ПЛАНЫ НА ДЗЕНЬ: 3 ЛІСТАПАДА

Прапаноўваем правесці суботу ў кінатэатры, бо другі дзень «Лістапада» абяцае быць насычаным. 3 лістапада адбудзецца адкрыццё конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», пачнуцца паказы конкурсных праграм. Больш за тое вас чакае знаёмства са славенскім кінематографам і Конкурс нацыянальных кінашкол, а ў завяршэнні дня – вечаровы сеанс фільмаў «Кватэра 37» і «Вышэйшае грамадства» з секцыі «Колер ночы».

N5gEKmeUMMc_cr.jpg

Кінатэатр «Цэнтральны»

Другі фестывальны дзень адкрыецца а 12:00 фільмам румынскага рэжысёра Даніэла Санду «За спіной у серафіма». Галоўны герой 15-гадовы Габрыэль, які хоча стаць святаром і для гэтага паступае ў духоўную семінарыю. Хутка падлетак бача, што сістэма адукацыі прагніла знутры. Карціну пакажуць у межах конкурсу ігравога кіно «Маладосць на маршы».

А 15:00 працягвае конкурсную праграму стужка «Спадар» рэжысёра Рахены Гера пра мары і пераадоленне саслоўных бар’ераў.

Гангстэрская меладрама «Попел беласнежны» рэжысёра Цзя Чжанкэ распавядае чуллівую гісторыю кахання Цяо са злачынным аўтарытэтам Бінам. На Канскім кінафестывалі карціна была адзначана прэміяй Міжнароднага грамадства аматараў кіно, а паглядзець яе можна ў «Цэнтральным» а 17:00.

А 20:00 гледачам будзе прадстаўлены фільм Карласа Рэйгадаса «Наш час» у межах пазаконкурснай праграмы ігравога кіно «Майстар-клас». Хуан – праслаўлены паэт, жанаты на Эстэр, ён жыве на ранча і выхоўвае дзяцей. Калі каханая заводзіць раман на баку, Хуан страчвае кантроль.

Завяршае другі фестывальны дзень і адкрывае праграму «Колер ночы» карціна Насіфа Думіса «Кватэра 37». Паказ вольнай інтэрпрэтацыі фільма Альфрэда Хічкока «Акно ў двор» адбудзецца а 23:30.

Кінатэатр «Мір» (зала 1 і зала 2)

Субота ў «Міры» пачнецца а 17:00 з паказу ў першай зале ўдзельніка Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно «Беларуская Атлантыда» рэжысёра Віктара Аслюка. Фільм аб выніках глабалізацыі прадставіць гледачам член здымачнай групы.

Пасля а 18:30 адбудзецца паказ «Палоннай» венгерскага незалежнага кінарэжысёра і кінамантажора Бернадэт Туза-Рытэр. Глядач разам з галоўнай гераіняй Марыш пройдзе доўгі гераічны шлях на свабоду.

А 20:30 нас чакае праўдзівая «Вітаю, бабуля!». Дзве сястры Юратэ і Вілма Самулёнітэ здымаюць фільм і паглыбляюцца ў мінулае сваёй бабулі, якая ў гады Другой сусветай вайны прыналежала да нямецкай нацыянальнай меншасці ў Літве. Стужку прадставіць рэжысёр Вілма Самулёнітэ.

У другой зале пройдуць пазаконкурсныя паказы дакументальнага кіно. У межах праграмы «ХХ стагоддзе. Драмы, гісторыі» не прапусціце а 17:10 смелую стужку «Вальс Вальдхайма». Рут Бекерман зняла гісторыю пра праўду і хлусню, пра «альтэрнатыўныя факты», пра індывідуальную і масавую свядомасць.

«Вялікі баль» адбудзецца а 19:00. Рэжысёр Летыцыя Картон стварыла кіно пра бясконцы танец, у якім кружацца больш за дзве тысячы людзей з усёй Еўропы, страціўшы лік часу і пазабыўшы стомленасць. Гэтаксама перад пачаткам паказу Летыцыя Картон прэзентуе сваю стужку. Карціна адкрывае праграму «Арт» пазаконкурснай праграмы дакументальнага кіно.

