«Тэрміновая навіна» з Томашам Боярам

4 лістапада там, дзе заўсёды паказваюць адборнае дакументальнае кіно – у кінатэатры «Мір», адбылася прэзентацыя фільма «Тэміновая навіна». Фільм пра будныя дні чэшскіх журналістаў, якія сталі яшчэ больш напружанымі праз важную заяву прэзідэнта Мілаша Земана, – прывез рэжысёр Томаш Бояр. Пасля сеанса ён адказаў на пытанні мінскіх гледачоў.

a950a9f252ec7995e5fcef96c7f920dc.jpg

Томаш Бояр другі раз удзельнічае ў Асноўным конкурсе дакументальнага кіно ММКФ «Лістапад». Першы раз ён прыехаў да нас у 2016 годзе з работай «Цыганскі футбольны клуб». Праз некалькі гадоў рэжысёр прывез у Мінск новы фільм «Тэрміновая навіна».

Як расказвае сам Томаш Бояр, ён заўсёды цікавіўся працай журналістаў. Яшчэ васьмігадовым хлопчыкам яму хацелася даведацца: як робяць навіны? Хто гэтыя людзі, якія расказваюць нам усім пра апошнія навіны?

– Мне было цікава зазірнуць за кулісы гэтага свету. Праз шмат гадоў я атрымаў такую магчымасць: каля году я хадзіў у агенцтва навін, назіраў, ужываўся ў асяроддзе. Здымкі павінны былі пачацца толькі праз год, – пераносіцца ў пачатак гісторыі чэшскі рэжысёр. – Крутым паваротам стала заява прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана, што ён аб’явіць, ці будзе балаціравацца ў прэзідэнты ў наступны раз. Прэзідэнт абмежаваў доступ журналістам да месца, дзе ён паведаміць аб сваім рашэнні. Інфармацыя была закрыта для большасці СМІ. Зразумела, кожная рэдакцыя пажадала атрымаць яе і першай расказаць навіну.

f80a2007d22d53c8e00bc3016fb93a3d.jpg

– Журналісты былі вельмі ўзрушаны, – распавядае Томаш, – яны разумелі, што іх туды не пусцяць, склалася такое напружанае становішча. Гэтыя падзеі далі ідэю для здымак. Восем камер здымалі працоўны дзень у рэдакцыях. Я вырашыў зрабіць тэставую здымку. Але калі я пабачыў зняты матэрыял, зразумеў, што мы не станем пераздымаць. Дзякуй пану прэзідэнту. Калі б не ён, то сам бы я не дадумаўся да такой ідэі.

На экране вялікія офісы рэдакцый у некалькі паверхаў. Яны пустуюць. Большасць журналістаў няма на месцах. Усе на планёрцы – абмяркоўваюць гучныя падзеі, якія павінны адбыцца. Рэдактар тэлеканала прапануе зняць прамову прэзідэнта на мабільны тэлефон скрытай камерай, каб хутчэй апублікаваць матэрыял, таму што ў афіцыйным дазваленні на здымку адмоўлена. «Якасць згубіцца», – кажа адзін з журналістаў, – мяркуючы па ўсім, той, хто будзе здымаць. Але ў выніку пагаджаецца.

Журналісты з газеты абмяркоўваюць тэксты аўтараў, прыдумляюць як мага больш загалоўкаў на любы выпадак: калі прэзідэнт пагадзіцца і калі адмовіцца балаціравацца паўторна. Рэдактар чытае чарнавікі журналістаў, адхіляецца на тое, каб зацвердзіць, якім павінна быць фота прэзідэнта пры любым развіцці падзей.

«Я жадаў адлюстраваць чалавечую прыроду тых, хто працуе ў навінах, –  тлумачыць рэжысёр свой выбар тэмы для фільма, – паказаць гэта ўсё знутры, каб гледачы самі бачылі, ці ёсць нейкая маніпуляцыя ў падачы інфармацыі».

Гледачам стала цікава, якія сцэны не ўвайшлі ў фільм? Што рэдактары і журналісты не дазволілі паказаць? Томаш Бояр падзякаваў за пытанні і распавёў, што ў яго з героямі было пагадненне: зняць і потым абмеркаваць, што будзе ў фільме, а што патрэбна выразаць.

– Калі ўсё было знята і мы разам праглядалі матэрыял, – узгадвае рэжысёр, – то я быў здзіўлены, штояны адрэагавалі станоўча. Ім падабалася глядзець на сябе збоку. Але ўсё ж такі адну сцэну папрасілі выдаліць – там, дзе галоўны рэдактар са сваімі калегамі пляткарылі пра аднаго з партнёраў. Я лічу, што пагадзіцца на здымкі – гэта было адважна з іх боку. Сёння ўсе баяцца людзей з кіно. Не жадаюць з імі супрацоўнічаць. Я рад, што яны не толькі паўдзельнічалі, а яшчэ і не пашкадавалі аб гэтым, – падагульніў рэжысёр і падзякаваў усім за прагляд.

Тэкст: Аляксандра Ткачова
Фота: Ігар Чышчэня

Заснавальнiкi ММКФ «Лістапад» – Мiнiстэрства культуры Республiкi Беларусь i Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт. Арганiзатар – Цэнтр вiзуальных i выканальнiцкiх мастацтв «АРТ Карпарэйшн».

Генеральным партнёрам кінафестывалю выступае банкаўская плацежная картка «Шчодрая» Mastercard.

Афіцыйныя партнёры «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама, Falcon Club Буцік Кіно, авіякампанія «Белавія», «Белтэлекам», афіцыйны білетны аператар «Байкард». Пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і рэкламнага агенцтва «Фортэ».

Прапануем аб'ядноўваць прысвечаныя 25-му кінафестывалю «Лістапад» матэрыялы і публікацыі ў сацыяльных сетках хэштэгам #listapad25.

Сачыце за навінамі на афіцыйным сайце www.listapad.com, а таксама ў сацыяльных сетках FacebookInstagramУКантакцеTwitter.