рэжысёрамі, як Жан-Люк Годар і Франсуа Труфо. Без спецыяльнай адукацыі і рэжысёрскіх навыкаў (да таго яна займалася маляваннем, скульптурай і фотажурналістыкай) Варда зняла ў 1956 годзе свой дэбютны фільм «Пуэнт-Курт» – гібрыд мастацкага і дакументальнага кіно. Аднак менавіта гэту карціну лічаць неафіцыйным пачаткам «Новай хвалі». Нягледзячы на то што фільм не быў прадстаўлены шырокай публіцы, пасля яго рэжысёр атрымала заказ на некалькі дакументальных фільмаў, якія зняла ў канцы 50-ых.

1.jpg

У 1962 годзе выходзіць другі фільм Аньес Варда «Клеа ад 5 да 7», што адказваў усім канонам «Новай хвалі». Карціна паказвае паўтары гадзіны з жыцця маладой парыжскай поп-спявачкі Клеа, якая чакала вынікаў сур’ёзнага медыцынскага абследавання. Дзяўчына блукае па вуліцах Парыжа, захозіць у кавярню і крамы, сустракаецца з рознымі людзьмі і спадзяецца абстрагавацца ад сваіх хваляванняў. Смелае, пазбаўленае лішняга псіхалагізму даследванне ўнутранага свету галоўнай гераіні стала афіцыйнай заявай аб прыходзе Аньес Варда ў кінематограф. Французскі сіндыкат кінакрытыкаў адзначыў стужку ўзнагародай за лепшы фільм.

У наступныя дзесяцігоддзі Аньес Варда стала адной з ключавых фігур артхауснага кіно. Многія з яе фільмаў становяцца палітычнымі і феміністычнымі заявамі. Свой стыль рэжысёр называе cinécriture («кінапісанне»). Ён назіраецца ў мастацкай карціне «Шчасце» (1965) – адным з самых правакацыйных фільмаў Аньес Варда. У цэнтры сюжэта – малады цясляр Франсуа. У яго ёсць жонка, двое дзяцей, пасля працы ў сталярнай краме ён ездзіць з сям’ёй на пікнік за горад ці праводзіць ціхія вечары дома. Падавалася б, што для шчасця і не трэба болей. Але аднойчы ён знаёміцца з тэлефаністкай Эмілі і заводзіць з ёй раман. Аньес Варда паказвае, як за падманліва жыццярадаснымі кадрамі і пералівамі моцартаўскіх трэляў хаваюцца праблемы вернасці і шчасця ў сучасным эгацэнтрычным грамадстве. Рэжысёр гэтаксама адзначала: «Тое, што варта шкадавання, памылкова прымаецца за шчасце, таму ў ціхамірнасці фільма ёсць падвох. Унутры прыгожага летняга плода таіцца чарвяк. Чым больш шчасця, тым больш і пакутаў». На Берлінскім кінафестывалі карціна атрымала «Срэбнага мядзведзя», на радзіме была адзначана прызам Луі Дэлюка за лепшы фільм.

Пра смелыя мары і юнацкую непасрэднасць апавядае стужка «Львіная любоў (...і хлусня)»(1969). Тры маладыя акцёры прыязджаюць у Галівуд, каб пабудаваць кар’еру, але замест гэтага цудоўна бавяць час адно з адным. Яны жывыя, таленавітыя і раскаваныя, ім складана нешта навязаць, маладыя людзі жывуць так, быццам нанову прыдумляюць кожную эмоцыю. Іхнюю ідылію парушае госця – незалежны рэжысёр з Нью-Ёрка. Пакораная іхняй свабодай, яна вырашае зняць фільм пра тройцу. Аньес Варда так тлумачыць назву сваёй стужкі: «Львіная – таму што такімі былі валасы акцёраў. Любоў – бо гэта быў любоўны трохкутнік. І хлусня – па той прычыне, што ўсё гэта было пра навіны і пра Галівуд. На здымачнай пляцоўцы ўсё было напалову фальшывым: сапраўдныя калоны і падробленыя калоны. Сакрэты і хлусня. Такі ж і Галівуд – фальшывы, але рэальны ў адзін і той жа час».