Працягвае праграму фільм Натаніэля Кана «Усяму ёсць цана», сусветная прэм’ера якога прайшла на міжнародным кінафестывалі «Сандэнс». Мы можам паглядзець яго ў «Міры» а 21:30. Стужка, віхляючы па лабірынтах сучаснага арт-сусвету, даследуе ролю мастацтва і сапраўднага артыстызму ў грамадстве спажывання, дзе ўсім кіруюць грошы.

Кінатэатр «Масква»

Фантастычную правакацыю ад аўтарытэта французскага кіно Клэр Дэні з удзелам Роберта Пацінсана і Жульет Бінош «Вышэйшае грамадства» можна паглядзець у «Маскве» ў межах праграмы «Колер ночы». Недзе на прасторах космасу парыць касмічны карабель, які павінны здзяйсніць незвычайную місію. Якую менавіта, даведаецеся, калі паспееце на сеанс 21:00.

Музей гісторыі беларускага кіно

Паказы беларускіх дакументальных фільмаў розных гадоў, яднаных праграмай «Залаты Юбілей. Летапісы» пройдуць у Музеі кіно а 17:00. Вас чакае шэсць кароткаметражных карцін. «Насельнікі» Артавазда Пелешана раскажуць пра насельнікаў нашай планеты – аб жывёлах, птушка, пра іх ахову. «Гуд бай, СССР» Аркадзя Рудэрмана пагружае гледачоў ва ўнутраны свет эмігрантаў пачатку 90-ых. Сяргей Пятроўскі зняў жыццёсцвярджальную гісторыю «Кола»пра жаночы лёс Ніны Кузьмянковай з Браслава, якая ўсё жыццё зарабляе сабе на хлеб ганчарным майстэрствам. «Мы жывем на краі» Віктара Аслюка – старонка з жыцця вёскі Дубна, хаты якой штогадова падмывае Нёман. Пра традыцыі на Палессі спрабуе данесці праз свой фільм «Завядзёнка» Галіна Адамовіч. Міхаіл Жданоўскі знаёміць гледача з праслаўненым мастаком Анатолем Кузняцовым – галоўным героем стужкі «Ва ўсе дні».

Закрывае паказы ў Музеі кіно а 19:00 стужка з праграмы «Арт» «Лінія ў бясконцасць». Латвійскі рэжысёр Робертс Рубінс прысвяціў фільм таленавітаму артысту балета Аляксею Авечкіну і яго творчым пошукам і няўдачам, натхненню і сталасці. Гледачы даведаюцца пра найважнейшыя падзеі з жыцця танцоўшчыка і адкрыюць для сябе яго асобу.

Кінатэатр «Піянер» (вялікая і малая залы)

Традыцыйна ў «Піянеры» пройдзе конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», і адкрые яго карціна Ігара Чатверыкова «Правілы геймера». Падрыхтуйцеся а 12:30 разам з галоўнымі героямі пагрузіцца ў захапляльныя падарожжы, якія прывядуць да разгадкі таямніцы княжацкага палаца. 

А 15:00 працягвае конкурс фільм «Таварыш дзіця». Стужку прадставіць яе рэжысёр Мооніка Сійметс, таму ў вас будзе магчымасць задаць пытанні. Аднойчы за мамай шасцігадовай Леэлы прыходзяць салдаты, і маленькая дзяўчынка вымушана самастойна шукаць адказы на зусім не дзіцячыя пытанні.

Праграма «Кіно Славеніі: Terra Incognita» на «Лістападзе» пачнецца са стужкі Ігара Штэркі «Экспрэс, экспрэс». Рамантычную камедыю з элементамі абсурду прадставіць Нерына Кацьянчыч а 17:30. Малады чалавек садзіцца ў цягнік і на шляху сустракае таямнічую незнаёмку, у якую галоўны герой улюбляецца. Аднак у нейкі момант іх шляхі разыходзяцца, каб потым сустрэцца нанову.

«Магазінныя злодзеі» – фільм Хіракадзу Карэ-Эда пра вялікую сям’ю беднага японскага дзіцяці, якая жыве на пенсію бабулі і майстэрскі крадзе розную дробязь у вялікіх супермаркетах. Карціна адкрывае паказ праграмы «Львы, мядзведзі і пальмавыя веткі», з’яўляецца прызёрам Канскага і Мюнхенскага міжнардных кінафестываляў, таму раім не прапусціць сеанс, які пачнецца а 19:00.

