ПЛАНЫ НА ДЗЕНЬ: 7 ЛІСТАПАДА

Выхадны лепш правесці за святочным… экранам у кінатэатры. Майстар-клас індустрыяльнай платформы, кінаэсэ пра сяброў геніяльнага аператара Аляксандра Анціпенка, «Дом, які пабудаваў Джэк» Ларса фон Трыера, класіка славенскага кіно «Даліна свету», дакументальная карціна Сяргея Лазніцы «Дзень перамогі» і не толькі – у нашым дайджэсце шостага дня «Лістапада».

Кадр з фільма «Майго брата завуць Роберт і ён ідыёт»

Індустрыяльная платформа Bel:Cinema

У 14:00 на пляцоўцы «Беларусьфільма» пачнецца адкрыты майстар-клас «Асновы міжнароднай капрадукцыі ў дакументальным кіно». Міжнародныя цьютары ад B2B DOC раскажуць, як фарміраваць гісторыю для міжнароднага рынку, правільна бюджэціраваць праект, знайсці капрадзюсараў і падрыхтаваць праект да пітчынгу. У 16:00 беларускія прадзюсары прэзентуюць свае праекты на стадыі развіцця, а міжнародныя эксперты дадуць ацэнку і практычныя парады, а ў 18:00 стартуе лекцыя Евы Бразджыянітэ «Creative Europe Media Desk & Варыянты фінансавання»

Кінатэатр «Цэнтральны»

Праца кінатэатра пачнецца з фільма пазаконкурснай  секцыі «Майстар-клас» «Майго брата завуць Роберт і ён ідыёт» Філіпа Гронінга. Роберт дапамагае сястры Алене рыхтавацца да экзамена па філасофіі. Яны дамаўляюцца, што Алена паспее пераспаць з кімсьці да канца вучобы. А Роберт вырашае, быць яму гледачом або саўдзельнікам. Пачатак сеансу ў 11:00.

У 14:15 у рамках праграмы ігравога кіно «Маладосць на маршы» будзе паказана карціна «Гандляр бранзалетамі», якая распавядзе пра сакрэты вясковай сям’і, дзе жонка не можа зацяжарыць.

У рамках той жа «Маладосці на маршы» ў 16:45 гледачы ўбачаць фільм «Мёртвыя і іншыя» Жоана Салавіса і Рэнэ Надэр Месоры. Карціна апавядае пра 15-гадовага індыйца Іяке з бразільскай сяльвы, які вымушаны збегчы ў горад.

У 19:00 на экране з’явіцца ўладальнік Гран-пры і прыза за лепшую мужчынскую роль «Кінатаўра-2018» «Сэрца свету». Рэжысёр Наталля Мяшчанінава, выканаўца галоўнай ролі Сцяпан Дэвонін і прадзюсар Наталля Дрозд прадставяць на суд гледачам гісторыю Ягора, які працуе на адной з трэніровачных станцый для паляўнічых сабак. З жывёламі яму прасцей, чым з людзьмі. Але герой хоча немагчымага – стаць часткай сям’і гаспадара станцыі.

Скончыць працу кінатэатр у 21:40 паказам карціны з Асноўнага конкурса ігравога кіно «Юлі» Ісіара Бальяніна, якая раскажа гісторыю легендарнага кубінскага танцора, першага цемнаскурага Рамэо Лонданскага караўлеўскага балета Карласа Акосты.

Кадр з фільма «Швейцарац Крыс»

Кінатэатр «Мір» (зала 1 і зала 2) 

У рамках праграмы «Кіно пра Кіно» аператар Сяргей Зубікаў пазнаёміць вас з лентай Андрэя Осіпава «Параджанаў Таркоўскі Анціпенка. Светацені». Паэтычнае кінаэсэ на вершы Арсенія Таркоўскага паказвае таямніцы лёсу і творчасці трох выбітных кінамастакоў. Пачатак сеансу ў 18:00

Яшчэ аднаго ўдзельніка докпраграмы асноўнага конкурса можна паглядзець у 18:30. На гэты раз – «Пустэльніка». Рэжысёр Арцём Маскалёў распавядае, як прырода дапамагае выжываць даведзенаму да прорвы жыцця homo sapiens.