Lanscape dinner LIONS LOVE.jpg
У пачатку 60-х лёс зводзіць у Парыжы галоўных гераінь карціны «Адна спявае, другая не» (1977). Полін – маладая спявачка, якая падае надзеі, Сюзан – вясковая дзяўчына, цяжарная трэцім дзіцём. Дзяўчыны становяцца сяброўкамі, і Полін дае Сюзан грошы на нелегальны аборт (афіцыйна аборты былі забароненыя ва Францыі да 1975 году). Далей – разлука на доўгія гады, і толькі праз дзесяць гадоў сяброўкі сустракаюцца зноў на дэманстрацыі ў абарону правоў жанчын. Ім ёсць што расказаць адна адной... Аньес Варда адзначала, што пра падзеі тых гадоў знята шмат дакументальных стужак: «Менавіта фармат мастацкага фільма даў мне магчымасць дакладней адлюстраваць розныя жыццёвыя абставіны дзвюх гераінь і іх спосабы з імі спраўляцца. Валеры Мерэс іграе Пом, юную, энэргічную актывістку, якая з гатоўнасцю кідаецца ў любую авантуру. Тэрэза Ліатар, з другога боку, у больш традыцыйным ключы стварае вобраз жанчыны, якая спрабуе змяніць сваё жыццё, вярнуць сабе страчанае становішча і дапамагчы тым, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі».

2.jpg
«Без прытулку, па-за законам» (1985) – адна з самых уражальных карцін у гісторыі сусветнага кіно, у якой ігравы сюжэт аб’ядноўваецца з дакументальнай паэтыкай. Узімку на поўдні Францыі ў канаве знаходзяць цела замёрзлай маладой жанчыны – валацужкі Моны. Дзякуючы «флэшбэкам» (рэканструкцыямі мінулага) і серыям інтэрв’ю з выпадковымі і блізкімі знаёмымі памёрлай, Аньес Варда прыадкрывае заслону таямніцы гісторыі загадкавай дзяўчыны з неразгаданым лёсам. Фільм атрымаў «Залатога льва» Венецыянскага кінафестывалю, прыз ФІПРЭСІ, узнагароду Міжнароднай каталіцкай арганізацыі кінематаграфічных і аўдыёвізуальных мастацтваў ОСІС. На прэміі «Сезар» Сандрын Банэр была адзначана прызам за лепшую жаночую ролю. Сама рэжысёр цярпець не можа, калі ў фільмах музыку выкарыстоўваюць як акампанемент для таго, што адбываецца на экране: «Калі каханне – гэта сентыментальныя скрыпкі, то жах – жудасны стук ударных. Таму ў «Без прытулку, па-за законам» я вырашыла раздзяліць музыку і сюжэт. Музыка толькі суправаджае гераіню, дзе б тая ні ішла – па полі, па вуліцы, па сухім лісці, па пяску – мы ведаем, па якой дарозе яна ідзе і чуем музыку, гэтага дастаткова. Самім дзеянням музыка не патрэбна».

«Фільм пра Джэйн (Джэйн Б. вачыма Аньес В.)» (1987) Аньес Варда зняла аб знакамітай французскай актрысе тэатру і кіно, спявачцы Джэйн Біркін. Стужка – вычварная мазаіка, сабраная з фрагментаў уяўных фільмаў, у якіх Джэйн іграе розныя ролі, у тым ліку і сваю ўласную.

2.jpg
Правакацыйная і далікатная рамантычная докудрама «Майстар кунг-фу» (1987) з удзелам Джэйн Біркін і Шарлоты Генсбур знаёміць гледача з англічанкай Мэры-Джэйн. Ёй крыху за сорак, яна жыве ў Парыжы, выхоўвае дзвюх дачок Лу і Люсі. Знаёмства з 14-гадовым знаёмым Люсі Жульенам на адной з хатніх вечарын кардынальна змяняе жыццё маці-адзіночкі. Яна ўлюбляецца ў юнака, захопленага камп’ютарнай гульнёй «Майстар кунг-фу». Аднак Жульен усё часцей бавіць час у кампаніі Мэры-Джэйн, што раздражняе навакольных. Што рабіць, калі Мэры-Джэйн – гэта дарослая жанчына з душой падлетка?

3.jpg

«Асобы, вёскі»
(2017) – адзін з апошніх, але зусім не па значнасці, фільмаў 89-гадовай Аньес Варда. Разам з французскім фатографам і муралістам JR яны апантаны візуальнымі вобразамі і ствараюць дакументальнае роўд-муві, вандруючы ў фотафургоне па французскіх вёсках. На сваім шляху яны сустракаюць мясцовых жыхароў, слухаюць іх гісторыі і ствараюць па ім партрэты, якія раскрываюць чалавечыя якасці. Фотаздымкі выстаўляюцца на сценах дамоў і свірнаў, на фасадах крам і вагонаў цягнікоў. Гэта фільм пра цёплыя сустрэчы і пяшчотнае сяброўства. На Канскім кінафестывалі стужку ўдастоілі прыза «Залатое вока» за лепшы дакументальны фільм, карціна таксама была намінавана на «Оскар» у катэгорыі «Лепшы поўнаметражны дакументальны фільм».

    1.jpg

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.