А 21:00 гледачоў чакаюць «Расійскія прэм’еры». Пачнуцца яны са стужкі Аляксея Чупава і Наталлі Мяркулавай «Чалавек, які здзівіў усіх». Сібірскі егер Ягор даведваецца, што невылечна хворы. У роспачы ён спрабуе падмануць хуткую смерць, як гэта зрабіў легендарны качар Жамба, герой старажытнага сібірскага эпасу.

Конкурс кінашкол пройдзе ў малым зале кінатэатра «Піянер», паказы стартуюць а 12:00. «Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі» – гэта гісторыя аб дваіх на хутары. Здавалася б, ён адарваны ад астатняга свету, але жыццё тут б’е ключом, матэрыяльнае сутыкаецца з духоўным. Фільм аўдыторыі прадставіць яго рэжысёр Алена Буякова. «Унутраны дом» – гэта гутаркі аб мінулым, якія дапамагаюць вырашыць праблему пакаленняў. На пытанні гледачоў з гатоўнасцю адкажуць рэжысёр Хайме Басэльга і герой стужкі. Клаўдыя Нэгра Гарсія раскажа аб сваім фільме «Канцэрт фа мажор» – асабістым вопыце ўзаемадзеяння з музыкай. Глядач стужкі «Прыжкі Бруна» паглыбіцца ў свет бэйс-джампа і даведаецца, чаму выратаванне Бруна – адначасова і галоўная пагроза яго жыццю. На пытанні аўдыторыі адкажа рэжысёр карціны Мірна Эверхард.

Вучні факультэта кіно і тэлебачання Акадэміі музычнага мастацтва ў Празе прадставяць свае конкурсныя работы а 14:00. Фільм Дар’і Кашчэевай «Прага вачыма іншаземцаў» прыадкрые завесу таямніцы, як адчуваюць сябе іншаземцы ў Празе і Чэхіі. Мары-Магдалена Кохава прадставіць гледачам сваю стужку «Ці будзе свет памятаць тваё імя?» – фільм-разважанне аб нарцысізме ў нашым грамадстве. З дакументальным даследаваннем вока «Адсутнасць узаемнасці ў слабасці, стратах і рызыках» пазнаёміць мінскую аўдыторыю Адэла Комрзі. Рэжысёр задаецца пытаннем: што адбываецца, калі вока перастае глядзець? Фільм «Апошняя змена Томаса Гісэма» дазволіць заглянуць глыбока ў шахту і аглядзець цёмныя і пыльныя туннели. Стужку прадставіць рэжысёр Йіндржых Андрш. «Усці» – абстрактны партрэт рэгіёну Усці-над-Лабэм на поўначы Чэшскай рэспублікі. Асаблівы акцэнт Лукаш Янічык зрабіў на дызгармоніі між індустрыяльным ландшафтам і прыродай, аб чым і распавядзе прад паказам фільма.

А 16:30 прапануем пазнаёміцца са стужкай Гедрэ Бэйнарутэ «Грэючы мармур», якая адкрые паказ праграмы «Жаночыя гісторыі». У цэнтры сюжэта стужкі шлюбная пара Ізабэле і Людас, іх сын Гаілюс, які хварэе на эпілепсіі. Аднойчы Ізабэле угаворвае мужа усынавіць шасцігадовага Іллю – выхавальніка дзіцячага дому.

Запрашаем зазірнуць на другі фільм пазаконкурснай праграмы «Геніі кіно: Аньес Варда». «Клео ад 5 да 7» – гэта паўтары гадзіны з жыцця маладой поп-спявачцы Клео, якая чакае вынікаў сур’ёзнага медыцынскага даследавання. Пачатак сеанса а 18:30.

А 20:30 закрывае паказы ў «Піянеры» стужка з праграмы «Культ кіно» «Мае правінцыялы». Рэжысёр Жан-Поль Сівейрак зняў рамантычную драму пра маладосць і гора сталення, а таксама пра кінематограф як сэнс жыцця.

Falcon Club Буцік кіно

А 19:30 у трэцяй зале не прапусціце магчымасць паглядзець фільм адкрыцця фестывалю «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскі.

Фільм, паказ якога адбудзецца ў чацвёртай зале а 21:00, узрадуе паклонікаў Катрын Дэнеў. «Апошняе вар’яцтва Клэр Дарлінг» рэжысёра Жулі Бертучэлі – гэта супрацьстаянне маці і дачкі, якая жадае прыпыніць безразважнасць блізкага чалавека і даведацца пра прычыны, якія за ім хаваюцца.

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.