Кінатэарт «Мір» працягне працу ў 19:30 стужкай «Швейцарац Крыс» пра раследаванне забойства ў час Югаслаўскіх войнаў швейцарскіх журналістаў, якія пераапрануліся ў форму наёмнікаў. Фільм прадставіць рэжысёр Аня Комфель.

Кінадзень скончыцца карцінай «Алфавіт Грынуэя». Фільм жонкі Пітэра Грынуэя Саскіі Бадэке – глыбока асабісты партрэт мастака і бацькі, які супрацьстаіць плыні часу. Пачатак сеансу ў 20:30.

Музей гісторыі беларускага кіно

У музеі будзе паказана дакументальная карціна Сяргея Лазніцы «Дзень Перамогі» пра святкаванне 9-га мая ў сталіцы Германіі. Паказ пачнецца ў 19:00.

Кінатэатр «Масква»

У 21:00 вас чакае «Дом, які пабудаваў Джэк» рэжысёра Ларса фон Трыера. Аповед вядзецца ад асобы Джэка, надзвычай інтэлігентнага серыйнага забойцы, які гатовы пайсці на любую рызыку, каб давесці справу да ідэалу. 

Кінатэатр «Піянер» (вялікая і малая залы)

У кінатэатры «Піянер» раім паглядзець пераможцу Конкурса фільмаў для дзяцей і юнацтва «Супа Мода» кенійскага рэжысёра Лікарыёна Вайнайны. Намінант ад Кеніі на суісканне прэміі «Оскар» раскажа кранальную гісторыю смяротна хворай кенійскай дзяўчынкі Джо, якая хоча стаць супергероем. Мару вырашаюць увасобіць як адно цэлае жыхары пасёлку, мама і сястра Джо. Пачатак сеансу ў 12:30.

У 14:30 у кінатэатры «Піянер» пройдуць паказы анімацыйных фільмаў Нацыянальнага конкурса. Ігар Волчак прадставіць мультфільм «Ваўчышка» пра жыццё ляснога ваўчонка, жыццё якога рэзка змянілася. Таццяна Кубліцкая распавядзе пра «Азбуку небяспекі» з жыцця дамавічкоў, Марына Карпава – пра мультфільм «Гультайка Васіліса», Наталля Дарвіна раскажа гісторыю пра «Добрага воўка», а здымачная група мультфільма «У Палессі на балоце» прадставіць увазе гледачоў гісторыю пра хлопчыка, які не шанаваў прыроду і аказаўся на Палессі.

Кадр з фільма «У Палессі на балоце»

У 17:00 у рамках пазаконкурснай секцыі «Расійскія прэм’еры» гледачы ўбачаць драму «Падкідышы». Кінуты ў маленстве, Дзяніс вырас і пераўтварыўся ў юнака з унікальнай здольнасцю не адчуваць болю. Раптоўна яго знаходзіць маці і цяпер дзеля яе любові хлопец гатовы стаць удзельнікам авантуры ўладных людзей. Стужку праставяць акцёры фільма.    

Секцыя «Жаночыя гісторыі» працягне шчыра натхняць «Апошнім вар’яцтвам Клэр Дарлінг». Фільм Жулі Бертучэлі адкрые заслону гісторыю нетрывіальных паводзін Клэр Дарлінг. Пачатак сеансу ў 19:30.

Скончыцца працоўны дзень «Піянера» карцінай «Доўгі дзень сыходзіць у ноч» у 21:30. Рэжысёр Бі Гань зняў гісторыю мімалётнага захаплення, якое перарасло ў больш чым сур’ёзныя пачуцці за некалькі гадоў растання. Дарэчы, фільм – лаурэат прэміі Міжнароднага таварыства аматараў кіно Канскага кінафестываля. 

У малой зале «Піянера» вас парадуе удзельнік Конкурса фільмаў для дзяцей і юнацтва «Ведае толькі мора» Хізер Цуй. Фільм распавядзе пра хлопчыка Ма На Вэе з беднай вёскі, які будзе ўдзельнічаць у Нацыянальным танцавальным конкурсе. Пачатак сеансу ў 12:30.

У 14:30 секцыя «Кіно Славеніі: Terra Incognita» прапануе ўспомніць класіку пасляваеннага еўрапейскага кінематографа – «Даліну міра» Франца Шцігліца пра адысею нямецкай дзяўчынкі Лоці, славенскага хлопчыка Марка і афраамерыканскага пілота Джыма.

У рамках пазаконкурснай праграмы ігравога кіно ў 16:30 вас чакае карціна «Дзікая Груша» турэцкага рэжысёра Нуры Більге Джэйлана. Фільм распавядзе пра перспектыўнага паэта Сінане, які не можа сабраць сродкі для першай публікаці з-за непасільных бацькавых даўгоў.

На 20:00 у кінатэатры запланаваны паказ работы секцыі «Геніі кіно: Аньес Варда» «Шчасце». Франсуа, малады плотнік, вядзе шчаслівае жыццё – у яго ёсць жонка і двое дзяцей. Але аднойчы ён знаёміцца з тэлефаністкай Эмілі і, нядоўга думаючы, заводзіць з ёй раман. Рэжысёр Аньес Варда атрымала за фільм Срэбнага мядзведзя Берлінскага кінафестываля ў 1965 годзе. 

«Роха» – гэта фільм Бенхаміна Найштата пра зменлівасць лёсу. У рэстаран невялікага правінцыйнага гарадка заходзіць незнаёмы і пачынае абражаць знакамітага мясцовага адваката Клаўдыя. Служыцель Феміды спрабуе спыніць чужынца пагардлівым словам. Мужчыну з ганьбай выстаўляюць вон, але тым жа вечарам Клаўдыё і яго жонка Сусана аказваюцца ў яго ў няволі. Пачатак сеансу ў 21:40

Кадр з фільма «Лора»

Кінатэатр «Беларусь»

Чарговы дзень Нацыянальнага конкурса ў кінатэатры «Беларусь» пачнецца ў 17:00 з карціны «Мая Германія» Аляксандра Свішчэнава, галоўны герой якой – нашчадак этнічных немцаў, які жыве ў Беларусі. Фільм прадставіць здымачнага група.

Следам у 19:00 здымачная група прадставіць кінаальманах «Вайна. Застацца чалавекам» групы рэжысёраў у складзе Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, Дзмітрыя Федаровіча, Кацярыны Тарасавай і Ігара Васільева. Фільм распавядзе чатыры гісторыі пра вайну, дзе галоўнае пытанне нараджаецца з маралі: «Ці можна застацца чалавекам у нечалавечых абставінах? »

Пад заслону дня ў 21:30 на вялікім экране пакажуць нашумелы фільм беларускі Дар’і Жук «Крышталь» пра нашыя 90-я.

Falcon Club Буцік Кіно

Шосты фестывальны дзень у Falcon Club Буцік Кіно пачнецца ў 19:00 з камедыі Ханса Вайнгартнера «Рамантыкі 303» пазаконкурснай секцыі «Чалавечыя камедыі». Студэнтка Юле адпраўляецца праз усю Еўропу на сустрэчу з бойфрэндам Алексам, але на шляху знаёміцца з маладым чалавекам Янам і разумее, што не можа адпусціць яго проста так.

У 21:30 вас чакае самы востры ўдзельнік пазаконкурсных паказаў ігравога кіно секцыі «Колер ночы» «Лора» Паола Сарэнціна. «Лора» («яны») – гэта нуварышы-італьянцы і іх норавы, увасабленне якіх – тыран і весялун, геданіст і рамантык, скандальны палітык і міліярдэр Сільвіа Берлусконі.

Заснавальнік ММКФ «Лістапад» – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар – Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная карта «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры – «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкам, FalcomClub Буцік Кіно, авіакампанія «Белавіа», «Белтэлекам», афіцыйны квітковы аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб’ядноўваць прысвечаныя 25-аму кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.